Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як на курорт зьезьдзіў», — Вайцюшкевіч расказаў пра сваё турнэ па Амэрыцы


Пачалося ўсё ў Нью-Ёрку

Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч другі год запар ладзіць турнэ ў Паўночнай Амэрыцы. Пра адданых беларускіх слухачоў, гатоўнасьць эмігрантаў вярнуцца ў Беларусь і выпадковую сустрэчу з прэмʼер-міністрам Канады музыка распавёў Свабодзе.

Зьміцер Вайцюшкевіч летась на Дзень Волі выступаў у Нью-Ёрку. Потым былі канцэрты ў Чыкага і Маямі. На чыкаскі выступ да яго прыехалі беларусы з Канады.

Пачалося ўсё ў Нью-Ёрку

Пачалося ўсё ў Нью-Ёрку

«Валянціна і Юрась Шаўчэнкі з Таронта перліся дзевяць гадзін на машыне, каб паслухаць беларускага артыста Вайцюшкевіча, — сказаў музыка. — Яны прапанавалі мне прыехаць у Канаду. Мне заўжды было цікава там пабываць. Паглядзець, як там жывуць беларусы».

Тур 2017 году прайшоў у Нью-Ёрку, Нью-Джэрзі, Вашынгтоне, Атаве, Таронта і Сан-Францыска. Агулам у Вайцюшкевіча было дзевяць канцэртаў. Кожны наведвала ў сярэднім 50–80 чалавек.

Беларускае Таронта

Беларускае Таронта

«Я вельмі задаволены, — сказаў Вайцюшкевіч. — Я адчуў, што беларусам гэта вельмі патрэбна».

У Нью-Ёрку і Атаве Вайцюшкевіч выступаў у беларускіх цэрквах. Таксама ў яго былі кватэрнікі і выступы ў клюбах. Усе канцэрты яму дапамагалі ладзіць мясцовыя суполкі беларусаў.

«Беларусы мной неверагодным чынам апекаваліся, — сказаў Вайцюшкевіч. — Так было паўсюль. Не было такога гораду, дзе я адчуваў сябе самотна. Я як на курорт усё роўна зьезьдзіў».

Украінцы, палякі і расейцы рэгулярна запрашаюць свае гурты ў ЗША і Канаду. А беларускія музыкі даяжджаюць туды рэдка. Вайцюшкевіч спадзяецца, што зь ягонымі штогадовымі выступамі сытуацыя зьменіцца. Бо і ў ЗША, і ў Канадзе ёсьць перад кім выступаць.

У гасьцях у Таронта

У гасьцях у Таронта

«Жыцьцё ў эміграцыі — яно няпростае. І людзям трэба нейкая важная імпрэза, каб нагадаць што яны беларусы. І чалавек, які прыехаў з так званай вялікай зямлі — зь Беларусі, — ён мае ўплыў пэўны. Каб сабраліся людзі».

Як да «чалавека зь вялікай зямлі» на выступы Вайцюшкевіча прыходзілі людзі, каб даведацца зь першых вуснаў пра жыцьцё ў Беларусі.

«Хтосьці акуратна, хтосьці — неакуратнае пытаўся. Людзей цікавіць лёс „Песьняроў“, палітычныя пытаньні. Даводзілася быць экспэртам ва ўсіх сфэрах. Хоць я ўвесь час падкрэсьліваю, што я толькі артыст».

Сьпевы на Ніягарскім вадаспадзе

Сьпевы на Ніягарскім вадаспадзе

Хоць многія ўжо стала жывуць у эміграцыі, людзей не пакідае думка пра вяртаньне. Асабліва калі зь Беларусі прыходзяць «пазытыўныя» навіны. Патэнцыял беларускай эміграцыі, лічыць Вайцюшкевіч, можна было б выкарыстаць на радзіме.

«Шмат хто пра гэта думае. Калі зьмены ў Беларусі адбудуцца, хтосьці вернецца, хтосьці будзе спрабаваць бізнэс у Беларусі весьці. Калі б былі створаныя атракцыйныя ўмовы, у якія б людзі паверылі і што не аказалася б падманам, мы маглі б хутка пачаць выходзіць з гэтага дна».

На канцэрт у Атаве прыйшла Івонка Сурвіла

На канцэрт у Атаве прыйшла Івонка Сурвіла

Вайцюшкевіч ужо тройчы быў у Нью-Ёрку. А ў Канаду прыехаў упершыню. Ён адзначае, што ў параўнаньні з астатнім сьветам гэта «спакойная і некрыклівая» краіна.

Тут ён выпадкова пабачыў прэмʼера Джастына Трудо. Да пешаходаў на пераходзе падышоў паліцыянт і папрасіў пачакаць хвіліну, пакуль праедзе прэмʼер-міністар Канады ў суправаджэньні трох машын.

«Ніхто дарогі не перагароджваў, дадатковых спэцагентаў нідзе ня бачыў, толькі адзін паліцэйскі быў. Машыны праехалі да парлямэнту, прэмʼер выйшаў з заплечнікам і пайшоў працаваць. Я пабачыў яго са сьпіны».

Пасьля канцэрту ў Атаве

Пасьля канцэрту ў Атаве

Вайцюшкевіч хацеў бы выступаць за акіянам рэгулярна.

«Я вельмі рады такім выступам. Гэта добры пачатак. Раз на год трэба езьдзіць дакладна».

Найбліжэйшы канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча ў блізкім замежжы пройдзе 4 сакавіка ў Вільні. Да 23 лютага па квітку на канцэрт можна атрымаць бясплатную візу ў літоўскай амбасадзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG