Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гігін стаў дэканам факультэта філязофіі. «Для Гігіна гэта прыступачка, каб рухацца далей у ідэалягічнай кар’еры», — Мацкевіч


Вадзім Гігін

Вадзім Гігін

Галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін прызначаны дэканам факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ.

Гэта «Нашай ніве» пацьвердзілі ў дэканаце факультэту.

38-гадовы Вадзім Гігін скончыў гістарычны факультэт БДУ, працаваў у прэс-службе Генэральнай пракуратуры, быў першым сакратаром Менскай гарадзкой арганізацыі БРСМ. Апошнія восем гадоў ён рэдагаваў часопіс «Беларуская думка», заснавальнікам якога зьяўляецца Адміністрацыя прэзыдэнта. Гігін быў у сьпісе беларускіх чыноўнікаў і журналістаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу.

Вадзім Гігін таксама вядзе праграму «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ.

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў рэдакцыі АНТ, Вадзім Гігін нягледзячы на прызначэньне дэканам застанецца вядоўцам гэтага ток-шоў.

Як ставіцца да прызначэньня Вадзіма Гігіна дэканам факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў?

«Я яго ня ведаю.

Але ў нас ва ўнівэрсытэце даволі граматных людзей на тым жа філязофскім факультэце, якія маглі б быць дэканамі.

А калі адбываюцца такія прызначэньні, то нічога добрага для ўнівэрсытэту я не чакаю. Раней дэканам быў былы прарэктар Анатоль Зелянкоў, гэта ж энцыкляпэдыст, прафэсар, сапраўдны філёзаф. Там ёсьць і іншыя асобы, больш маладыя, талковыя. А пра гэтага чалавека я нічога ня ведаю. Але сама манэра прызначэньня ва ўнівэрсытэт з боку мяне заўсёды насьцярожвае. А калі ён яшчэ вядзе нейкія праграмы на БТ, то ў мяне яшчэ большыя пытаньні зьяўляюцца».

Станіслаў Шушкевіч, які таксама раней працаваў прарэктарам БДУ, кажа, што ня ведае Вадзіма Гігіна.

«І „Думку беларускую“ ня ведаю і не хачу ведаць. Неяк гэтая „думка“ да мяне датыкалася некалькі разоў, і гэта, якое тут прыстойнае слова знайсьці, — цемрашальства. Але калі ён меў дачыненьне да гэтага, то якраз падыходзіць да лукашэнкаўскай філязофіі. Гэта прыслужніцтва тым ідалам, якія мяне не хвалююць.

Дэкан факультэту філязофіі павінен быць асобай, вядомай у грамадзтве, у краіне. А для мяне ён ніхто, я яго ня ведаю».

Палітык Юрась Губарэвіч калісьці зьвяртаўся ў пракуратуру са скаргай на заявы Гігіна, які ў тэлеэфіры выказаўся за тое, каб забараніць некаторым апазыцыянэрам выезд за мяжу. У прызначэньні Гігіна дэканам Юрась Губарэвіч ня бачыць нічога нелягічнага:

«Гігін дэманстраваў, што ён заўзята сочыць за тым, каб дзяржаўная ідэалёгія і пазыцыя кіраўніка дзяржавы дамінавала ў СМІ, ён стаяў на ахове афіцыйнай трактоўкі падзеяў у Беларусі. Гэта тычыцца і бягучага моманту, і беларускай гісторыі.

Таму прызначэньне ў ВНУ — гэта спроба ўзяць пад большы кантроль маладыя розумы, студэнтаў, якія могуць праяўляць вальнадумства.

Таму ў гэтай сытуацыі я нічога дзіўнага ня бачу. Усё адпавядае лёгіцы сёньняшняга рэжыму».

Паводле мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча, сярод некаторых выкладчыкаў і студэнтаў БДУ ёсьць пэўная запалоханасьць прызначэньнем Гігіна:

«Для Гігіна гэта, напэўна, прыступачка, каб рухацца далей у ідэалягічнай кар’еры, каб заняць больш значныя пасады, неабавязкова ў акадэмічнай ерархіі, а і ў адміністрацыі прэзыдэнта.

Бо Гігін вельмі пэрспэктыўны чалавек. З аднаго боку, добра падрыхтаваны, эрудыраваны, зьмястоўны. З другога боку, вельмі гнуткі ў ідэалягічным і маральным сэнсе. То бок калі я прапанаваў яму і Бабосаву проста зьвярнуць увагу на катаваньні напрыканцы 2010 — пачатку 2011 гадоў, то яны настолькі жорстка адмовіліся ад гэтага, што нават проста паставіць пытаньне пра недапушчальнасьць катаваньняў для іх было немагчыма. Гэта такая пазапакаленная групоўка гуманітарыяў, якія зьяўляюцца вернымі слугамі кожнага рэжыму, пры якім яны існуюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG