Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадохрышча ў Гомелі пад аховай АМАПу і вадалазаў


Вадохрышча Хрыстова ў Гомелі кожны год зьбірае сотні гараджанаў. Людзі ідуць у храмы па сьвятую ваду, акрапляюць ёй сваё жытло. Хрысьціянская рэлігія зьвязвае гэтае сьвята з хрышчэньнем Ісуса Хрыста Янам Хрысьціцелем на рацэ Ярдане, калі людзям зьявіліся ўсе асобы Сьвятой Тройцы.

Гэтую падзею славяць у сваіх малітвах сьвятары галоўнай бажніцы Гомельскай праваслаўнай эпархіі — катэдральнага сабору сьвятых Пятра й Паўла, што стаіць на высокім беразе па-над Сожам.

У чэргах па асьвечаную ваду — сотні гараджанаў. Ваду падвозяць сюды аўтацыстэрнамі. Спэцыялісты рэгіянальнай управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў змайстравалі на саборнай тэрыторыі адмысловыя вадаводы са шматлікімі кранамі. Многія гараджане з плястыкавым посудам стаяць у чарзе па сьвятую ваду з капліцы, дзе ёсьць свая сьвідравіна.

Бліжэй да адзінаццатай гадзіны на саборнай званіцы загучалі званы. Пачаўся хрэсны ход ад сабору праз Кіеўскі спуск да ракі Сож.

Пасьля малітвы на беразе Сожа эпіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан апусьціў на шырокай белай стужцы пазалочаны крыж у палонку, ачышчаную ад лёду вадалазамі-ратавальнікамі. Такім чынам асьвячалася рачная плынь.

Сьвятой вадою царкоўны герарх акрапіў і шматлікіх гараджанаў, што прыйшлі на раку.

Потым дзясяткі гараджанаў, мужчын і жанчын, акунуліся ў палонку — Ярдань. Кожнага страхавалі вадалазы.

Шасьдзесяціпяцігадовы гомельскі мантажнік, які назваўся Сяргеем, толькі што выйшаў з рачной купелі:

«Выдатна пачуваюся. Замерзнуць не баюся. Гэтае сьвята — ачышчэньне душы, цела і вера ў Госпада Бога. Стаю вось, як летам у чэрвені ці ліпені. Без усякай пахвальбы. Увесь час прысьвячаю сябе гэтаму. Цяпер я ў адпачынку. Калі б працаваў, зарганізаваў бы й сваіх хлопцаў. Пасьля вадохрышча ўсе пачуваюць сябе, нібыта нанова нарадзіліся».

Малады будаўнік Дзяніс сёньня трэці раз прымае, так бы мовіць, «хрышчэньне» ў палонцы:

«Гэта сьвятое — ачышчэньне душы й цела. Кожны павінен праз гэта прайсьці. Такая традыцыя».

У вадохрышча водныя купелі ў Гомелі зрабілі побач з трыма бажніцамі.

XS
SM
MD
LG