Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сотні гамельчукоў ішлі 19 студзеня да праваслаўных бажніц, каб адзначыць апошняе сьвята каляднага цыклю — Вадохрышча. Многія зь іх у гэты дзень акунуліся ў раку Сож. Хрысьціянская рэлігія зьвязвае Вадохрышча з хрышчэньнем Ісуса Хрыста Янам Хрысьціцелем на рацэ Ярдані, калі людзям зьявіліся ўсе асобы Сьвятой Тройцы.

У галоўным храме Гомельскай эпархіі, саборы сьвятых Пятра й Паўла — поўна людзей. У чарзе па асьвечаную ваду — сотні гамельчукоў. Ваду падвозяць сюды аўтацыстэрнамі. Змайстраваны адмысловы вадавод са шматлікімі кранамі, да якога прымацавана таблічка «Сьвятая вада». Шмат хто стаіць з плястыкавым посудам у чарзе па сьвятую ваду з капліцы, дзе ёсьць свая сьвідравіна.

Самавіты гамяльчук, які прыйшоў на сьвята з дачкою, апавядае:

«Гэта вельмі сьвятое сьвята — на рацэ Ярдані хрысьціўся Ісус Хрыстос. Таму для нас гэта вельмі вялікі дзень. Мы верым, што Бог нам хоць нечым дапаможа. Прыходзім сюды, молімся, набіраем сьвятую ваду, каб яна дапамагала нам у жыцьці і здароўі. І я зычу ўсім здароўя, дабрабыту ў гэтае сьветлае сьвята».

Ад аўтацыстэрны вада падавалася праз спэцыяльна змайстраваны вадавод

Ад аўтацыстэрны вада падавалася праз спэцыяльна змайстраваны вадавод

Жанчына з чаргі:

«Я па ваду прыйшла — трэба набраць вадзіцы. Мама ў мяне старэнькая — яна прасіла».

Чарга па сьвятую ваду ў Петрапаўлаўскім саборы

Чарга па сьвятую ваду ў Петрапаўлаўскім саборы

Пакуль адны гамельчукі стаялі ў чарзе па сьвятую ваду, іншыя выпраўляліся на бераг Сажа, каб акунуцца ў раку. Вадзяную купель прымалі адразу ў некалькіх месцах.

Купель з вадалазамі

Купель з вадалазамі

З Кіеўскага спуску гараджане адразу траплялі на прычал, дзе ўлетку звычайна швартуюцца цеплаходы, а цяпер змайстравалі драўляныя сходы проста ў ваду. На набярэжнай дзяжураць ратавальнікі. А ўнізе, па пояс у рацэ, ахвочых страхуюць вадалазы з Таварыства ратаваньня на вадзе.

На варце

На варце

Загартаваных гараджанаў набіраецца багата. Мужчына й маладыя хлопцы адзін за адным спускаюцца па лесьвіцы ў ваду, хрысьцяцца, акунаюцца — хто адзін, а хто й тры разы, і хуценька падымаюцца наверх, дзе ў палатках іх чакаюць вялікія ручнікі й цёплая вопратка.

Гамяльчанцы Яфіміі ня холадана

Гамяльчанцы Яфіміі ня холадана

Малады гамяльчук, які назваўся Іванам, толькі што з купелі:

«Проста зайшоў акунуўся, а цяпер адчуваньне такое, што арганізм нібыта гарыць. Гэта трэцяе маё хрышчэньне вадою. Раней баяўся, а цяпер нібыта нанава нарадзіўся».

Пасьля купелі на набярэжную падымаецца гамяльчук Сяргей. Кажа, што па прафэсіі ён ратавальнік:

«Для мяне Хрышчэньне — гэта аздараўленьне, зарад энэргіі станоўчы, бадзёрасьць. Гэта таксама сіла духу, загартоўка».

Дзяжурныя выратавальнікі сьцьвярджаюць, што да паўдня на правабярэжжы Сажа ў вадзе пабывалі сама меней чатыры дзясяткі гамельчукоў. Бальшыня ж ахвочых акунуцца ў плынь ракі кіраваліся празь пешаходны мост на левы бераг Сажа, на гарадзкі пляж, зьлёгку прыцярушаны цяпер начным сьнегам.

Тут на Вадохрышча нібыта адкрыўся пляжны сэзон. Рака ў гэтым месцы толькі пры беразе сям-там пабралася лёдам, а так плынь вольная.

Гледачоў таксама хапала

Гледачоў таксама хапала

Гараджане адзін за адным, а то й гуртам акунаюцца ў ваду. Сярод іх — бацька з двума сынамі й хрэсьнікам. Не адставалі ад мужчын і жанчыны — таксама прымалі купель.

З сынамі і хрэсьнікам

З сынамі і хрэсьнікам

Спадарыня Ірына кажа, што восьмы год купаецца на Вадохрышча ў Сажы. Сёлета студзень выдаўся надзвычай лагодны — тэмпэратура плюсавая:

«Добрая вадзіца й добрае адчуваньне пасьля купаньня. Слава Богу, не хварэем, дзякуючы купаньню. Але ж ня толькі на Вадохрышча гэта раблю. Трэба кожны дзень падтрымліваць сваё здароўе — аблівацца халоднай вадою. Таму й не хварэем».

Гомельскі грамадзкі актывіст Валер Рэпнін, які таксама на Вадохрышча ходзіць на Сож, лічыць, што гэтае сьвята сапраўды народнае — яно гуртуе беларусаў:

«Вадохрышча Хрыстова для беларусаў мае важнае значэньне. Гэта адно з трох сьвятаў, як Нараджэньне Хрыстова й Вялікдзень, у вялікай пашане. Людзі адзначаюць яго сем’ямі. Ідуць у храмы па сьвятую ваду, акрапляюць ёй сваё жытло. Гэта важна для нас, беларусаў, як сымбаль згуртаваньня. Мы памятаем свае карані. І хочацца, каб надалей гэтыя сьвяты шанаваліся нашымі дзецьмі і ўнукамі».

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG