Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 лютага бальшавікі ўцякалі ад немцаў — Сідарэвіч пра тое, калі нам адзначаць Дзень абаронцаў Айчыны


Беларускае войска мае нашмат важнейшыя даты, чым 23 лютага, каб сьвяткаваць Дзень абаронцы Айчыны. 23 лютага ня мае нічога супольнага зь беларускай гісторыяй, а Дзень узброеных сілаў трэба сьвяткаваць 20 сакавіка — пра гэта Свабодзе расказаў гісторык Анатоль Сідарэвіч.

23 лютага бальшавікі ўцякалі зь Менску

У савецкіх падручніках дату Дня савецкай арміі і ваенна-марскога флёту абгрунтоўвалі тым, што 23 лютага 1918 году першыя байцы новаўтворанай Чырвонай арміі ваявалі супраць немцаў у раёне Пскова і Нарвы.

Германскія жаўнеры ў Менску, на саборнай плошчы, Першая сусьветная вайна
Германскія жаўнеры ў Менску, на саборнай плошчы, Першая сусьветная вайна

Аднак насамрэч ніякіх баёў у гэты дзень у раёне Пскова і Нарвы не было. 23 лютага, як гэта зафіксавана ў нямецкіх і савецкіх архівах, немцы стаялі за 55 кілямэтраў ад Нарвы і за 170 кілямэтраў ад Пскова.

«Ніхто не называе военачальнікаў, тых герояў, якія спынілі немцаў, — кажа Анатоль Сідарэвіч. — Бо іх не было. Немцы не зьбіраліся выходзіць далей за Інфлянты — старыя нямецкія межы».

То бок 23 лютага ня мае дачыненьня ні да беларускай, ні да савецкай гісторыі. У гэтыя дні немцы, заняўшы Менск, рухаліся ў кірунку Полацку і Магілёва і займалі горад за горадам. Прычым гэта было не рэгулярнае войска кайзэра, а нацыянальная гвардыя — апалчэнцы.

Гісторык Анатоль Сідарэвіч
Гісторык Анатоль Сідарэвіч

«Бальшавікі ў гэты час панічна ўцякалі зь Беларусі, — кажа Сідарэвіч. — З 18 на 19 лютага Мясьнікоў, Ландэр і кампанія ўцякалі зь Менску: прамым маршрутам у Смаленск».

Ніякіх баёў у лютым 1918 году на тэрыторыі Беларусі не адбылося. Немцы, не сустрэўшы супраціву, дайшлі да Дняпра і Заходняй Дзьвіны — натуральных рубяжоў — і спынілі свой наступ.

Выпадковае савецкае сьвята — альбо спроба засланіць Лютаўскую рэвалюцыю

Калі ні ў Расеі, ні ў Беларусі ў гэты дзень нічога не адбывалася, чаму менавіта гэтая дата была абраная для сьвяткаваньня дня Савецкай арміі?

Сапраўдны дзень стварэньня Чырвонай арміі — 15 студзеня. У гэты дзень у 1918 годзе Савет народных камісараў Савецкай Расеі выдаў Дэкрэт аб стварэньні Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі.

Чырвоная армія ў 1922 годзе
Чырвоная армія ў 1922 годзе

Дату 15 студзеня савецкія ўлады зьбіраліся сьвяткаваць на наступны год — у 1919-м. Але прапанова аб сьвяткаваньні першай гадавіны позна трапіла ва Ўсерасейскі цэнтральны выканаўчы камітэт, і яе не пасьпелі разгледзець. Замест 15 студзеня ўлады вырашылі сумясьціць дзень Чырвонай арміі з Днём Чырвонага падарунка — 17 лютага. Па задуме бальшавікоў, у гэты дзень жыхары савецкай краіны павінны былі ўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі — ахвяраваць на Чырвоную армію.

Але 17 лютага прыпаў на панядзелак, а таму сьвята вырашылі адкласьці на бліжэйшыя выходныя — 23 лютага. Калі выпадковая дата стала традыцыяй, савецкія ўлады прыдумалі ёй гістарычнае абгрунтаваньне. Так і зьявіліся невядомыя героі Пскова і Нарвы.

Парад Чырвонай Арміі ў Маскве, 1922 год
Парад Чырвонай Арміі ў Маскве, 1922 год

Паводле іншай вэрсіі, дата 23 лютага, наадварот, не выпадковая. Анатоль Сідарэвіч зьвяртае ўвагу на тое, што 23 лютага па старым стылі пачалася Лютаўская рэвалюцыя 1917 году.

«Ёсьць такая вэрсія, што сьвята 23 лютага было прыдумана, каб засланіць памяць пра Вялікую лютаўскую рэвалюцыю, якая зрынула самадзяржаўе. А бальшавікі не адыгрывалі ў ёй ніякай вырашальнай ролі».

Сапраўдная дата ўтварэньня Ўзброеных сілаў Беларусі — 20 сакавіка

23 лютага дагэтуль лічыцца Днём абаронцы Айчыны і Ўзброеных сілаў Беларусі. І ў наступным годзе Міністэрства абароны будзе адзначаць сотую гадавіну беларускага войска.

Аднак сапраўдны дзень Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь — 20 сакавіка. У гэты дзень у 1992 годзе Вярхоўны Савет прыняў пастанову «Аб стварэньні Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь» і прыняў закон «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь». Гэта значыць, сёлета варта было б адзначаць 25-ю гадавіну стварэньня Ўзброеных сілаў Беларусі.

Менавіта ад 1991 і 1992 году вядуць адлік сваёй гісторыі Ўзброеныя сілы большасьці постсавецкіх краінаў. Напрыклад, у Армэніі гэта 28 студзеня 1992 году, у Азэрбайджане — 26 чэрвеня 1992 году, ва Ўкраіне — 6 сьнежня 1991 году. Анатоль Сідарэвіч лічыць, што і Беларусь павінна была б адзначаць Дзень Узброеных сілаў у гадавіну заснаваньня сучаснага войска — 20 сакавіка.

Ва Ўкраіне Дзень Узброеных войскаў лічаць ад заснаваньня сучаснага войска ў 1991 годзе
Ва Ўкраіне Дзень Узброеных войскаў лічаць ад заснаваньня сучаснага войска ў 1991 годзе

Гісторык кажа, што варта адрозьніваць Дзень вайсковай славы, ці Абаронцы Айчыны, ад дня Ўзброеных сілаў. У прыклад ён прыводзіць суседнюю Ўкраіну. У гісторыі ўкраінскага войска шмат слаўных датаў, якія маглі б быць днём Узброеных сілаў. Напрыклад, перамога Багдана Хмяльніцкага над палякамі пад Жоўтымі водамі 29 красавіка 1648 году або паходы казакоў на Маскву разам з войскам Рэчы Паспалітай.

«Украінцы вельмі цьвяроза паступілі, — кажа Сідарэвіч. — Нікому ня ў крыўду. Ні маскалі, ні немцы, ні палякі — ніхто не пакрыўдзіцца на такі Дзень Узброеных сілаў».

Грунвальд і Ворша — дні вайсковай славы, а ня Ўзброеных сілаў

На дадатак да афіцыйнага сьвята Ўзброеных сілаў ва Ўкраіне адзначаецца дзень Абаронцы Ўкраіны і Дзень украінскага казацтва — 14 кастрычніка, на сьвята Пакрова Багародзіцы. Маці Божая лічыцца заступніцай казакоў, а таму ў гэты дзень адзначаюць славу ваяроў за незалежнасьць Украіны ўсіх часоў.

Легендарныя бітвы варта ўшаноўваць. Але дзень Узброеных Сілаў мусіць весьціся ад часу стварэньня сучаснага рэгулярнага войска
Легендарныя бітвы варта ўшаноўваць. Але дзень Узброеных Сілаў мусіць весьціся ад часу стварэньня сучаснага рэгулярнага войска

Такія ж афіцыйныя памятныя дні павінны быць і ў Беларусі, лічыць Сідарэвіч. І дзень Грунвальдзкай бітвы — 15 ліпеня 1410 году, і бітвы пад Воршай — 8 верасьня 1514 году, і бітвы пад Клецкам — 5 жніўня 1506 году, і бітва на рацэ Уле — 26 студзеня 1564 году.

«Ёсьць у нас што адзначаць, — кажа Сідарэвіч. — Трэба сьвяткаваць гэтыя важныя падзеі. Ёсьць кніга Міхася Чарняўскага „Дзесяць бітваў“. На такой літаратуры трэба дзяцей выхоўваць».

Асобна ў гэтым шэрагу стаіць Слуцкі збройны чын, які пачаўся 27 лістапада 1920 году. Гэта таксама важная дата ў гісторыі Беларусі. Але на паўнавартасны дзень стварэньня беларускага войска яна ня цягне, лічыць Сідарэвіч.

«Рэгулярная армія тады не была створаная, — кажа гісторык. — А з 1992 году ў Беларусі зьявілася рэгулярная армія, з генэральным штабам і ўсімі атрыбутамі войска».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG