Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшанавалі памяць Вацлава Гаўла


У менскім Палацы мастацтваў адбылася вечарына, прысьвечаная памяці былога прэзыдэнта Чэхіі, драматурга, публіцыста і праваабаронцы, заснавальніка чэхаславацкай «Хартыі-77» Вацлава Гаўла. Памятную імпрэзу зладзілі рух «За свабоду», праваабарончы цэнтар «Вясна» пры падтрымцы амбасадаў Чэскай Рэспублікі і Славацкай Рэспублікі ў Беларусі.

Ушанаваць памяць Вацлава Гаўла і выказаць удзячнасьць за падтрымку і салідарнасьць зь Беларусьсю прыйшлі прадстаўнікі грамадзкасьці, палітыкі, дзеячы культуры і мастацтва.

Вечарыну распачаў лідэр руху «За свабоду» і адзін з арганізатараў Аляксандар Мілінкевіч. Ён падзякаваў прысутным і прадстаўнікам дыпляматычнага корпусу за ўдзел і нагадаў пра найважнейшую ролю Вацлава Гаўла ў дэмакратычных зьменах у Эўропе, пра ягоную салідарнасьць зь Беларусьсю. А таксама працытаваў сказаныя ім словы: «Ня будзе Беларусь незалежнай, вольнай і дэмакратычнай без Эўропы. Гэтак і Эўропа ня будзе поўнай безь Беларусі».

Амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт прыгадаў найбольш важныя старонкі біяграфіі і дзейнасьці Вацлава Гаўла, а таксама падзяліўся ўражаньнямі ад супольнай працы зь першым чэскім прэзыдэнтам.

Мілан Экерт
Мілан Экерт

Падчас вечарыны таксама адбылася прэзэнтацыя пасьмяротнай кнігі вядомага беларускага палітоляга Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога ад дыктатуры». Ягоны калега Алесь Лагвінец нагадаў, што першы наклад гэтай кнігі быў зьнішчаны на загад Міністэрства інфармацыі. А таму адзін з асобнікаў разам з гарбузом будзе дасланы чыноўнікам міністэрства.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

Прамовы выступоўцаў падчас вечарыны чаргаваліся з тэатральнымі чытаньнямі ўрыўкаў з п’есаў Вацлава Гаўла. Завяршэньнем вечарыны стала выступленьне знанага музыкі Лявона Вольскага.

Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

«Хартыя —77», якую абвясьціў Вацлаў Гавэл, выкрывала крывадушнасьць савецкай сыстэмы, якая ад імя народу ўціскала правы і свабоды эўрапейскіх народаў. Гэта быў адзін зь першых крокаў салідарнага вызваленьня ад савецка-камуністычнага панаваньня ва ўсёй Эўропе. Дысыдэнт у савецкай Чэхаславаччыне Вацлаў Гавэл быў змагаром за свабоду і правы чалавека, ня толькі ў сваёй краіне, але і ва ўсім сьвеце. Не аднойчы ён выказваў салідарную падтрымку дэмакратычнай супольнасьці Беларусі. Вацлаў Гавэл актыўна спрыяў народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву, каб той мог жыць у Чэхіі, уласнаручна ўручыў праваабарончую прэмію Homo homini праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Атрымаўшы журналісцкую прэмію «За грамадзянскія заслугі» імя Ганны Эленбоген, ён перадаў яе грашовую частку рэдактару незалежнай газэты «Наша Ніва» Андрэю Дынько. Сваімі лістамі і паштоўкамі падтрымаў беларускіх палітвязьняў у турмах.

Гавэл узяў удзел у акцыі Свабоды — зачытаў імёны палітрэпрэсаваных у эфіры Радыё Сваабода пасьля масавых арыштаў удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў 2010 годзе. Вядомыя ягоныя словы: «Беларусь без Эўропы ня будзе паўнавартаснай краінай, як і Эўропа безь Беларусі ня будзе паўнавартасным аб’яднаньнем».

Вацлаў Гавэл памёр 18 сьнежня 2011 году, маючы 75 гадоў. Ён атрымаў вядомасьць у шасьцідзясятыя гады як драматург і літаратурны крытык. Пасьля падзей Праскай вясны 1968 году далучыўся да апазыцыі, публікаваўся ў асноўным за мяжой, улады ня раз яго арыштоўвалі. У 1989 годзе Гавэл быў адным з ініцыятараў стварэньня «Грамадзянскага форуму», які стаў галоўнай апазыцыйнай сілай у Чэхіі. На сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат Фэдэральнага сходу Чэхаславацкай сацыялістычнай рэспублікі 29 сьнежня 1989 году Гавэл быў аднагалосна абраны прэзыдэнтам, а ў 1993 годзе стаў прэзыдэнтам незалежнай Чэхіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG