Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўруччы ўлады сарвалі грамадзкія слуханьні


Лес аддзяляе жыхароў Усходняга мікраёну ад вылётнай магістралі — праспэкта Незалежнасьці

Лес аддзяляе жыхароў Усходняга мікраёну ад вылётнай магістралі — праспэкта Незалежнасьці

Пад пагрозай пілы і сякеры апынуліся 300 гектараў ляснога масіву, які засланяе менскі мікрараён Уручча ад шумнай маскоўскай трасы.

Паводле інфармацыі, разьмешчанай на афіцыйным сайце адміністрацыі Першамайскага раёну Менску, з 5 па 25 студзеня павінна адбыцца грамадзкае абмеркаваньне праекту «Ўнясеньне зьменаў у горадабудаўнічы праект дэталёвага плянаваньня тэрыторый жылой забудовы паселішча Ўсходні». Гэты праект прадугледжвае высяканьне вялікіх лясных плошчаў па правым баку праспэкта Незалежнасьці.

Паведамляецца, што экспазыцыю праекту можна пабачыць у будынку сярэдняй школы № 84 па адрасе: Менск, вуліца Панамарова, 11 у холе першага паверху з 9-й да 19-й гадзіны.

Але школа — аб’ект рэжымны, дарослы чалавек можа трапіць туды толькі па пашпарце, з рэгістрацыяй у вахцёра. У ваенным гарадку каля 40 тысяч жыхароў. Бальшыня зацікаўленых у праекце — людзі працоўныя, і такі абмежаваны час для іх вельмі нязручны. У першыя дні яны прыходзілі ў школу пасьля працы ўвечары, утвараліся чэргі, каб паглядзець стэнды, каб напісаць свае заўвагі. А 19-й народ са школы выганялі. Праз пару дзён экспазыцыя з фае школы наагул зьнікла. Дырэктарка патлумачыла грамадзкаму актывісту Вячаславу Піліпуку, што яна не чакала такога наплыву народу — у раённай адміністрацыі ёй сказалі, што прыходзіць будуць толькі бацькі вучняў школы, і таму экспазыцыю са школы прыбралі.

Вячаслаў Піліпук кажа, што ў ваенным гарадку ёсьць вялікі Дом афіцэраў, які працуе да 23 гадзіны, там прасторнае фае, у якім можна было б разьмясьціць экспазыцыю, ёсьць шмат месца для працы і абмеркаваньня. Але стэнды адмыслова паставілі ў вельмі нязручным месцы, а цяпер наагул прыбралі. На яго думку, парушана палажэньне аб грамадзкіх слуханьнях, зацьверджанае Саветам Міністраў — не было абвестак ні ў прэсе, ні на пад’ездах. Да таго ж месца для разьмяшчэньня экспазыцыі наўмысна выбрана няўдала.

Паводле Вячаслава Піліпука, плян яшчэ не зацьверджаны, дакумэнтаў няма, але дэ-факта будаўніцтва ўжо пачалося. Высякаецца лес першай катэгорыі ахоўнасьці. Летам, калі людзі пісалі звароты ў пракуратуру, ім прыйшоў адказ, што паводле ўказу № 337 Аляксандра Лукашэнкі кампаніі «Трайпл» выдзелены ўчастак у 286 гектараў на тэрыторыі ваеннага гарадка з высечкай драўнінна-хмызьняковай расьліннасьці без кампэнсацыйных пасадак. Але, паводле экспэртнага заключэньня Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук, гэты лес уваходзіць у склад ахоўна-рэкрэацыйнай зоны і адносіцца да так званых «гарадзкіх лясоў» першай катэгорыі.

Уздоўж праспэкта Незалежнасьці ўжо высеклі каля 1200 векавых дрэваў пад будоўлю аўтасалёна Audi AG і каля 200 дрэваў — пад аўтазапраўку «Белнафтахіму».

Гэты лес быў высаджаны ўздоўж Маскоўскай шашы адмыслова дзеля экалягічнай абароны жылых дамоў. Цяпер нагрузка на аўтатрасу ў гэтым раёне, паводле ДАІ, — прыкладна 3000 аўтамабіляў у гадзіну. Да таго ж, калі быў заснаваны ваенны гарадок, тут былі пяціпавярховікі, а цяпер вырасьлі вышынныя гмахі.

Ініцыятыўная група рыхтуе звароты ў пракуратуру і ў Адміністрацыю прэзыдэнта, каб спыніць цяпер грамадзкае абмеркаваньне, а грунтоўна падрыхтавацца да яго і правесьці паводле заканадаўства. Да таго ж патлумачыць людзям, з чым зьвязаныя зьмены ў праект забудовы.

XS
SM
MD
LG