Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уступленьне Сырыі ў ЭАЭС будзе азначаць канчатковае спыненьне праекту, — Прэйгерман


Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

Экспэрты лічаць, што магчымасьць далучэньня да Эўразійскага эканамічнага саюзу Сырыі можна разглядаць толькі гіпатэтычна, і схільныя сьпісваць размовы пра гэта на дыпляматычную рыторыку.

Учора расейскія СМІ са спасылкай на прэм’ер-міністра Сырыі Ваіля аль-Халька паведамілі пра перамовы Дамаску з Масквой пра далучэньне арабскай рэспублікі да Эўразійскага эканамічнага саюзу і свабоднай мытнай зоны. Цікава, што гаворка ішла пра перамовы толькі паміж Сырыяй і Расеяй — іншыя ўдзельнікі ЭАЭС у паведамленьні ня згадваліся.

Дырэктар па дасьледаваньнях «Лібэральнага клюбу» Яўген Прэйгерман упэўнены, што да гэтых размоў ня трэба ставіцца сур’ёзна.

«Я думаю, што, канечне ж, асабліва ў сёньняшніх умовах, гэта ня можа быць сур’ёзным прадметам для размовы. Час ад часу ў кантэксьце Эўразійскага эканамічнага саюзу мы чуем, што ці Індыя, ці нават Турэччына хочуць уступіць, але гаварыць можна шмат пра што. Калі Сырыя знаходзіцца ў тым унутрыпалітычным стане, у якім яна знаходзіцца, калі яна зьвяртаецца, у тым ліку, да Беларусі, каб атрымаць нейкі крэдыт — ну, гэта сапраўды нішто іншае, як нейкая рытарычная дыпляматычная форма», — заявіў ён у інтэрвію Радыё Свабода.

Паводле слоў Прэйгермана, калі нават гіпатэтычна ўявіць сабе, што Сырыя сапраўды будзе далучана да Эўразійскага эканамічнага саюзу, то гэта перш за ўсё будзе ўдарам па самім праекце:

«Уступленьне Сырыі ў гэты саюз будзе азначаць канчатковае спыненьне праекту Эўразійскага эканамічнага саюзу як больш-менш сур’ёзнай інтэграцыйнай плятформы — то бок ператварэньне яе ў нейкае падабенства СНД, але зь іншымі ўдзельнікамі».

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Паводле палітоляга-міжнародніка Андрэя Фёдарава, цалкам выключаць магчымасьць далучэньня Сырыі да ЭАЭС нельга, аднак сёньня ўявіць сабе такі сцэнар на практыцы вельмі складана.

«Калі ідзе гаворка пра тое, што стварае Расея, то я б нічога не выключаў. Іншае пытаньне — наколькі гэта дадасьць значнасьці гэтаму саюзу? Я, шчыра кажучы, ня бачу, якім чынам гэта можа адбыцца і што добрага з гэтага можа атрымацца. Тут жа трэба памятаць і пра геаграфічную аддаленасьць, і асабліва пра тое становішча, у якім цяпер Сырыя знаходзіцца. Як гэта ўсё будзе? Ня ведаю», — кажа экспэрт.

Калі ўсё ж такі ўявіць сабе ўключэньне Сырыі ў ЭАЭС, то, на думку Фёдарава, сур’ёзных наступстваў для Беларусі ня трэба чакаць:

«Ну, будзе ў нас зона свабоднага гандлю з Сырыяй. Ну і што? Не такі ў нас вялікі аб’ём гандлю з Сырыяй».

У Сырыі чатыры гады ідзе грамадзянская вайна паміж урадавымі войскамі і паўстанцкімі групоўкамі, загінула ўжо больш за 200 тысяч чалавек. Мільёны сырыйцаў мусілі пакінуць свае дамы.

Грамадзянская вайна ў Сырыі пачалася з паўстаньня ў сакавіку 2011 году супраць праўленьня сям’і Асада, якое доўжыцца чатыры дзесяцігодзьдзі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG