Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усьлед за ўкраінскім лопнуў і беларускі «Дэльта Банк»


18 сакавіка Нацыянальны банк Беларусі паведаміў, што ў «Дэльта Банку» адкліканая ліцэнзія на ажыцьцяўленьне банкаўскай дзейнасьці. Гэтае рашэньне выклікана найперш немагчымасьцю разьлічыцца з укладчыкамі і іншымі крэдыторамі.

Тыдзень таму ў «Дэльта Банку» ўвялі часовую адміністрацыю, якую ўзначаліў выканаўчы дырэктар Беларускага грамадзкага аб’яднаньня спэцыялістаў па антыкрызісным кіраваньні і банкруцтве Аляксандар Пядзько.

Як тлумачыцца ў прэс-рэлізе, «рашэньне прынята па выніках разгляду інфармацыі, атрыманай ад часовай адміністрацыі па кіраваньні ЗАТ „Дэльта Банк“, у сувязі зь невыкананьнем банкам асобных ліцэнзійных патрабаваньняў, а таксама стварэньнем фінансавага становішча, якое пацягнула за сабой невыкананьне банкам сваіх абавязаньняў перад укладчыкамі і іншымі крэдыторамі».

Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі, прафэсар Станіслаў Багданкевіч такім чынам тлумачыць, чаму ў банку адклікалі ліцэнзію:

«Звычайна гэта зьвязана зь неліквіднасьцю. Ва Ўкраіне разарыўся „Дэльта Банк“ — той банк, які ўнёс капітал і стварыў беларускі „Дэльта Банк“.

У Беларусі, як і ва Ўкраіне, адбыўся абвал нацыянальнай валюты, капітал трэба папаўняць хаця б на 30–40%. А так званыя „бацькі“ банку ва Ўкраіне разарыліся, ня могуць рабіць гэтыя папаўненьні. На карэспандэнцкім рахунку банку няма сродкаў. Людзі сталі забіраць сродкі са сваіх рахункаў, закрываць іх. Таму і абвясьцілі банкруцтва».

У адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб гарантаванай кампэнсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асоб» усе грашовыя сродкі (і ў рублях, і ў замежнай валюце) фізычным асобам будуць вернутыя.

Інфармацыя пра выплату банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) будзе апублікаваная Агенцтвам па гарантаванай кампэнсацыі банкаўскіх укладаў у рэспубліканскіх СМІ.

«Дэльта Банк» актыўна працаваў на беларускім рынку з 2007 году. З 2001 па 2007 гады гэта быў невялікі банк, ЗАТ «Атам-Банк», створаны ў Свабоднай эканамічнай зоне «Менск». У 2007 годзе кантрольны пакет банку быў набыты ўладальнікам украінскага «Дэльта Банку» Мікалаем Лагуном.

Філіяльная сетка «Дэльта Банку» была прадстаўлена 36 рэгіянальнымі офісамі ў розных гарадах Беларусі.

Асноўны акцыянэр ЗАТ «Дэльта Банк» — грамадзянін Украіны Мікалай Іванавіч Лагун. Як фiзычная асоба ён валодаў 24,49% акцыяў. 75,51% акцыяў належала прыватнаму ЗТАА «Дэльта БЕЛАРУСЬ Холдынг Б.В.» (Нідэрлянды), канчатковым уладальнікам якога таксама быў Мікалай Лагун. Яму ж належаў аднайменны ўкраінскі «Дэльта Банк» (які працаваў ва Ўкраіне з 2006 году, але нядаўна Нацыянальны банк Украіны прызнаў яго неплатаздольным і ўвёў там часовую адміністрацыю тэрмінам на 3 месяцы — да 2 чэрвеня 2015 году).

XS
SM
MD
LG