Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе беларускія сілавыя структуры цяпер на галодным пайку», — Андрэй Паротнікаў


Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Аляксандар Лукашэнка сёньня на сустрэчы з камандным складам Узброеных сіл зрабіў шэраг заяваў наконт абароназдольнасьці беларускай дзяржавы і стану беларускага войска. Што азначаюць чарговыя словы Лукашэнкі пра намер бараніць сваю зямлю? Як выглядае на сёньня матэрыяльнае забесьпячэньне беларускага войска? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

— Аляксандар Лукашэнка чарговым разам заяўляе, што «калі давядзецца бараніць сваю зямлю, я буду ў першых шэрагах». Чым выкліканыя гэтыя словы, чаму кіраўнік Беларусі ня першы раз паўтарае гэты тэзіс?

— Я думаю, гэта папросту маркер ягонага псыхалягічнага стану. Па-першае, гэта сьведчыць, што сытуацыя вакол расейска-ўкраінскай вайны яго турбуе непасрэдна, ён вельмі ўважліва адсочвае разьвіцьцё падзеяў. Па-другое, нягледзячы на тое, што вандроўка ў Сочы да Пуціна была збольшага пасьпяховай — ніякага даверу да Крамля ў беларускага кіраўніцтва няма. Таму гэта, хутчэй, праява нейкага псыхалягічнага стану Лукашэнкі, чым рэальны парадак дня для краіны.

— Лукашэнка таксама заявіў, што хоць і не абяцае залатых гор, але «калі будзе хоць найменшая магчымасьць падтрымаць войска дадаткова, мы гэта зробім». А якая рэальная сытуацыя з забесьпячэньнем беларускага войска, у якім стане яно цяпер?

— Войска цяпер у тым самым стане, у якім яно ўсе 20 гадоў кіраваньня Лукашэнкі — у стане хранічнага недафінансаваньня. Пачатак году яшчэ ўскладніўся з улікам дэвальвацыі, будзе перагледжаны дзяржбюджэт. Таму пакуль капітальныя выдаткі замарожаныя, усе сілавыя структуры знаходзяцца ў рэжыме жорсткай эканоміі. Абяцалі, што да канца месяца будуць агучаныя новыя паказьнікі дзяржбюджэту. Але пакуль усе на галодным пайку — гэта тычыцца ня толькі войска, але і ўсіх сілавых структураў.

— Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што «Беларусь гатовая да канструктыўнага дыялёгу з НАТО». З аднаго боку, гэта агульныя словы, зь іншага — у пэўныя часы Лукашэнка казаў адваротнае, што монстар НАТО падбіраецца да беларускіх межаў. Як варта ацэньваць цяперашнюю рыторыку кіраўніка Беларусі?

— Хацеў бы заўважыць — што б там раней Лукашэнка ні гаварыў пра НАТО, практычныя адносіны паміж двума бакамі былі працоўнымі, разьвіваліся, і палітычная рыторыка на іх асабліва не ўплывала. У дадзеным выпадку гэта спроба пашырыць поле для палітычнага манэўру, але існуе вельмі вялікі сумнеў, што НАТО ўвогуле неяк цікавіць Беларусь. Мы — пэрыфэрыйная краіна на задворках міжнароднай геапалітыкі, і зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з намі ў чаргу не шыхтуюцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG