Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Гомелем ушанавалі памяць беларускага рыцара ўкраінскага Майдану


22 студзеня ў Гомелі адзначалі гадавіну з дня трагічнай сьмерці беларуса Міхаіла Жызьнеўскага. Яго забілі стрэлам у сэрца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас супрацьстаяньня прыхільнікаў Эўрамайдану зь сілавікамі, ляяльнымі былому прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу. Беларус стаў другой па ліку ахвярай рэжыму зь «Нябеснай сотні» змагароў, якія палеглі на барыкадах за свабоду і незалежнасьць Украіны.

Ад ранку ў гомельскай кватэры Ніны і Міхаіла Жызьнеўскіх, бацькоў беларускага рыцара ўкраінскага Эўрамайдану, дзьверы не зачыняліся. Са спачувальнымі словамі і жывымі кветкамі сюды ішлі сваякі й знаёмыя Жызьнеўскіх, гомельскія грамадзкія актывісты.

Прыехаў падтрымаць сям’ю героя і выказаць падзяку за сына й дарадца ўкраінскай амбасады ў Менску Валер Джыгун, а з Кіева — знаёмыя Міхаіла Жызьнеўскага па Эўрамайдану. У іх ліку й Тамара Шаўчук, мастачка, сястра міласэрнасьці на барыкадах, якую ў ноч перад гібельлю Міша выцягнуў з-пад агню сьвятлошумавых гранат:

Тамара Шаўчук

Тамара Шаўчук

«Ён быў надзвычай адказным чалавекам, і гэта было адразу па ім бачна. Калі была чарга ягонага дзяжурства, ён ніколі не спазьняўся. Я бегала там з мэдычнай сумкай, перавязвала альбо даводзіла параненых людзей да цэнтральнай лякарні.І калі была трэцяя гадзіна ночы, беркутаўцы сталі кідаць гранаты са шрубамі, якія разрываліся. Было дужа багата параненых — з глыбокімі парэзанымі ранамі. І калі адна з гранатаў разарвалася каля мяне, ён мяне выцягнуў, бо мяне поўнасьцю аглушыла».

Апоўдні ўсе, хто прыехаў ушанаваць памяць героя Майдану, на аўтобусе і машынах выправілася на могілкі ў вёску Сьцяг Працы, дзе пахаваны Міхаіл Жызьнеўскі. Сьцяг Працы — да перайменаваньня вёска называлася Абрэзы — гэта радзіма маці Міхаіла. Дзяцінства Мішы, па сутнасьці, тут і праходзіла.

Магіла Жызьнеўскага ўся ў вянках, зьлёгку прыцярушаных сьнегам. Крыж і часовы абэліск абвітыя нацыянальным украінскім сьцягам.​

Тут ужо стаіць жалобны кошык з блакітна-жоўтымі кветкамі й надпісам на стужцы такіх жа колераў: «Герою Нябеснай Сотні Міхаілу Жызьнеўскаму» — гэта ад украінскай амбасады ў Менску.

Грамада ўскладае жывыя кветкі на магілу беларускага рыцара ўкраінскага Майдану, бацькі Міхаіла запальваюць сьвечкі.

Хвіліна жалобы

Хвіліна жалобы

Ніна Жызьнеўская празь сьлёзы апавядае, што многія блакітна-жоўтыя сьцяжкі пазрываныя, а стужка з надпісам «Герою Нябеснай Сотні ад Харкава» — разрэзаная. Бацькі знайшлі яе кінутай за дзясяткі мэтраў ад магілы, падабралі й прымацавалі назад да жалобнага кошыка з Харкава. Гэтак было і са сьцягам:

«Такая боль бярэ й крыўда, калі прыяжджаеш сюды, на могілкі, і бачыш, што за брыдоту тут робяць. Разумееце, проста няма слоў. І хто гэта робіць? Гэта толькі нашы мясцовыя. Вось гэты вялікі ўкраінскі сьцяг мы знайшлі бог ведае дзе. Я папрасіла Алёшу: прымацуй так, каб не сарвалі. Лёша яго так закруціў, што застаецца толькі парваць на кускі. І гэтак пастаянна. Вось гэтых маленькіх сьцяжкоў было дванаццаць штук — ацалелі толькі два. Міша нікому зь беларусаў нічога кепскага не зрабіў, нікога не пакрыўдзіў, ня стукнуў. Чаму так ставяцца да магілы? Правільна, Міша цяпер ня можа за сябе заступіцца, сябе абараніць. Дык што — можна такое рабіць?»

Разрэзаная стужка

Разрэзаная стужка

Ніна Васільеўна кажа, што будзе прасіць дапамогі ва ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, які падчас уручэньня ім Мішавага ордэна Героя Нябеснай Сотні ў Кіеве прапаноўваў зьвяртацца пры любой патрэбе:

«Сёньня былі з украінскай амбасады — я ім пра гэта ўсё распавяла. Яны адказалі, што будуць зьвязвацца з Аляксандрам Лукашэнкам, зь мясцовай уладай. І я буду зараз дамагацца выхаду на Пятра Парашэнку, каб Украіна дапамагла мне абараніць магілу сына. Па-іншаму не атрымаецца. Бо ўсё тут разваляць, разбураць. Тым больш што нашы беларусы зьбіраюць сродкі на помнік Мішу».

Ніна Жызьнеўская каля магілы сына

Ніна Жызьнеўская каля магілы сына

Бацька Міхаіла Жызьнеўскага — Міхаіл Пятровіч — згадвае, што ва Ўкраіне да памяці сына ставяцца з глыбокай пашанай. У лістападзе на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве ўсталявалі нават помнік. У Гомелі ж улады ніяк ня выявілі свайго стаўленьня да гібелі сына. Праўда, па словах Жызьнеўскага-бацькі, многія маладыя беларусы зь ліку грамадзкіх актывістаў надзвычай паважліва ставяцца да памяці сына:

«У Беларусі ёсьць шмат людзей, асабліва сярод моладзі, якія вельмі шануюць Мішу, прыяжджаюць да яго на магілу з розных гарадоў, прывозяць кветкі. І нам, бацькам, дзякуюць за такога сына».

Бацькі Міхаіла

Бацькі Міхаіла

Гомельская настаўніца й сьпявачка Вальжына Цярэшчанка гэтак тлумачыць сваю прысутнасьць на гадавіне памяці Міхаіла:

«Ганаруся, што ён мой зямляк. Ён, канечне, мог бы жыць ды жыць. Ён зьдзейсьніў подзьвіг. Ён быў супраць бязладзьдзя, калі чалавек быў прыціснуты да сьцяны і ня ведаў, як абараніцца, куды зьвярнуцца. Таму й паўстала Ўкраіна, утварыўся Майдан. І Міша быў там. І загінуў. Хтосьці абараняе правы, а хтосьці — забівае іншых. Міша варты вечнай памяці, варты быць прыкладам для сучаснай моладзі. Вечная памяць майму земляку, слаўнаму хлопцу і сыну — Мішу Жызьнеўскаму».

Вальжына Цярэшчанка

Вальжына Цярэшчанка

Вальжына сьпявае любімую песьню Міхаіла: «Пливе кача по Тисині».

Да песьні дадаецца салют у памяць беларускага героя ўкраінскага Майдану.

У апошні момант на вясковыя могілкі прыехалі журналісты ўкраінскага тэлеканалу «1+1» — здымачную групу на дзьве з паловай гадзіны затрымалі на беларускай мяжы.

Журналістка Валя Дабрата апавяла:

«Як мне патлумачылі прадстаўнікі беларускай памежнай службы, мяне не пускалі таму, што я ўнесена ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. У Расеі і Беларусі адзіная памежная база, таму мяне й не пускалі. Я стала даводзіць: як жа тады мяне акрэдытавалі ў МЗС Беларусі? Высьвятленьне зацягнулася на дзьве з паловай гадзіны. А пасьля прычапіліся да тэхнікі. Але гэта ўжо, лічу, былі такія працоўныя моманты, звычайныя зачэпкі. Галоўная ж прычына, што я — пэрсона нон-грата ў Расеі».

Інтэрвію ўкраінскіх журналістаў з бацькам Жызьнеўскага

Інтэрвію ўкраінскіх журналістаў з бацькам Жызьнеўскага

Украінскія журналісты таксама ўсклалі жывыя кветкі на магілу беларускага абаронцы Майдану.

Грамада скандавала: «Слава Ўкраіне!», «Жыве Беларусь!».

Завяршылася ўшанаваньне памяці Міхаіла Жызьнеўскага памінальнай вячэрай у кавярні ў Гомелі.

XS
SM
MD
LG