Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амэрыканскія экспэрты: Расея ваюе з Украінай, Пуцін — хлусіць


Аналітычны цэнтар па міжнародных справах, які знаходзіцца ў Вашынгтоне, выпусьціў крытычны даклад аб «наўпроставай ваеннай інтэрвэнцыі» Расеі ва ўсходнюю Ўкраіну. У дакладзе гаворыцца, што прэзыдэнт Уладзімір Пуцін прывёў сваю краіну ў вайну і хлусіў пра гэта.

Даклад Атлянтычнай Рады (Atlantic Council) утрымлівае таксама абвінавачваньні, што Пуцін выкарыстоўвае спыненьне вагню пасьля Менскіх дамоўленасьцяў, каб «падрыхтавацца да наступнай стадыі баявых дзеяньняў».

У той жа час, кажуць аналітыкі Атлянтычнай Рады, «Крэмль гэтак выстройвае сытуацыю, каб прадставіць сілы, якія будуць удзельнічаць у магчымых баявых дзеяньнях, як "законныя сілы", а не вайсковую групоўку, створаную Масквой».

Дасьледнікі праводзяць паглыблены аналіз лічбавай інфармацыі — у тым ліку спадарожнікавых здымкаў, відэа, разьмешчаных у Сеціве жыхарамі па абодва бакі расейска-ўкраінскай мяжы, і фотатаздымкі, зьмешчаныя ў сацыяльных мэдыях з Усходняй Украіны самімі расейскімі салдатамі.

«Крэмль гэтак выстройвае сытуацыю, каб прадставіць сілы, якія будуць удзельнічаць у магчымых баявых дзеяньнях, як "законныя сілы", а не вайсковую групоўку, створаную Масквой».

Аўтары робяць выснову, што «неабвержныя доказы» сьведчаць: канфлікт ва Ўсходняй Украіне падмацоўваецца расейскай вайсковай тэхнікай, расейскімі вайсковымі фармаваньнямі і падтрымкай прэзыдэнта Пуціна.

Крэмль працягвае сьцьвярджаць, што якія б тое ні было грамадзяне Расеі, якія змагаюцца ва Усходняй Украіне, знаходзяцца там выключна па ўласным жаданьні, і што цяжкае ўзбраеньне, якое выкарыстоўваецца прарасейскімі сэпаратыстамі, было захоплена імі ва ўкраінскіх вайскоўцаў.

Аднак аналіз экспэртаў Атлянтычнай Рады паказвае, што ў руках сэпаратыстаў зьявіліся некалькі тыпаў зброі і боезапасаў расейскай вытворчасьці, якія ніколі не былі выкарыстаныя ўрадавымі сіламі.

У дакладзе таксама зьвяртаецца ўвага на наяўнасьць ва ўсходняй Украіне расейскіх браняваных аўтамабіляў выведкі з сыстэмамі перадавых камунікацый.

Адным зь іх ёсьць мадэрнізаваны варыянт асноўнага баявога танка Расеі, які нават не выкарыстоўваўся ў самой Расеі да 2013 года, Т-72B3. Ён адрозьніваецца мадэрнізаванай адраснасьцю і сыстэмай кіраваньня агнём, а таксама іншымі ўдасканаленьнямі мадэляў танка Т-72.

Іншыя ўнікальныя расейскія ўзбраеньні таксама бачылі ва ўсходняй Украіне. Гэта зэнітная машына, вядомая як SA-22, ракетныя пускавыя ўстаноўкі «Град» на шасі грузавіка Камаз. Расейскія вайскоўцы пачалі выкарыстоўваць гэтыя транспартныя сродкі ў 2012 годзе.

У дакладзе таксама зьвяртаецца ўвага на наяўнасьць ва ўсходняй Украіне расейскіх браняваных аўтамабіляў выведкі з сыстэмамі перадавых камунікацый.

Спадарожнікавыя здымкі пацьвярджаюць рух расейскіх войскаў і ўзьвядзеньне лягераў уздоўж мяжы Ўкраіны. Крэмль назваў гэтыя разгортваньні элемэнтам тактычных і стратэгічных вучэньняў.

Але Атлянтычная Рада лічыць, што гэтыя лягеры былі выкарыстаныя ў якасьці перакідных пунктаў для расейскай ваеннай тэхнікі і войскаў, каб увайсьці ва ўсходнюю Ўкраіну.

У дакладзе гаворыцца, што расейскае камандаваньне загадала расейскім вайскоўцам, якія адпраўляліся ва Ўкраіну, выдаліць якія-небудзь знакі ці іншую сімболіку, якая можа сьведчыць пра расейскае ваеннае ўварваньне. Паводле экспэртаў, Расея разьмясьціла 12 000 рэгулярных войскаў на тэрыторыі Ўсходняй Украіны ў сакавіку 2015 года, — зь 50 000, якія засяроджаныя на расейскім баку мяжы.

«каб пацьвердзіць нашу агульную выснову: Пуцін прывёў свой народ у вайну супраць мірнага суседа і хлусіў пра гэта».

Атлянтычная Рада адзначыла, што расейскі апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў, які быў застрэлены недалёка ад Крамля 27 лютага, быў забіты падчас збору доказаў гібелі расейскіх салдат ва Ўкраіне.

Рада заявіла, што даведалася пра расьследаваньне Нямцова толькі пасьля яго забойства, і што яе ўласнае дасьледаваньне адрозьніваецца ад вынікаў, да якіх прыйшлі паплечнікі Нямцова, якія працягнулі ягоную справу і падрыхтавалі даклад пра тое, што больш за 220 расейскіх салдат былі забітыя на ўсходзе Ўкраіны.

Аднак Атлянтычная рада вырашыла прымеркаваць выпуск свайго дасьледаваньня да прэзэнтацыі дакладу Нямцова, «каб пацьвердзіць нашу агульную выснову: Пуцін прывёў свой народ у вайну супраць мірнага суседа і хлусіў пра гэта».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG