Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 25 гадоў таму пачалася сустрэча ў Віскулях


Беларуская ўрадавая рэзыдэнцыя ў Віскулях
Беларуская ўрадавая рэзыдэнцыя ў Віскулях

Падзеі 7 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

Дата дня

7 сьнежня 1991 году ў Віскулях пачалася сустрэча Барыса Ельцына, Леаніда Краўчука і Станіслава Шушкевіча. На наступны дзень яны падпісалі заяву, у якой канстатавалі, што СССР «спыняе сваё існаваньне», і абвясьцілі пра ўтварэньне СНД.

Таксама ў гэты дзень

1550 — Барбара Радзівіл каранаваная ў Кракаве як польская каралева.

1921 — з ініцыятывы Браніслава Тарашкевіча ў Радашкавічах утворана Таварыства беларускай школы.

1941 — Японія атакуе амэрыканскую вайскова-марскую базу Пэрл-Харбар, ЗША ўступаюць у Другую сусьветную вайну.

1988 — у землятрусе ў Сьпітаку (Армэнія) загінула больш за 25 тысяч чалавек.

1988 — Ясір Арафат прызнае права Ізраіля на існаваньне.

У гэты дзень нарадзіліся

1878 — Аляксандар Астрамовіч, беларускі каталіцкі сьвятар, паэт.

1907 — Мікалай Дворнікаў, адзін з кіраўнікоў камуністычнага падпольля ў Заходняй Беларусі.

1912 — Мікалай Раманоўскі, дэкан геаграфічнага факультэту БДУ, навуковец у галіне эканамічнай геаграфіі.

1928 — Радзім Гарэцкі, беларускі вучоны-геоляг, грамадзкі дзяяч.

Радзім Гарэцкі, архіўнае фота
Радзім Гарэцкі, архіўнае фота

1941 — Васіль Ліцьвінка, зьбіральнік і папулярызатар беларускага традыцыйнага фальклёру.

1955 — Віктар Вараб'ёў, беларускі вясьляр, заслужаны майстар спорту.

1977 — Дамінік Говард, ударнік брытанскага рок-гурту Muse.

У памяці

1735 — памёр Аляксандар Мікалай Гараін, рымска-каталіцкі дзяяч ВКЛ, біскуп у розныя гады віленскі, смаленскі, жамойцкі.

1943 — загінуў Вацлаў Іваноўскі, беларускі грамадзкі і палітычны дзяяч.

http://gdb.rferl.org/458CF6FF-326B-4403-A15B-135C92A6061F.jpg

1972 — памёр Васіль Тарасенка, беларускі археоляг, кандыдат гістарычных навук.

1988 — памёр Леанід Пракопчык, беларускі краязнавец, пісьменьнік.

Што будзе?

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч адкрые ў Менску свой інтэлектуальны клюб. Першая сустрэча адбудзецца ў Галерэі TUT.BY. У якасьці госьця зь лекцыяй «Зло» выступіць расейская паэтка, празаік, перакладчык, філёляг і этнограф Вольга Седакова.

Плянуецца, што сустрэчы ў інтэлектуальным клюбе будуць ладзіцца штомесяц. Сярод гасьцей, якіх Сьвятлана Алексіевіч абяцала запрасіць на бліжэйшыя паседжаньні, — рэжысэр Аляксандар Сакураў, палітык і грамадзкі дзеяч Расеі Ірына Хакамада, вучоны-псыхалінгвіст Тацяна Чарнігаўская.

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Вольга Седакова
Вольга Седакова

Менск, пр. Дзяржынскага, 57, Арт-галерэя.

«Белпошта» правядзе 7 сьнежня дзень посткросэра. Посткросінг — гэта папулярны міжнародны праект па абмене паштоўкамі. Згодна з афіцыйным сайтам посткросінгу, Беларусь займае 6-ю пазыцыю па колькасьці адпраўленых паштовак.

Паштоўкі, якія дасылаюць беларусы праз сэрвіс postcrossing.com
Паштоўкі, якія дасылаюць беларусы праз сэрвіс postcrossing.com

Пры аднаразовай адпраўцы 10 і больш міжнародных паштовак кліенты змогуць аплаціць перасылку са зьніжкай 10%. Прамацыйнае мерапрыемства пройдзе ва ўсіх паштовых аддзяленьнях краіны.

Этнічна-касьмічны канцэрт

Музыкі менскіх калектываў «Аркестар Фішэра», «Дрындрожык» і «Shaman Jungle» абʼядналіся, каб стварыць свой асаблівы сусьвет з атмасфэрай фантазіі і яскравымі вобразамі. На вечарыне будзе прэзэнтаваны прэмʼерны відэакліп на песьню Ўладзіміра Дрындрожыка.

​Менск, Кніжная Шафа (пр. Дзяржынскага, 9, уваход са двара).
Пачатак а 19-й гадзіне.
Уваход па сыстэме free donation (памер платы слухач вызначае сам).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG