Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Жыгамонт правёў урок па-беларуску ў Горадні


У Горадні ўрок для школьнікаў у межах праекту «Чытаем па-беларуску з Velcom» прысьвяцілі 125-годзьдзю з дня нараджэньня Максіма Багдановіча. Арганізатары гавораць пра вялікую зацікаўленасьць вучняў беларускай мовай і літаратурай.

На ўрок з Velcom
На ўрок з Velcom

Урок «Чытаем па-беларуску з Velcom», які прайшоў у гарадзенскім Новым замку, вёў актор і тэлевядоўца Юры Жыгамонт. Дзеці актыўна называлі імёны беларускіх пісьменьнікаў — Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка ды іншых.

Калі Жыгамонт пачаў чытаць «Пагоню» Багдановіча, то адна з настаўніц заахвоціла сваіх вучняў чытаць верш разам.

Прысутная на ўроку паэтка Раіса Баравікова расказала біяграфію Багдановіча, прыгадала свае ранейшыя падарожжы ў Горадню.

Дзіцячая пісьменьніцца Алена Масла прачытала ўрыўкі зь беларускіх казак.

У размове з карэспандэнтам Свабоды чацьвертаклясьнік Алесь сказаў, што яму вельмі цікавая беларуская мова і літаратура, але заняткаў па-беларуску зусім мала.

«У нас у хаце размаўляюць на беларускай мове толькі бабуля і дзядуля, а вось тата з мамай не гавораць. Мне вельмі падабаецца наша мова, але я пакуль ня ўмею добра гаварыць, можа, яшчэ навучуся ў школе».

Адна з настаўніц распавяла, што бальшыня дзетак любяць родную мову:

«Адзінае, што ў школе беларускай мове і літаратуры адводзіцца вельмі мала гадзін. Магчыма, на наступны год нешта зьменіцца ў гэтым кірунку, бо ў дзяцей вельмі малы слоўнікавы запас, часта сутыкаесься з тым, што дзеці не разумеюць па-беларуску. Сытуацыю трэба выпраўляць, і пра гэта апошнім часам кажуць бацькі на сходах».

Юры Жыгамонт
Юры Жыгамонт

Юры Жыгамонт у межах праекта «Чытаем па-беларуску з Velcom» наведаў шэраг беларускіх гарадоў і вёсак.

«Дзеці з такім задавальненьнем называюць беларускія словы, гавораць па-беларуску. У іх ёсьць вялікая патрэба ў мове».

Алена Масла
Алена Масла

Пісьменьніца Алена Масла таксама брала ўдзел у праекце ў некалькіх гарадах. Яна кажа пра зацікаўленасьць дзяцей да беларускай мовы.

«Мы сёньня былі ў адной з гарадзенскіх школаў, дзе да нас вельмі прасіліся першаклясьнікі. Настаўнікі баяліся іх пускаць, маўляў, нічога не зразумеюць. Але каб вы бачылі, як у нас усё было цікава — мы зь імі, як жабы, крумкалі, як каровы рыкалі, а яшчэ я іх навучыла дыназаўравай мове. Кожнаму чалавеку будзе ня сумна, калі яму ўсё цікава падносіцца».

Катажына Ваўкоўская
Катажына Ваўкоўская

Прадстаўніца кампаніі Velcom Катажына Ваўкоўская сказала Свабодзе, што праект «Чытаем па-беларуску з Velcom» ахапіў ужо больш за 11 тысяч школьнікаў па ўсёй Беларусі.

«Наша ініцыятыва папулярная, настаўнікі запрашаюць наведаць іх школы. На такое запрашэньне мы былі сёньня ў Квасоўскай сярэдняй школе Гарадзенскага раёну. Там панавала прыемная атмасфэра, дзеткі там добра ведаюць беларускую мову. І наагул, дзеці па ўсёй Беларусі хочуць ведаць родную мову і рады, калі да іх прыяжджаюць пісьменьнікі.

Паводле Катажыны Ваўкоўскай, хутка ў Горадні пры падтрымцы Velсom адбудзецца яшчэ адна сацыяльная ініцыятыва — прэмʼера спэктаклю «Флейта-чарадзейка» сямейнага інклюзіўнага тэатру «І».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG