Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Міністраў увёў мараторыюм на павышэньне цэнаў на спажывецкія тавары, а таксама на любое павышэньне тарыфаў на паслугі натуральных манаполій і суб’ектаў гаспадараньня, якія займаюць даміноўнае становішча на таварным рынку.

Як паведамяе прэс-служба ўраду, гэтыя захады замацаваныя ў пастанове Савету міністраў № 2017 ад 19 сьнежня 2014 года. Рашэньне прынята «ў мэтах недапушчэньня росту розьнічных цэнаў і забесьпячэньня ўнутранага спажывецкага рынку шырокім асартымэнтам тавараў».

Кіраўнікам дзяржаўных органаў і арганізацый, якія ажыцьцяўляюць дзяржаўнае рэгуляваньне сфэры вытворчасьці спажывецкіх тавараў, а таксама холдынгаў «Атлант» і «Гарызонт» даручана забясьпечыць рост паставак прадукцыі бяз росту адпускных цэнаў. «Лічыць невыкананьне названага даручэньня несумяшчальным са знаходжаннанем кіраўнікоў гэтых органаў і арганізацый на займаных пасадах», — гаворыцца ў дакумэнце.

Міністэрству гандлю, Белкаапсаюзу, аблвыканкамам і Менгарвыканкаму даручана не дапускаць росту розьнічных цэн на спажывецкія тавары і забясьпечыць наяўнасьць шырокага асартымэнту ў гандлёвых аб’ектах, уключна з інтэрнэт-гандлем.

Дзяржаўнаму мытнаму камітэту, Міністэрству ўнутраных спраў пад пэрсанальную адказнасьць іх кіраўнікоў даручана забясьпечыць правядзеньне кантрольных мерапрыемстваў па спыненьні нелегальных паставак тавараў з-за межаў Беларусі.

У мэтах кантролю за выкананьнем прынятых урадам Беларусі рашэньняў Мінгандлем сумесна з аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам будуць праводзіцца паўсюдныя праверкі розьнічных гандлёвых сетак, інтэрнэт-крамаў.

«Пры парушэньні патрабаваньняў ўраду будуць ўжывацца меры пакараньня аж да закрыцьця гандлёвых аб’ектаў», — адзначаецца ў пастанове.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG