Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікальныя беларускія выданьні — у цокальным паверсе кніжнага кірмаша


У сталіцы адкрылася XXII Менская міжнародная выстава-кірмаш. У ёй бяруць удзел 28 краінаў. Самую вялікую плошчу — у 330 квадратных мэтраў — займае нацыянальная экспазыцыя Беларусі. Цэнтральны экспанэнт на выставе — Расея, стэнды Расейскага кніжнага саюзу займаюць 126 квадратных мэтраў. Ганаровы госьць кірмашу — Кітайская Народная Рэспубліка. Прадстаўленыя на выставе і некаторыя недзяржаўныя беларускія выдавецтвы, але іхнія стэнды больш сьціплыя, па 4 квадраты, і месьцяцца яны не ў цэнтральным выставачным павільёне, а на цокальным паверсе, побач з гардэробам.

Першым, каго я пабачыла на кніжнай выставе, быў прафэсар Адам Мальдзіс. Побач з гардэробам разьмясьціўся стэнд выдавецтва «Энцыклапедыкс». Выдавецтва прадставіла кнігі «Загадка менскіх валуноў», «Сьпіс землеўладальнікаў Менскага павета», «Гербоўнік беларускай шляхты» ды іншыя. Але больш за ўсё ганарыцца прафэсар Мальдзіс энцыкляпэдычным даведнікам «Сузор’е беларускага памежжа: Беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах». У даведніку ўпершыню сабраныя звыш 1650 біяграфічных артыкулаў пра нашых суайчыньнікаў у краінах блізкага памежжа. Над даведнікам спадар Мальдзіс працаваў 11 гадоў:

Адам Мальдзіс

Адам Мальдзіс

«„Сузор’е беларускага памежжа“ — самая каштоўная кніга, на якой я магу нават аўтограф паставіць. Наклад, на жаль, невялікі. Тут уся донарская кроў Беларусі ў суседніх краінах. Паглядзіце, колькі мы падаравалі сьвету вучоных, артыстаў, мастакоў, пісьменьнікаў, цяперашніх нафтавых і газавых „каралёў“, банкіраў. Гэтая кніжка была прэзэнтаваная выдавецтвам „Энцыклапедыкс“ і мной самому прэзыдэнту. І ён з радасьцю і ўдзячнасьцю сказаў, што гэта патрэбна».

Побач, таксама ў цокальным паверсе, месьціцца стэнд выдавецтва «Тэхналёгія», дзе таксама шмат навінак.

Стэнд выдавецтва «Тэналёгія»

Стэнд выдавецтва «Тэналёгія»

Тут жа, у цокалі, разьмясьціўся і выдавец Зьміцер Колас, які прадставіў багата новых перакладаў на беларускую мову замежных пісьменьнікаў:

Зьміцер Колас

Зьміцер Колас

«Апошнія выданьні — Жан Эшноз, ляўрэат Ганкураўскай прэміі, раман „1914“ — пра Першую ўсясьветную вайну. Яшчэ — Густаў Майрынк, „Ноч Вальпургіі. Белы дамініканец“. Пераклад Васіля Сёмухі. Майрынк — аўстрыйскі пісьменьнік, пісаў хутчэй не фантастычную, а містычную літаратуру філязофскага напаўненьня. „Сафіін свет“ Юстэйна Гордэна — гэта сучасны бэстсэлер для падлеткаў. Кніга перакладзеная ўжо на 6 дзясяткаў моваў. Напісана кніга нарвэскім аўтарам. Выдаецца цяпер і перавыдаецца. Кніга яшчэ ня выйшла, а мне замаўляюць ліст — адкуль вы думаеце? З Таіці! Відаць, даведаліся, што мы купілі аўтарскія правы. Гэта неверагодна цікавы прыгодніцкі раман, у якім распавядаецца ўся гісторыя філязофіі чалавецтва».

Прадстаўлена на кніжнай выставе-кірмашы і творчасьць Сьвятланы Алексіевіч. Але — у суседзяў, у расіян, на стэндзе прыватнага маскоўскага выдавецтва «Время».

Да суседзяў-украінцаў арганізатары кірмашу паставіліся больш паважна: украінскія стэнды — наверсе, у самім выставачным павільёне. Адразу кідаецца ў вочы шыкоўная паліграфія гістарычных і мастацкіх выданьняў: «Грунвальдзкая бітва — бітва народаў», кнігі па мастацтве. Вось што распавёў прадстаўнік Украіны Павал Шыпук:

«Усе кнігі ўнікальныя. Вось выданьне Тараса Шаўчэнкі, „Кабзар“ — спачатку рукапісныя тэксты, потым друкаваныя. Усе мастакі ўкраінскія. Багата гістарычнай літаратуры: „Украінскае казацтва, Украіна і Вялікае Княства Літоўскае“, „Хоцімская бітва 1621 году — бітва за Цэнтральную Эўропу“, — гэта якраз тэрыторыя цяперашняй Беларусі, Украіны, былога ВКЛ, „Грунвальдзкая бітва — бітва народаў“. Мы ж суседзі, гісторыя ў нас агульная».

На стэндзе Польшчы таксама ёсьць выданьні беларускіх аўтараў — «Нёманскі фронт» Дзьмітрыя Люціка, «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага» Аляксандра Краўцэвіча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG