Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«У арышце Улюкаева ёсьць прысмак справы «Прампартыі», — маскоўскі палітоляг


Дзьмітры Арэшкін

Дзьмітры Арэшкін

Затрыманьне міністра эканамічнага разьвіцьця Аляксея Ўлюкаева сьведчыць пра абвастрэньне барацьбы за разьмеркаваньне дзяржаўных даходаў у Расеі і ўзмацненьне пазыцый сілавікоў.

Такую думку ў інтэрвію Свабодзе выказаў расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін.

«Я ня схільны з самага пачатку казаць, што спадар Улюкаеў — нявінная ахвяра. З таго, што я ведаю, яму, магчыма, сапраўды ёсьць што прадʼявіць. Іншае пытаньне, што вельмі шмат якім чыноўнікам ёсьць што прадʼявіць, а ўзялі менавіта Улюкаева. Таму ёсьць адчуваньне, што гэта яшчэ і элемэнт палітычнай, сыстэмнай барацьбы — у прыватнасьці, паміж тымі людзьмі, якія бяруць грошы ў тумбачцы, і тымі людзьмі, якія абавязаны праз прафэсію клапаціцца пра тое, каб грошы ў гэтай тумбачцы зьяўляліся. Улюкаеў павінен быў забясьпечыць паступленьне грошай у тумбачку. А сілавікі, выхаваныя ў савецкай традыцыі, лічаць, што значна важней заняць дамінуючую пазыцыю побач з тумбачкай і што-небудзь сабе вытрасьці. Мне здаецца, гэта ўсё сьведчаньне таго, што гаспадаром у доме ўсё больш адкрыта робяцца генэралы. На фоне дзяржаўных даходаў, якія зьмяншаюцца, абвастраецца барацьба за іх разьмеркаваньне. У гэтым сэнсе арышт Улюкаева — дрэнны сыгнал эканоміцы. Гэта не паляпшае інвэстыцыйнага клімату, не падвышае даверу да Расеі», — упэўнены палітоляг.

Аляксей Улюкаеў быў блізкім паплечнікам расейскага рэфарматара 1990-х Ягора Гайдара, ён лічыўся адным зь нешматлікіх лібэралаў у сёньняшнім урадзе Расеі. Міністар даваў жорсткія эканамічныя прагнозы — у тым ліку пра стагнацыю расейскай эканомікі цягам наступных 20 гадоў.

«У гэтага працэсу ёсьць прысмак таго, што савецкія часы называлася справай „Прампартыі“. Ёсьць буржуазныя спэцы, сабатажнікі, якія тармозяць разьвіцьцё, якія вінаватыя ў тым, што мы адстаём. Трэба іх пакараць, каб астатнім было непанадна. Хоць зноў падкрэсьлю: ня думаю, што Улюкаеў — нявінны анёл», — кажа Арэшкін.

Аляксей Улукаеў

Аляксей Улукаеў

Саму фармулёўку абвінавачваньня ў адрас Улюкаева Арэшкін лічыць даволі дзіўнай. Нібыта міністар вымагаў грошы і пагражаў прадстаўнікам «Роснефти».

Пры гэтым кіраўнік «Роснефти» Ігар Сечын лічыцца адной з найбольш моцных фігур у камандзе Ўладзіміра Пуціна. Forbes у 2009 годзе называў Сечына другім па ўплывовасьці чалавекам у Расеі.

Раней Сечын займаў пасады віцэ-прэмʼера і намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі. У 2004 годзе ўзначаліў найбуйнешую расейскую дзяржаўную нафтавую кампанію «Роснефть» — менавіта «Роснефть» у свой час атрымала актывы «ЮКОСа», пасьля таго як Міхаіла Хадаркоўскага арыштавалі (паводле самога Хадаркоўскага, менавіта Сечын і быў ініцыятарам крымінальнай справы супраць яго).

Улічваючы вагу Сечына ў сыстэме ўлады пуцінскай Расеі, Арэшкін сумняваецца, каб Аляксей Улюкаеў адважыўся пагражаць такому ўплывоваму чалавеку:

«Такі вось маленькі, слабы, безабаронны Сечын, на якога наехаў такі жорсткі Улюкаеў. Неяк гэта не зусім стасуецца з тымі ўяўленьнямі пра значнасьць і адміністрацыйную вагу, якімі гэтыя людзі валодаюць. Мне цяжка сабе ўявіць, што Улюкаеў мог пагражаць кампаніі «Роснефть».

Таксама Арэшкіна зьдзіўляе, што ў кантэксьце абвінавачваньня Улюкаеву ў праваахоўных органаў няма ніякіх пытаньняў да «Роснефти».

У арышце Улюкаева палітоляг бачыць паслабленьне пазыцый прэмʼер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева, хоць яго адстаўкі з пасады кіраўніка ўраду Арэшкін і не прагназуе:

«Калі б пазыцыі Мядзьведзева былі моцныя, то Улюкаева б не кранулі. А тут яму паказалі на ягонае месца. Але я б ня стаў казаць, што карʼера Мядзьведзева на гэтым скончылася. Мядзьведзеў адчуў сябе на вельмі кароткім ланцужку — дык у яго ніколі асабліва доўгага ланцужка і не было».

Супраць Улюкаева распачалі крымінальную справу за атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры.

Яго вінавацяць у вымаганьні 2 млн даляраў ЗША за станоўчую ацэнку Міністэрствам прыватызацыі кампаніі «Башнефть» — набыцьця бяз конкурсу напаўдзяржаўнай кампаніяй «Роснефть» 50 адсоткаў акцыяў дзяржаўнай «Башнефть». Пры гэтым з самім фактам куплі, што адбылася ў кастрычніку 2016 году, сьледчыя не спрачаюцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG