Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ера фільма «Банда» пра палітычна матываваныя зьнікненьні людзей у Беларусі адбудзецца ў Капітоліі

абноўлена

17 сьнежня ў Вашынгтоне, у будынку Кангрэса будзе паказаны і абмеркаваны дакумэнтальны фільм «Банда», прысьвечаны тэме палітычных зьнікненьняў палітычных апанэнтаў рэжыму ў Беларусі і адказнасьці за нераскрыцьцё гэтых злачынстваў беларускіх уладаў

17 сьнежня ў Вашынгтоне ў будынку Капітолія адбудзецца паказ дакумэнтальнага фільма «Банда», які распавядае пра зьнікненьні палітычных апанэнтаў рэжыму ў найноўшай гісторыі Беларусі.

Дакумэнтальны фільм «Банда» будзе ня толькі паказаны, але і абмеркаваны з удзелам прадусараў і аўтараў фільма беларускай праваабаронцы Раісы Міхайлоўскай і Ірынай Красоўскай, сузаснавальніцай грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем», удавой зьніклага бізнэсмэна Анатоля Красоўскага. Прагляд фільма ў будынку Капітолія ладзіць Хэльсынская камісія ЗША сумесна з Freedom House і Нямецкім фондам Маршала Злучаных Штатаў.

У 1999 годзе ў Беларусі гвалтоўна былі скрадзеныя і дагэтуль ня знойдзеныя былы міністар унутраных спраў Беларусі Юры Захаранка, былы старшыня Цэнтарвыбаркаму, апазыцыйны палітык Віктар Ганчар, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі, які падтрымліваў апазыцыю. У 2000 годзе зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі, лёс якога таксама невядомы.

Чаму празь 15 год пасьля трагічных падзей аўтары фільму вырашылі пра іх згадаць?

Мы ніколі не кідалі гэтай тэмы і вырашылі нагадаць пра яе грамадзтву, бо бачым, як паступова гэта тэма пачынае забывацца.

​«Мы ніколі не кідалі гэтай тэмы і вырашылі нагадаць пра яе грамадзтву, бо бачым, як паступова гэта тэма пачынае забывацца. Ужо не стаяць у Менску ланцужкі неабыякавых людзей з партрэтамі зьніклых, як было ўсяго 5 гадоў таму, людзі ўжо не пытаюцца ва ўладаў „Дзе зьніклыя?“, „Хто вінаваты ў тым, што зьніклі Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі?“ Такая сытуацыя зручная для ўладаў. За 15 гадоў вырасла цэлае пакаленьне людзей, якія нічога ня ведаюць пра такую старонку найноўшай гісторыі Беларусі. Менавіта на моладзь разьлічаны наш фільм», — сказала ў камэнтары для Свабоды праваабаронца, аўтар фільму Раіса Міхайлоўская.

Аўтары фільма выкарыстоўваюць шматлікія дакумэнты, архіўныя фота і відэаматэрыялы, сустракаюцца са сьведкамі падзей, калі зьнікалі апазыцыйныя палітыкі і журналіст Зьміцер Завадзкі. Чаму праўда пра зьнікненьне журналіста і пра лёсы зьніклых лідэраў апазыцыі дагэтуль ня высьветленая?

Маці Зьмітра Завадзкага Вольга Завадзкая дапамагала стваральнікам фільма «Банда» дакумэнтальнымі матэрыяламі, успамінамі і асабістымі высновамі.

За гэтым стаяць людзі ў пагонах, уплывовыя асобы. Яны абазначаныя ў дакладзе Пургурыдэса: там зьмешчаныя факты, прозьвішчы.

«За гэтым стаяць людзі ў пагонах, уплывовыя асобы. Яны абазначаныя ў дакладзе Пургурыдэса: там зьмешчаныя факты, прозьвішчы. Шмат хто з гэтых асобаў зьехалі, нібыта згубіліся, сышлі ў нейкае падпольле, і застаўся навідавоку адзін Лукашэнка, які заўсёды біў сябе ў грудзі і казаў, што ён за ўсё адказны ў Беларусі. Хай тады адкажа. Даўно прыйшоў час за гэта некаму адказаць. Але ўладам проста нявыгадная праўда», — мяркуе Вольга Завадзкая.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

​У фільме «Банда» аўтар сустракаецца з Алегам Алкаевым, які ў 1999 годзе быў кіраўніком менскага сьледчага ізалятару, дзе прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды ў Беларусі. Менавіта Алег Алкаеў, які зьехаў у Нямеччыну, асьцерагаючыся перасьледу, абнародаваў дакумэнтальныя дадзеныя аб магчымай датычнасьці да зьнікненьняў пэўных беларускіх сілавікоў. Былы сьледчы пракуратуры Беларусі Зьміцер Петрушкевіч распавёў у фільме пра праблемы, зь якімі сутыкнуліся сьледчыя, калі расьсьледавалі палітычныя зьнікненьні. Таксама аўтары фільма сустрэліся з былым дэпутатам ПАСЭ Хрыстасам Пургурыдэсам, які асабіста сутыкнуўся з праблемай нежаданьня беларускіх уладаў правесьці сапраўднае расьсьледаваньне справаў зьніклых.

Пасьля прэм’еры ў ЗША фільм «Банда» будзе паказаны ў краінах Эўропы. Плянуецца паказ фільма ў Беларусі, але аўтары пакуль не паведамляюць дэталяў гэтага паказу, бо апасаюцца супрацьдзеяньня ўладаў. Таксама фільм будзе разьмешчаны ў інтэрнэце, паведаміла Свабодзе Раіса Міхайлоўская.

Раіса Міхайлоўская — вядомая ў Беларусі праваабаронца. Цяпер узначальвае ўстанову «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар», які зарэгістраваны ў Вільні. Установа займаецца захаваньнем гістарычнай памяці беларускага народу, садзейнічае аднаўленьню справядлівасьці адносна нявінна асуджаных грамадзянаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG