Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жырыноўскі пра мытны саюз: Мы паўтараем вопыт СССР — усё за кошт Расеі


Уладзімер Жырыноўскі

Уладзімер Жырыноўскі

Дэпутат расейскай Дзярждумы Ўладзімер Жырыноўскі заявіў, што ад Мытнага саюзу і Эўразійскага эканамічнага саюзу выйграюць Казахстан, Беларусь і Армэнія.

Гэта адбылося падчас абмеркаваньня праекту закону аб новых правілах знаходжаньня грамадзянаў Армэніі на тэрыторыі Расеі. Закон прадугледжвае зьмену правілаў знаходжаньня армянаў на тэрыторыі Расеі, а расейцаў — на тэрыторыі Армэніі: касуецца правіла абавязковай рэгістрацыі на тэрыторыі другой дзяржавы на працягу сямі дзён з моманту ўезду. Гэта выключэньне з агульнага правіла, сфармуляванага ў законе «Аб міграцыйнай палітыцы РФ». Аналягічныя законы былі прынятыя раней пры ўступленьні ў ЭАЭС Казахстану і Беларусі.

«Расея — зусім не СССР, і ня трэба зноў пачынаць гуляць у дзіцячы садок і спрабаваць вярнуць адзіную валюту і адно на ўсіх грамадзянства. Мне здаецца, ад Мытнага саюзу і ЭАЭС выйграюць Казахстан, Беларусь і Армэнія: мы паўтараем вопыт СССР — усё за кошт Расеі. Гэтая дамова толькі пра тое, што армянам даюць магчымасьць прыяжджаць у Расею і не рэгістравацца. Вось чацьвёртай краіне мы здымаем абмежаваньні ў рэгістрацыі. Добра гэта ці дрэнна? Напэўна, дрэнна — у пэрспэктыве. Ці не павялічыць такая палітыка колькасьць злачынцаў, якія знаходзяцца ў нашай краіне?», — кажа лідэр ЛДПР Уладзімер Жырыноўскі.

Зрэшты, Жырыноўскі ня стаў заклікаць калег байкатаваць праект закону. Ён выказаў надзею, што ўлады нарэшце пачнуць дэманстраваць большую дальнабачнасьць, ініцыюючы і прымаючы новыя законы.

«Нам даводзіцца ўвесь час займацца адной справай — будаваць дзяржаву. Быццам дзеці ў дзіцячым садку. Альбо рукі ў нас не з таго месца растуць, альбо дэталі ня тыя, альбо праект сам няправільны. Але мы ўсё яшчэ будуем», — рэзюмаваў палітык.

Армэнія з 2 студзеня 2015 году стала паўнапраўным сябрам Эўразійскага эканамічнага саюзу. Армянскі бок падпісаў дамову ў Менску 10 кастрычніка 2014 году. Дакумэнт да канца году ратыфікавалі Расея, Беларусь і Казахстан.

У 2015 годзе да ЭАЭС можа далучыцца Кіргізстан, які падпісаў адпаведную дамову ў канцы сьнежня 2014 году.

Аднак далёка ня ўсе заканадаўцы ўхваляюць усе саступкі, на якія ідзе Масква, каб прыцягнуць новых сябраў у Эўразійскі эканамічны саюз і Мытны саюз. Сустрэчныя крокі з боку партнэраў расейскія палітыкі схільныя расцэньваць як несувымерна дробныя, піша «Федеральное агентство новостей».

XS
SM
MD
LG