Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра ініцыятыўнай групы Караткевіч застаўся бяз працы. Шматдзетная сям’я — бяз сродкаў


Уладзімер Шчарбатых зь дзецьмі
Уладзімер Шчарбатых зь дзецьмі

Два месяцы бацька шасьці дзяцей ня можа працаўладкавацца, пасьля таго як паўдзельнічаў у выбарчай кампаніі апазыцыйнага кандыдата.

Актывіст кампаніі «Гавары праўду», жыхар Бабруйску Ўладзімер Шчарбатых два месяцы ня можа знайсьці сабе працу. У яго шасьцёра дзяцей. Як ён сьцьвярджае, з апошняга працоўнага месца яго змусілі звольніцца ў час перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Уладкавацца пасьля звальненьня ён ня можа, хоць абышоў мноства арганізацыяў.

Актывіст лічыць, што звольнілі яго з-за ягонага сяброўства ў ініцыятыўнай групе Тацяны Караткевіч. На самім прадпрыемстве, дзе працаваў актывіст, кажуць, што ніхто на яго ня ціснуў і не дамагаўся, каб ён звольніўся.

Доўгі час Уладзімер бараніў сваю жонку ад звальненьня. Пра гэта ня раз пісалі незалежныя выданьні. Сям’я мела матэрыяльныя праблемы. Калі страціў працу і муж, сытуацыя значна пагоршылася.

«Перадвыбарчая гонка калі была, то ў гэты час я страціў працу. Мяне прымусілі звольніцца, — апавядае Ўладзімер. — Я займаў пасаду галоўнага заатэхніка ў адной з гаспадарак Бабруйскага раёну. Не зьвярнулі ўвагі на тое, што ў мяне шматдзетная сям’я. Я сябра кампаніі „Гавары праўду“, і чыноўнікі пабаяліся, што такі грамадзянін, як я, займае дужа высокую пасаду. Цяпер у сям’і ў нас ніхто не працуе. У нас шасьцёра дзяцей. Самаму меншаму — адзін год і шэсьць месяцаў. Нас, такім чынам, пазбавілі крыніцы даходу. На дадзены момант я зарэгістраваўся ў службе занятасьці».

Чыноўнікі пабаяліся, што такі грамадзянін, як я, займае дужа высокую пасаду

Уладзімер сьцьвярджае, што ў яго не было іншага выйсьця, як звольніцца. Начальства, кажа, паставіла яго ў безвыходную сытуацыю:

«Калі была перадвыбарчая кампанія, я быў у ініцыятыўнай групе Тацяны Караткевіч, — кажа ён. — Мяне пачалі ціснуць з таго боку, што я ў нейкай партыі, у апазыцыі знаходжуся, і прымусілі напісаць заяву на звальненьне. Я напісаў, бо разумеў, што праца ў мяне адказная. У жывёлагадоўлі празь мяне дужа шмат праходзіла жывёлы. Трэба было падпісваць розныя дакумэнты. Мне намякнулі, што магу нешта ня тое і ня так падпісаць, і тады можна і перад судом адказваць. Гэтак мне давялося звольніцца».

Доўгі час, кажа суразмоўца, ён працаваў на птушкафабрыцы. Прапанавалі месца галоўнага заатэхніка ў філіяле «Варатынь» акцыянэрнага таварыства Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў. Заробак актывіста задавальняў, і ён уладкаваўся на гэтае прадпрыемства. Характарыстыкі з ранейшых месцаў працы былі добрыя. Заўвагаў да выкананьня службовых абавязкаў ня меў. Але папрацаваць на новым месцы пасьпеў толькі крыху больш за месяц.

У адміністрацыі гаспадаркі «Варатынь» пацьвярджаюць, што Ўладзімер Шчарбатых у іх працаваў. А што быў ціск на яго, каб звольніўся, — адмаўляюць.

Сказаў, што знайшоў лепшую працу. Там яму жытло прапанавалі. Пра якую выбарчую кампанію вы кажаце, які ціск?

«Ён працаваў у нас крыху. Можа, месяц ці нават меней. Потым паехаў вучыцца ў акадэмію завочна. Нават ня здаўшы сэсіі, напісаў заяву на звальненьне. Сказаў, што знайшоў лепшую працу. Там яму жытло прапанавалі. Пра якую выбарчую кампанію вы кажаце, які ціск? Гэта ўсё хлусьня, шаноўныя панове», — заявіў прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства.

Пасьля звальненьня, сьцьвярджае Ўладзімер, знайсьці працу ня можа. Нідзе не бяруць. Зьбіраецца ехаць у Менск у адміністрацыю прэзыдэнта і да міністра працы і сацыяльнай абароны, каб дапамаглі.

«Я меркаваў уладкавацца на працу ў іншым рэгіёне. Быў у Менскім раёне. Спрабаваў знайсьці працу ў Магілёўскім і Бабруйскім. Са мной пагавораць — нібыта ўсё, бяруць. А назаўтра ж адмаўляюць у працаўладкаваньні. Відаць, між сабой стэлефаноўваюцца і высьвятляюць, што я і хто. Так я прайшоў мо гаспадарак дзесяць. Езьдзіў у Маскву па працу. Там таксама нічога не знайшоў і прыехаў назад. Цяпер ня ведаю, што і рабіць», — заключае Ўладзімер Шчарбатых.

Сьвятлана Шчарбатых зь дзецьмі
Сьвятлана Шчарбатых зь дзецьмі

У кампаніі «Гавары праўду» пра сытуацыю, у якой апынулася сям’я Шчарбатых, ведаюць. Самога Ўладзімера характарызуюць як чалавека адказнага. Прычыны яго звальненьня называюць абсурднымі і намагаюцца яму дапамагчы:

«Сытуацыя нам вядомая. Мы трымаем яе на кантролі, — кажа рэгіянальны каардынатар кампаніі па Магілёўскай вобласьці Аксана Самуйлава. — Цяпер Уладзімер самастойна вырашыў зьвярнуцца да чыноўнікаў, каб узьняць праблему. Мы са свайго боку шукаем таксама выйсьця. Неўзабаве да вырашэньня гэтай праблемы далучым Тацяну Караткевіч. Перакананыя, што разам мы зьвернем увагу на тое, што робіцца ў нашай краіне — у нашай, так бы мовіць, сацыяльнай дзяржаве».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG