Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступы кандыдатаў паказалі негатовасьць бальшыні да яркіх, харызматычных прамоваў


У выбарчай кампаніі па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня скончыўся чарговы этап — выступы прэтэндэнтаў на тэлебачаньні і радыё. ​

Абмяркоўваюць: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Ігар Карней


Глод: У выбарчай кампаніі па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня скончыўся чарговы этап — выступы прэтэндэнтаў на тэлебачаньні і радыё. Кожны зь іх атрымаў пяць хвілін, каб распавесьці пра сябе і сваю выбарчую праграму. Рэгіяналы мелі час на абласных каналах, сталічныя — на канале «Беларусь-3». У трэцяга канала невысокі рэйтынг. Таму першапачаткова Цэнтравыбаркам плянаваў паказаць кандыдатаў на канале «Беларусь-2». Аднак супраць выступіла тэлевізійнае начальства: маўляў, выбарчая кампанія накладаецца на Алімпійскія гульні. А да Алімпіяды цікавасьць у насельніцтва большая. Супярэчыць гэтай думцы Цэнтральная выбарчая камісія ня стала.

Асабіста я паглядзеў дзясяткі два выступаў кандыдатаў, што балятуюцца ў Менску. На тле іншых вылучыўся філёзаф Уладзімер Падгол, кандыдат у дэпутаты ад партыі БНФ. Ён надзеў камізэльку з надпісам «Куля для прэзыдэнта» (так называецца ягоны раман, выдадзены ў 2012 годзе), а па ходзе выступу — і танкісцкі шлем. Думаю, што тыя, хто сядзеў у гэты час каля тэлевізара, філёзафа запомнілі. Дарэчы, нешта падобнае зрабіў і прадстаўнік партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук, які балятуецца ў Смаргоні. Ён заклікаў сваіх выбарцаў патрабаваць ад ураду спыніць будоўлю Астравецкай АЭС. «Калі ня будзе спынена будаўніцтва, будзем хадзіць вось так», — сказаў Кучук напрыканцы свайго выступу і надзеў процігаз. Мяркую, што такія крэатыўныя кандыдаты займеюць падтрымку пры галасаваньні.

Апазыцыйныя кандыдаты ўладу ганьбяць, праўладныя — хваляць. Аднак бальшыня і тых, і другіх будуюць свае прамовы на папулізьме. Яны даюць выбарцам абяцаньні, якія адразу выглядаюць невыканальнымі або надзвычай цяжкавыканальнымі.

Аднак улады і тут не ўтрымаліся, каб не перакрыць кісларод — нават на пяць хвілін. Гарадзенскае абласное тэлебачаньне не пусьціла ў эфір зварот кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Ўласевіча. Гэты чалавек жыве ў Астравецкім раёне і ад самага пачатку змагаецца супраць разьмяшчэньня тут атамнай станцыі. Сёньня спадар Уласевіч паведаміў, што ягоны выступ не прагучаў і на радыё. А калі дадаць да гэтага, што дзьве раённыя газэты не надрукавалі ягоную праграму, то гэты кандыдат апынуўся ў інфармацыйным вакуўме.

Многія з тых, хто выступаў на тэлебачаньні, адчувалі сябе перад камэрамі няўпэўнена. І гэта зразумела. Прэтэндэнты, зь якімі я размаўляў, расказалі пра тэхналёгію запісу. Спачатку робіцца пробны запіс, каб кандыдат прыгледзеўся да атмасфэры ў студыі, адчуў ліміт пяці хвілінаў. А пасьля гэтага — другі і апошні запіс. Вядома, напрыклад, для Алега Трусава, які час ад часу выступае на тэлебачаньні ў некаторых перадачах, гэта ўсё звыкла. А вось як быць навічкам?

А цяпер пра зьмест выступаў. Апазыцыйныя кандыдаты ўладу ганьбяць, праўладныя — хваляць. Аднак бальшыня і тых, і другіх будуюць свае прамовы на папулізьме. Яны даюць выбарцам абяцаньні, якія адразу выглядаюць невыканальнымі або надзвычай цяжкавыканальнымі.

Аднак далёка ня ўсе прэтэндэнты на дэпутацкія крэслы выкарыстоўваюць дадзены ім эфірны час. Нават місія назіральнікаў ад СНД, якая традыцыйна заўжды спрыяльна ставіцца да беларускіх уладаў, фіксуе выпадкі адмовы кандыдатаў ад выступаў на тэлебачаньні і радыё, ад удзелу ў тэледэбатах. Дарэчы, тэледэбаты пачынаюцца сёньня. Ліміт часу тут — пяць хвілін на кандыдата. Да таго ж, каб дыскусія адбылася, трэба мець хоць бы двух ахвотных у акрузе, а праўладныя кандыдаты часта такога жаданьня не выказваюць.

Карбалевіч: У мяне ўражаньне ад выступаў кандыдатаў у дэпутаты па ТБ хутчэй нэгатыўнае. Іх узровень быў невысокі. Абсалютная большасьць выступаў, прычым як праўладных, так і апазыцыйных, і незалежных кандыдатаў адбывалася па адной схеме. Яны спрабавалі пералічыць усе пункты сваёй праграмы, якія тычыліся ўсіх сфэр жыцьця. Кандыдаты казалі пра эканоміку, заробкі, пэнсіі, дабрабыт, адукацыю, праблемы моладзі, праблемы сваёй акругі і інш. І ўсё гэта за пяць хвілін. І ў выніку атрымлівалася, што ўсе кандыдаты былі вельмі падобныя адзін да другога, бо ўсе яны выступалі за ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Каб запомніцца, трэба было браць толькі адну тэму.

Чаму так атрымліваецца? Усё лягічна. Калі няма публічнай палітыкі, рэальнага палітычнага жыцьця, палітычнай канкурэнцыі, то няма і палітыкаў. Да таго ж няма структур палітычнага кансалтынгу, то бок кансультантаў, паліттэхнолягаў, іміджмэйкераў, якія б маглі навучыць кандыдатаў правільна выступаць. Няма попыту — няма і прапановы.

Абсалютная большасьць выступаў, прычым як праўладных, так і апазыцыйных, і незалежных кандыдатаў адбывалася па адной схеме. Яны спрабавалі пералічыць усе пункты сваёй праграмы, якія тычыліся ўсіх сфэр жыцьця.

Толькі некаторыя, кшталту Ўладзімера Падгола, спрабавалі зрабіць з выступу пэрформанс. Яны запомніліся, але трапілі пад жорсткую крытыку нават дэмакратычнага электарату ў сацыяльных сетках.

Але ня думаю, што гэтыя выступы неяк паўплываюць на рашэньні электарату. Думаю, глядзеў гэтыя выступы мала хто. Бо глядзець іх было сумна, наўрад ці ў людзей хапала цярпеньня іх вытрымаць, асабліва калі на суседнім тэлеканале ідзе захапляльны дэтэктыўны сэрыял. Таму, мабыць, глядзелі іх толькі вельмі палітызаваныя ці ангажаваныя людзі.

Да таго ж звычайнаму абывацелю трапіць на выступ кандыдата сваёй акругі было яшчэ цяжэй. Бо ў праграме ТБ не анансавалася, хто канкрэтна выступае, кандыдат зь якой акругі, у які час. Таму пабачыць свайго кандыдата выбаршчык мог толькі выпадкова. Зразумела, працэнт такога выпадковага супадзеньня быў яшчэ ніжэйшы, чым колькасьць тых, хто ўвогуле ўсё гэта глядзеў. Думаю, такая сытуацыя ўладамі створана адмыслова, каб не павялічваць цікавасьць людзей да выбараў, каб не палітызаваць насельніцтва. Маўляў, ня іх справа ўнікаць, разьбірацца ў кандыдатах, іх справа — прыйсьці і прагаласаваць, а ўсё астатняе зробяць за іх самі ўлады.

Карней: Пытаньне з шэрагу рытарычных: ці можна вылічыць хоць бы прыблізную лічбу глядацкай ці слухацкай аўдыторыі падчас праграмных выступаў кандыдатаў у дэпутаты? У газэт прынамсі ёсьць наклады, а як наконт іншых СМІ?

Такое адчуваньне, што колькасьць зацікаўленых грамадзянаў, якія ў дні выступаў кандыдатаў у дэпутаты прыпалі да экранаў сваіх тэлевізараў ці дынамікаў прымачоў, мінімальная. Дзяржаўнае радыё, якое замяніла так званую «радыёкропку», як і раней, працуе збольшага ў фонавым рэжыме, паводле прынцыпу «сабака брэша — караван ідзе». Таму ня думаю, што баба зь дзедам на вёсцы кінуць усе справы, пачуўшы прамову нават кагосьці з кагорты кандыдатаў-дэмакратаў.

Адчуваньне, што колькасьць зацікаўленых грамадзянаў, якія ў дні выступаў кандыдатаў у дэпутаты прыпалі да экранаў сваіх тэлевізараў ці дынамікаў прымачоў, мінімальная.

Тэлеканал «Беларусь-3» — таксама па-свойму спэцыфічны. Арыентаваны ён перадусім на праграмы культурніцкага зьместу, за некалькі гадоў вяшчаньня займеў сваю сталую, інтэлектуальную аўдыторыю. Прабачце за крамолу, які культурны складнік у тэзісах умоўнага камуніста ці кар’ерыста-бээрсээмаўца? Хоць, несумненна, у пераліку прыярытэтаў нейкім пунктам гэта і значыцца.

Якраз нашмат большага эфэкту можна было чакаць ад абласных студыяў тэлебачаньня, якія людзі глядзяць перадусім дзеля мясцовых навінаў. Але тамтэйшыя тэлевізійныя начальнікі па інэрцыі ўсё яшчэ бяруць на сябе ролю цэнзараў, дзелячы кандыдатаў на «чэсных» і «нячэсных». Нават у цэнтры ўжо супакоіліся, да рэгіёнаў жа лібэралізацыя яшчэ яўна не дайшла. Гэта, дарэчы, тычыцца і раённых газэтаў, рэдактары якіх аднаасобна вырашаюць, каго чытачы могуць пабачыць на старонках выданьня, а каго — не.

Вынік шматгадовай ангажаванасьці мэдыяў — негатовасьць бальшыні кандыдатаў да яркіх, харызматычных прамоваў.

Што тычыцца эпатажных выступаў Уладзімера Падгола ці Дзьмітрыя Кучука — у бронекамізэльцы і процігазе адпаведна. Пасьля запісу абодва выказвалі сумнеў, што цэнзура іх прапусьціць, што гэта настолькі сьмела, аж страшна, і г.д. Але, на маю думку, чым больш такіх «ражаных» пабачыць электарат, тым лепш для ўладаў. Лёгіка простая: глядзіце, каго вам падсоўвае апазыцыя — ён жа і ў парлямэнт прыйдзе ў танкісцкім шлеме, ганьба на ўвесь сьвет.

Ну, і таксама вынік шматгадовай ангажаванасьці мэдыяў — негатовасьць бальшыні кандыдатаў да яркіх, харызматычных прамоваў. Немалая частка людзей наагул адмовілася ад тэлевыступаў, баючыся выглядаць непераканаўча ці нават сьмешна, а іншым варта было б крыху больш патрэніравацца перад люстэркам. Бо ў некаторых выпадках гэта выглядала ня столькі годнай прэзэнтацыяй уласных намераў у статусе парлямэнтара, колькі няёмкім апраўданьнем за ўдзел у нейкай авантуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG