Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі прыгразіў Кіеву апублікаваць расшыфроўку перамоваў экіпажа «Белавія» з украінскім дыспэтчарам


Начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык заявіў, што расшыфроўка перамоваў экіпажу «Белавія» з украінскім дыспэтчарам зьмяшчае выразныя заявы пра пагрозу прымяненьня баявой авіяцыі.

«У нас маецца расшыфроўка перамоваў экіпажу самалёта „Белавія“, які ляцеў рэйсам Кіеў — Менск 21 кастрычніка, з украінскім дыспэтчарам. У гэтым дакумэнце маюцца выразныя заявы пра пагрозу прымяненьня баявой авіяцыі ў выпадку, калі самалёт не разьвернецца і не прыбудзе назад у Кіеў», — падкрэсьліў Дзьмітры Мірончык, паведамляе БелТА.

«У цэлым у нас выклікае пэўнае зьдзіўленьне пазыцыя ўкраінскага боку, украінскіх партнэраў, у дачыненьні якіх Беларусь заўсёды прытрымлівалася добрасуседства і сяброўства. Украінскі бок меў магчымасьць дамагчыся сваіх мэтаў, не зьвяртаючыся да прымусовых дзеяньняў у дачыненьні паветранага судна, а выкарыстоўваючы двухбаковыя мэханізмы супрацоўніцтва сілавых структур», — перакананы Мірончык.

Прэс-сакратар МЗС канстатуе, што на згаданую сытуацыю рэакцыя ўкраінскага боку абсалютна адсутнічае.

«Калі яе ня будзе і далей, то мы будзем вымушаныя прыняць дадатковыя крокі, аж да апублікаваньня расшыфроўкі перамоваў чальцоў экіпажу з украінскім дыспэтчарам. Але час яшчэ ёсьць», — дадаў ён.

Увечары 21 кастрычніка «Белавія» паведаміла, што самалёт авіякампаніі вярнулі ў кіеўскі міжнародны аэрапорт «Жуляны» пад пагрозай зьнішчальнікаў. Прадстаўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны зьняпраўдзілі інфармацыю пра тое, што пілёту пагражалі.

Як стала вядома, самалёт вярнулі ў Кіеў празь вядомага блогера і «антымайданаўца» Армэна Мартырасьяна. Сам Мартырасьян вечарам таго ж дня пасьля праверкі супрацоўнікамі СБУ (паводле блогера, у яго шукалі нейкі носьбіт інфармацыі) вылецеў іншым рэйсам «Белавія» ў Менск. Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве і абяцае зьвярнуцца з нагоды гэтага інцыдэнту ў суд.

22 кастрычніка ў Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы Часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валерый Джыгун. Падчас сустрэчы ў МЗС кіраўніку ўкраінскай дыпляматычнай місіі была ўручана нота, у якой беларускі бок заявіў пратэст у сувязі з прымусовым вяртаньнем самалёта авіякампаніі «Белавія».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG