Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада дазволіла ўводзіць ва Ўкраіну замежныя войскі


Прэзыдэнт Парашэнка заявіў, што на ўсходзе Ўкраіны ваююць каля дзевяці тысяч «узброеных да зубоў» расейскіх вайскоўцаў, якіх цудам удалося спыніць украінскай арміі.

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла законапраект, які дазваляе замежным дзяржавам праводзіць на тэрыторыі краіны міратворчыя апэрацыі. За дакумэнт прагаласавалі 240 народных дэпутатаў. Пра гэта паведамляецца на сайце ўкраінскага парлямэнту.

Згодна з законапраектам, замежныя войскі могуць быць дапушчаныя на тэрыторыю Ўкраіны на просьбу кіраўніцтва краіны і на падставе рашэньня ААН ці ЭЗ. У дакумэнце адзначаецца, што ў апэрацыях па падтрыманьні міру ня могуць удзельнічаць дзяржавы, якія «разьвязваюць супраць Украіны ўзброеную агрэсію». Такой краінай Кіеў прызнае Расею.

У сакавіку 2015 году Ўкраіна папрасіла ААН увесьці міратворцаў на ўсход краіны. На думку прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, разгортваньне міжнароднай апэрацыі па падтрыманьні міру і бясьпекі дасьць магчымасьць забясьпечыць эфэктыўнае выкананьне Менскіх пагадненьняў.

Выступаючы ў чацьвер са штогадовым пасланьнем да Вярхоўнай Рады, Парашэнка заявіў, што на ўсходзе Ўкраіны ваююць каля дзевяці тысяч расейскіх вайскоўцаў. Прэзыдэнт адзначыў, што ўкраінская армія цудам змагла спыніць наступ «рэгулярных расейскіх войскаў, узброеных да зубоў».

Масква абвяргае абвінавачаньні Ўкраіны і краін Захаду ў датычнасьці да падтрымкі сэпаратыстаў у Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG