Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Мацкевіч пра прызнаньне Шуневіча: «Гэтыя людзі ілгалі сьвядома»


Уладзімер Мацкевіч у судзе 15 сакавіка
Уладзімер Мацкевіч у судзе 15 сакавіка

Філёзаф, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды заяву міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Міністар прызнаў у размове з журналістамі, што перасьлед Уладзімера Мацкевіча за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 15 лютага быў памылковы.

Уладзімер Мацкевіч сказаў, што насамрэч людзі памыліліся і гэта з кожным можа здарыцца, але ж...

— Гэтыя людзі ілгалі сьвядома. Бо кожнага зь іх я, адвакат і нават аднойчы судзьдзя перапытвалі пасьля іх паказаньняў. Мы пыталіся: паглядзіце ўважліва на гэтага чалавека, які стаіць перад вамі, то бок на мяне. Можа, вы на мітынгу бачылі кагосьці падобнага да гэтага чалавека? Кожны зь міліцыянтаў углядаўся ў мяне і казаў: не, на сто адсоткаў ён упэўнены, што гэта быў менавіта я. Некалькі разоў перапытвалі і я, і адвакат. Таму гэта не магло быць памылкай.

Калі б яны сапраўды кагосьці бачылі, то потым, углядаючыся на судзе ў мяне, у іх быў бы хоць цень сумненьня, што гэта мог быць чалавек падобны. Але ж ім быў дадзены загад. Яны ня бачылі нікога, ніхто нічога не парушаў на гэтым мітынгу. І нават калі б я ці хто яшчэ там трымаў гэты плякат, то што ў гэтым крымінальнага? Што ў гэтым такога? Але ж гэта была разнарадка, яны па гэтай разнарадцы так і казалі.

Калі б гэта было аднойчы, то можна было б прыняць тлумачэньне, што яна памыліліся. Але ж я памятаю адзін са сваіх першых судоў, яшчэ 1997 году. На судзе таксама былі два міліцыянты, якія сьведчылі супраць мяне, казалі, што яны мяне арыштавалі і гэтак далей. Тады я насамрэч быў на акцыі. Але тыя сьведкі не маглі пазначыць месца, дзе яны мяне арыштоўвалі, бо іх там не было. Бо мяне арыштоўвалі зусім іншыя міліцыянты, і нават мяне трохі памялі, калі я супраціўляўся. Яны ня ведалі, ува што я быў апрануты і гэтак далей. Гэта таксама былі сьведкі па разнарадцы.

Ім проста прыйшоў час прыйсьці ў суд, як на вахту, і сказаць тое, што ім напісалі. Вось яны так і сьведчаць.

Усе суды пабудаваныя менавіта такім чынам. Сьведчаць тыя, хто сёньня павінен заступіць на вахту ў суд. А ня тыя, хто быў на акцыі. Вельмі часта так бывае, што на акцыі адны міліцыянты ў цывільным, а на суд ідуць зусім іншыя. Гэта звычайная практыка, пра гэта ўсе ведаюць у апазыцыі, хто бярэ ўдзел у акцыях.

— Але тут міністар прызнаецца...

— А што міністар можа сказаць? Бо справа атрымала пэўную галоснасьць. Іх напэўна пыталіся, бо гэта ўжо і дыпляматы ведаюць. І калі б гэта быў нейкі невядомы малады чалавек, то ніхто б гэтага і не заўважыў. А паколькі мяне ведаюць у краіне і за мяжой, то гэты пракол яны дапусьцілі відавочна і вымушаныя апраўдвацца. Бо гэта ўжо проста так не замяць.

— У судзе быў пачаты разгляд справы супраць вас. Які яе лёс?

— Наступнага пасяджэньня, відаць, ужо ня будзе пасьля такога выказваньня Шуневіча. Хутчэй за ўсё, яны там пакаралі гэтых міліцыянтаў і тых, хто гэта прыдумаў. Справу яны замнуць, бо ім яна дасланая на дасьледаваньне. Раз Шуневіч сказаў, што яны памыліліся, то, значыць, яны ўжо прызналі, што памыліліся. Ніякага далейшага дасьледаваньня ня будзе. Але пастанова суду такая, што я не магу яе абскардзіць. Прыцягнуць іх да адказнасьці ў мяне, такім чынам, няма юрыдычных падстаў. Таму мы з адвакатам зьвярнуліся ў пракуратуру, дзе я прашу даць прававую, юрыдычную ацэнку гэтаму факту з прыкладаньнем пратаколу суду, дзе перапытваньні кожнага са сьведак пазначаныя. І відаць, што гэта былі наўмысныя, ілжывыя сьведчаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG