Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Майстар габэлену: Славы нам хапае, хто б дапамог матэрыяльна


Майстар габэлену Ўладзімер Лісавенка

Майстар габэлену Ўладзімер Лісавенка

30 гадоў ад пачатку творчай дзейнасьці адзначае адзін з самых вядомых і запатрабаваных беларускіх майстроў габэлену Ўладзімер Лісавенка. Упершыню свае працы выпускнік Віцебскага тэхналягічнага інстытуту лёгкай прамысловасьці выставіў на суд публікі ў 1986 годзе, ад тых дат лік пэрсанальных і калектыўных паказаў дасягнуў не адной сотні.

У Беларусі творчая праца з тканінай традыцыйна лічыцца жаночай справай. У менскім рэгіёне толькі адзін адмысловец, які спэцыялізуецца на габэленах — усё той жа Лісавенка.

Уладзімер скончыў аддзяленьне мастацкага афармленьня і мадэляваньня вырабаў Інстытуту тэкстыльнай і лёгкай прамысловасьці ў Віцебску. Да таго як зразумець, што мастацтва габэлену стане ягоным асноўным пакліканьнем, паспрабаваў сябе ў розных прафэсійных іпастасях, пакуль урэшце не спыніўся на ткацтве:

Клясычныя працы Ўладзімера Лісавенкі

Клясычныя працы Ўладзімера Лісавенкі

«Мне досыць часта задаюць гэтае пытаньне, таму прызвычаіўся ставіцца да гэтага нармальна. Справа ў тым, што гэты „крыж“ суправаджае мяне амаль усё жыцьцё. На спэцыяльнасьці, якую я атрымліваў у тэхналягічнай ВНУ ў Віцебску, вучыліся практычна адны дзяўчаты. Груба кажучы, у інтэрнаце былі 400 дзяўчат і 30 хлопцаў. Так і казалі — жаночы інстытут. Пасьля заканчэньня прыехаў у Менск, трапіў на трыкатажную фабрыку на месца мадэльера — рабіў адзеньне для „безразьмерных“ жанчын. Пасадзілі на гэтую дзялянку, і, як „спэцыялізаванаму работніку“, трэба было чатыры мадэлі выдаць. Пачаў корпацца з трыкатажам. Ткацтва, тканіна — тое, што мае аснову і ўток. А вязаньне — гэта палатно; кручочкамі, вязальнымі машынамі можна рабіць што заўгодна. Паступова пераключыўся, года паўтара празаймаўся гэтай справай і пачаў выстаўляцца. Значыць, у 1985 годзе скончыў інстытут, а ў 1986-м ужо сабраў матэрыял на экспазыцыю».

Клясычныя працы Ўладзімера Лісавенкі

Клясычныя працы Ўладзімера Лісавенкі

Уладзімер Лісавенка згадвае, без перабольшаньня, легендарнае месца, дзе адбылася ягоная першая выстава — у 1980-я праз тагачасны Дом работнікаў мастацтва прайшоў ці ня ўвесь сталічны бамонд:

«Першая выстава была ў Доме работнікаў мастацтва ля Дому афіцэраў — знакаміты жоўценькі будынак, а-ля мадэрн з „макаўкай“. Гэта цяпер усё заглухла, а былі часы, калі там зьбіралася ўся мясцовая інтэлігенцыя. Вось адтуль і пачалося. Хоць за прамінулыя гады паслужны сьпіс моцна пашырыўся, той дэбют у памяці застанецца...

А калі вярнуцца да „гендэрнага перакосу“, можна разгарнуць даведнік па габэлене, які пры канцы мінулага году падрыхтавала Міністэрства культуры. Гэта дадзеныя па краіне, там пералічаныя і сучасныя майстры, і тыя, хто ўжо памёр. Мужчыны, канечне, ёсьць: Бондар, Гаркуноў, але яны сышлі яшчэ ў 1990-я. Хтосьці значыцца, але адносіцца сюды з нацяжкай — можа, і зрабіў адзін габэленчык, а ў астатнім займаецца дызайнам, тэхнічнай працай. Вось яшчэ мужчыны — тры, чатыры, таксама іх ужо няма. Муж і жонка Рудэнкі, віцебскі Фалей, разам са мной вучыўся. Сем мужыкоў на ўсю Беларусь! Зрэшты, са мной на тэкстылі былі і хлопцы, іншая справа, што габэленам не займаліся. А паглядзі, колькі дзяўчат цудоўных — не зьлічыць. Пры тым, што ў сівыя вякі праца з тканінай была мужчынская».

Апошнія чвэрць стагодзьдзя Ўладзімер Лісавенка выкладае ў менскай дзіцячай мастацкай школе № 3 — за пяць гадоў навукі падводзіць малых да разуменьня сакрэтаў справы. Многія ягоныя выхаванцы бяруць удзел у выставах разам з настаўнікам — шмат якія дыплёмныя працы таго вартыя. У школцы ягоная імправізаваная майстэрня, творчая база:

«Як кажуць, славы нам хапае, хто б дапамог матэрыяльна. Час такі, што людзі любому кавалку, любому заробку рады. І страціць працу — страшная рэч. Асабліва калі ў цябе дзеці, унукі і да пэнсіі яшчэ гады тры. А можа, пэнсію яшчэ кудысьці і пасунуць. То бок, пакуль „стыпэндыю“ ад дзяржавы не атрымаеш, трэба працаваць. І школа ня толькі дае магчымасьць жыць, а і дысцыплінуе, трымае ў тонусе.

Разумееш, мастак сам па сабе вольны. Хоча спаць — сьпіць. Хоча зрабіць выходны — калі ласка, у любы час. Робіць усё, што задумае. А мастак-пэдагог прывязаны да раскладу: мой нявыхад на паўгадзіны расцэньваецца як прагул з усімі наступствамі, „вэртыкаль“ дзейнічае спраўна. Скажу шчыра: за ўвесь час выкладаньня няма на што паскардзіцца. Я калі тут вёў студыі, а ў 1991-м прыйшоў экспэрымэнтальна паспрабаваць, ужо прадаваўся ў эўропах, амэрыках — час быў такі. Гандаль мастацтвам у перабудовачныя часы ішоў на ўра. А як нарадзілася трэцяе дзіця, адчуў: патрэбна прадказальнасьць, каб хоць нешта прыносіць штомесяц. А то ў мяне было то густа, то пуста, то вельмі густа, то зусім пуста. Такая няпэўнасьць задаволіць не магла».

Рамка — «станок» габэленшчыка

Рамка — «станок» габэленшчыка

За тры дзясяткі гадоў плённай працы Ўладзімер Лісавенка здабыў шырокае прызнаньне і ў Беларусі, і далёка за яе межамі. Праўда, вялікім багацьцем так і не аброс, хоць самакрытычна прызнае, што два дзясяткі гадоў таму, як шмат хто ў такім веку, пра перадпэнсійную будучыню ня надта задумваўся, А ў апошні год і ўвогуле даводзіцца выконваць прэзыдэнцкі наказ — мацней зацягваць паясы:

На фоне дыплёмнай працы выпускнікоў

На фоне дыплёмнай працы выпускнікоў

«Сацыяльна выбудавалася так, што пэдагог — асноўная праца, за якую атрымліваеш грошы, а мастак — як бы хобі, часам нешта перападае, а часам і нічога. Калі-нікалі запрашаюць у якасьці рэпэтытара, просяць некага падрыхтаваць. Але цяпер фактычна нічога — ні продажаў, ні рэпэтытарства, усё проста апала. Размаўляю з калегамі — таксама нічога ня могуць прадаць. Як ніхто нічога ня можа купіць. Зь лета-восені ўсё застопарылася. Ну, а як інакш? Лічы сам: атрымліваем адпачынкавыя. Адпачынак у нас вялікі, два месяцы гуляем, 56 працоўных дзён, усё аплочваецца. Было, груба кажучы, пад 1000 даляраў у эквіваленце. Сёлета ў лепшым выпадку зьбярэцца 500. То бок усё ўрэзалася ўдвая. І калі раней, хай людзі прабачаць за падрабязнасьць, я дазваляў сабе віскарык „Школьны“ (відавочна, гаворка пра Тeacher’s. — І.К.), то цяпер фіг вам. Прычым ня толькі прывозіў з „д’юці фры“, а мог пайсьці і набыць у суседняй краме. Цяпер піць віскарык не дазваляе бюджэт. Таму без запыненьня праходзіш міма „буржуйскага“ аддзелу, бярэш бюджэтную гарэлачку — і нармальна».

Каштоўныя парады вучаніцы

Каштоўныя парады вучаніцы

Ці спрыяюць збыту мастацкія салёны, колькасьць якіх апошнім часам істотна вырасла? Наколькі падвышаюцца шанцы, калі аддаць твор пасярэдніку? Уладзімер Лісавенка кажа, што цяперашнім часам галерэі пачуваюць сябе не нашмат лепш, чым іх галоўныя «донары» — мастакі:

«Мы як карабейнікі: сам стварыў — сам прадай. Канечне, у нас ёсьць сетка галерэяў, у Менску іх цяпер больш чым дастаткова. Літаральна днямі заходзіў у галерэю жывапісу на вуліцы Карла Маркса, яна ў прыватных руках. Там працы проста наваленыя, кучы жывапісу! Шыкоўны жывапіс, шыкоўныя працы, але і ніхто нічога не бярэ. Сядзіць у гэтым напаўпадвальным памяшканьні бедная жанчынка, якая выходзіць на паверхню толькі пакурыць. Колькі там прабыў, ніхто так і не зазірнуў. Няма ахвотных на такія цэны. Як вядома, праца каштуе столькі, колькі за яе хоча аўтар. Ці можа чалавек за гэтыя грошы яе купіць — гэта ўжо яго цяжкасьці. Але таксама трэба зыходзіць з аб’ёму працы, затрачанай аўтарам. Справа ў тым, што карцінку ў добрым настроі я магу паўмэтра за дзень напісаць, ацаніць і выставіць прадавацца. А вось з габэленам усё нашмат складаней».

З партфоліё Ўладзімера Лісавенкі

З партфоліё Ўладзімера Лісавенкі

Цікаўлюся ў суразмоўцы — якое месца ў мастацкім сьвеце займае сучасны беларускі габэлен? Хто сярод ягоных асноўных канкурэнтаў на міжнародным рынку?

«Мяркую, сьпіс дзяржаваў, у якіх габэлен ідзе як трэнд, Беларусь можа пачынаць з поўным правам. Потым, відаць, Прыбалтыка, таксама крыху Ўкраіна, Расея — менш. Польшча — вельмі добра, Нямеччына — ня ўся. Папулярны габэлен на Балканах. То бок найперш там, дзе народныя вытокі паспрыялі, каб ручное ткацтва перарасло ў ранг мастацтва. Калі браць маштабна, то ёсьць цудоўныя габэлены і ў Паўднёвай Амэрыцы, і ў пэўных рэгіёнах Афрыкі. Але мне цяжка скласьці ўцямнае ўражаньне, бо нешта дае інтэрнэт, нешта літаратура, ня больш за тое. А вось што тычыцца нашых суседзяў, то ў гэтых краінах габэлен прадстаўлены найбольш цікава. Прычым гаворка не пра нацыянальныя школы. Здараецца, кажуць: вось арнамэнт беларускі, вось украінскі, а вось расейскі. Сьмешна. Арнамэнт зьявіўся разам са зьяўленьнем чалавека. Прынамсі, арнамэнт славянскіх народаў збольшага адзін і той жа. Таму спрабаваць вычленіць нешта ўнікальнае — справа бясплённая».

Сьціплае сховішча працаў майстра

Сьціплае сховішча працаў майстра

Калі сёньняшні час для мастацкай супольнасьці аб’ектыўна цягне на «застойны», то ў які гістарычны пэрыяд пік запатрабаванасьці быў найбольш адчувальны? Уладзімер Лісавенка адсылае ў «ліхія 1990-я» — менавіта тады ў грамадзтве пачало фармавацца разуменьне мастацкай каштоўнасьці:

«Пікам былі перабудовачныя гады — канец 1980-х, пачатак 1990-х. Хоць не адношу сябе да надта дарослых людзей, але згадваю той час, як быў зусім маладым: я, мастак-пачатковец, нармальна вывозіў выставы, меў продажы ў Польшчы, Нямеччыне, Аўстрыі, Прыбалтыцы, Маскве і Піцеры. То бок — была геаграфія. Да таго ж на 1990-я прыпала хваля міграцыі, калі выяжджалі на ПМЖ за мяжу. Таксама ўкладалі ў мастацтва. У перабудову на піку быў арт, шмат каму ўдалося рэалізавацца — як Забораву ў Францыі. Розныя прозьвішчы, сядзяць і твораць па эўропах. Трапілі ў струмень, выехалі на гэтым і здымаюць дывідэнды. Ну, а хтосьці, як я, застаўся — я радзіму люблю. Тут у мяне дзеці, унукі, збольшага нармальна. Што да запатрабаванасьці мастацтва, то я ж не кажу, што людзям не падабаецца, людзі ня хочуць. Людзі ня могуць купляць! А мы ня можам апусьціцца ніжэй сваёй годнасьці, таму што існуюць расцэнкі. То бок затрачаная праца ня можа быць абрабаваная, яна павінна годна быць аплочаная. У 1990-я раўнавага сіл мастака-прадаўца і пакупніка-кліента была самая адэкватная. Плюс закуплялі кампаніі, банкі, якія толькі арганізоўваліся, зьяўляліся нуварышы. Тады папера шамацела толькі так. Але ў 1994–1995 актыўнасьць стала затухаць, пакуль зусім ня зьнікла».

Старонка Лісавенкі ў зборы сучасных габэленшчыкаў

Старонка Лісавенкі ў зборы сучасных габэленшчыкаў

Для многіх беларусаў само азначэньне «габэлен» асацыюецца найперш з маштабнай працай Аляксандра Кішчанкі «Габэлен стагодзьдзя». За свае беспрэцэдэнтныя памеры палотнішча было ўключана ў «Кнігу рэкордаў Гінэса», а мастак прадстаўлены да Дзяржаўнай прэміі. Але ці ўзор гэта для іншых майстроў габэлену? Асабліва калі ўлічыць, што гісторыя перапісвалася практычна на хаду — у партрэтную галерэю выбітных дзеячаў ХХ стагодзьдзя ў апошні момант трапіў толькі што абраны прэзыдэнтам Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Уладзімер Лісавенка тлумачыць, што перадусім трэба бачыць розьніцу паміж манумэнтальнымі задачамі і магчымасьцю іх увасабленьня:

Мара любога рокера — язык музыкі ад «Ролінг Стоўнз»

Мара любога рокера — язык музыкі ад «Ролінг Стоўнз»

«Каб гаварыць пра габэлен як кірунак у мастацтве, трэба ведаць пра вытокі. У беларускага ткацтва надзвычай старажытныя вытокі, яно разьвівалася ад часоў паганства і нават раней. І вось надышоў час савецкага габэлену. Беларускі габэлен у СССР быў прадстаўлены кляснымі ткачамі барысаўскага камбінату, якія ткалі шматмэтровыя шпалеры. Але, скажам, Лявон Бартлаў можа прыдумаць габэлен для Палаца рэспублікі і з жонкай-габэленшчыцай Валянцінай стаць ляўрэатам прэміі. Пры тым, што ён ня ўмее пракладаць нітачкі, затое гэта робіць жонка, можна выступіць тандэмам. Хоць Кішчанка найбольш плённа працаваў у савецкі час і найлепшае манумэнтальнае ткацтва было ў Беларусі, ткаць ён ня ўмеў, ён — жывапісец-манумэнталіст. Бо ёсьць аўтарскі габэлен, які я сам прыдумаў, сам выканаў і сам экспаную. А ёсьць маштабныя замовы, як у замак Радзівілаў — малююць графіку і аддаюць у вытворчасьць. У нас захавалася школа ткачоў, навучаных у Ліёне. Майстрыні — ужо бабулі, можа, нават ня ўсе жывыя — пры канцы 1970-х праходзілі навучаньне ў Францыі, габэлен як сучасны від мастацтва адроджаны там. Менавіта сучасны, бо ў габэлен „гулялі“ і Лежэ, і Матыс, а калі заглыбіцца, то і Рафаэль рабіў такія шпалеры. Габэлен у савецкія часы каштаваў неймаверных грошай, а лепшая база была ў нас: тут ткалі і расейцы, і ўкраінцы, стаялі чэргі на камбінат. І цэх працаваў на выкананьне менавіта манумэнтальных замоваў саюзнага значэньня. Там праварочваліся вялізныя бабкі».

Пазнавальны арнамэнт: нацыяналізм ці глябалізм?

Пазнавальны арнамэнт: нацыяналізм ці глябалізм?

Пры канцы размовы пытаюся ў спадара Лісавенкі: які тэматычны сэрыял ці, магчыма, асобна ўзятую працу за 30 гадоў актыўнай дзейнасьці ён можа назваць найбольш удалым увасабленьнем аўтарскай задумы? Уладзімер адказвае без ваганьняў — «джынсавая сэрыя». Так званы джут з уплеценымі джынсавымі фрагмэнтамі і стужкай з бабінных прайгравальнікаў сатканы з джынсаў, якія несьлі мастаку сябры і знаёмыя:

Перад уваходам у мастацкую школу

Перад уваходам у мастацкую школу

«Сем гадоў таму, на сваё 50-годзьдзе, я падрыхтаваў свой „джутавы“ праект. Заявіўся ў Музэй сучаснага мастацтва і, паколькі мы адносімся да аднаго ўпраўленьня культуры, мне далі залю. Я ўсю тую прастору завешаў джутавымі працамі, там не было прадстаўлена нават клясычнага габэлену. Я не намагаўся на 50 гадоў выставіць усё, што нарабіў за сваё жыцьцё — як любяць рабіць калегі, падводзячы нейкія вынікі і г.д. У мяне шмат жывапісу, шмат графікі, міні-габэленаў, але я выступіў толькі з адным кірункам, джутавым. І неяк вельмі ўдала трапіў, як кажуць „стрэліў“. Як я ўжо казаў, часы пачаліся больш слаўныя, але менш матэрыяльныя. То бок славы станавілася больш і больш, а фінансава, атрымліваецца, праз мастацтва выжыць усё складаней. Тут да месца згадаць Сэзана, які быў, калі не памыляюся, сынам банкіра. Калі да яго прыходзіў малады чалавек і прасіў павучыць жывапісу, то мастак абавязкова цікавіўся: а хто вашы бацькі? Таму што пачынаць займацца мастацтвам могуць толькі багатыя людзі, якія гатовыя ўкладаць у сваіх дзяцей».

«Кучаравыя» дрэвы з «джутавай калекцыі»

«Кучаравыя» дрэвы з «джутавай калекцыі»

Уладзімер Лісавенка нарадзіўся ў 1959 годзе ў Падмаскоўі ў сям’і вайскоўца. Скончыў аддзяленьне мастацкага афармленьня і мадэляваньня вырабаў Інстытуту тэкстыльнай і лёгкай прамысловасьці ў Віцебску. Пэрсанальныя выставы мастака праходзілі ў Менску, Таліне, Маскве. Працуе ў галіне тэкстыль-дызайну, інтэр’еру і аўтарскага габэлену. Работы Ўладзімера Лісавенкі знаходзяцца ў прыватных калекцыях ЗША, Канады, Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Ізраіля, Італіі, Нямеччыны, Польшчы, Францыі, іншых краінаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG