Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Крукоўскі: Ніводнай хвіліны мяне не пакідала ўпэўненасьць, што «Пагоня» вернецца


Уладзімер Крукоўскі

Уладзімер Крукоўскі

Прызнаньне былога кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леаніда Сініцына, што менавіта ён — аўтар герба Беларусі, прынятага пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1994 году, выклікала шырокі рэзананс, прынамсі сярод мастакоў, неабыякавых беларусаў.

Ці магло так адбыцца насамрэч, што непрафэсіянал зрабіў эскіз, і ён адразу ж стаў дзяржаўным гербам, без абмеркаваньня, прыняцьця адмыслоўцамі?

Адзін з суаўтараў герба «Пагоня», зацьверджанага ў 1991 годзе нацыянальным сымбалем, дзяржаўным гербам незалежнай Беларусі, мастак Уладзімер Крукоўскі кажа:

«Калі ён сам кажа, што гэта зрабіў, значыць, гэта магчыма. Узяць чужую працу і дадаць да яе пару рысачак — у юрыдычнай тэрміналёгіі гэта называецца плягіят. Крадзеж, з латыні. Аўтарам яго ну ніяк немагчыма лічыць. Бо ў паняцьце „плягіят“ уваходзіць ня толькі крадзеж тэксту, цытаты, чатырохрадкоўя: нават фрагмэнт адзін скрадзены, скалькаваны адзін да аднаго — гэта ўжо плягіят, крадзеж. Нават сама ідэя ці мастацкі вобраз, выкарыстаны некім, гэта ўжо плягіят.

Ну, а пра аўтарства Сініцына я наагул не хачу гаварыць, таму што няма пра што гаварыць. Бо гэта ня герб, гэта абы-што. Гэта савецкае абы-што, якое было некалі ўва ўсіх савецкіх рэспубліках, а ў нас і па сёньняшні дзень яно засталося. Тая ж самая сытуацыя і са сьцягам».

І хоць рабіць шаржы, карыкатуры зь дзяржаўных сымбаляў ва ўсім сьвеце не прынята, Уладзімер Крукоўскі яшчэ ў 1997 годзе не стрымаўся і зрабіў «Беларускую мадэль»:

«Пустая каструля ляжыць на баку — тут жа ўсё зразумела. Сэнс, звышзадача — што па-расейску „накрыўка“ называецца як? Крышка. А „крышка“ мае вельмі шмат сэнсаў: гэта „капцы“, гэта „хана“, гэта „кіндык“ — усё гэта „крышка“. Вось чаму я прыдумаў вось гэты сюжэт з сучасным гербам».

Мастак Уладзімер Крукоўскі нагадаў, як ішла праца над першым гербам незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе. Пасьля таго як Вярхоўны Савет прыняў рашэньне, што новымі нацыянальнымі сымбалямі будуць «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг, была створана адмысловая камісія па распрацоўцы эталёнаў сымболікі з дасьведчаных людзей. А ў групу па стварэньні ўзораў увайшлі Яўген Кулік, Мікола Купава, Леў Бартлаў і ён. А куратарамі былі дэпутаты Алег Трусаў і Зянон Пазьняк. Працавалі вельмі напружана. Былі спрэчкі па колеры на сьцягу — спыніліся ўрэшце на кармінна-чырвоным. Была праблема з навершам для сьцяга — камуністы зь Вярхоўнага Савету на поўным сур’ёзе прапаноўвалі ці зорку, ці серп і молат туды ўсунуць. Аднак было зацьверджана клясычнае наверша з шасьціканцовым крыжам. І эталёны зацьверджаныя адмысловымі заканадаўчымі актамі, кажа Ўладзімер Крукоўскі:

«Ёсьць жа зборнік заканадаўчых актаў, і тут усё расьпісана: склад камісіі, функцыі, абавязкі, старшыня, нават ёсьць заканадаўча зацьверджаныя ўзоры тканіны, зь якой трэба сьцяг шыць. Усё распрацавана падрабязьнейшым чынам было. Вось так трэба працаваць, а ня так, як Сініцын: недзе сеў за стол і намаляваў эскіз на сурвэтачцы ў кавярні».

І ўсё ж такі, калі верыць Сініцыну і ён сапраўды намаляваў эскіз, то дагэтуль няма пэўнасьці, хто з мастакоў давёў справу да канца, зрабіў каляровае афармленьне. Хадзілі чуткі, што герб дамалёўваў сын народнага мастака Міхаіла Савіцкага Андрэй.

У тыднёвіку «Свободные новости» за 21–28 лістапада 1997 году апублікаванае інтэрвію Андрэя Савіцкага, дзе ён кажа:

«Канкрэтнага аўтара БССР-аўскага герба няма, ёсьць выканаўца чужых ідэй народны мастак Волкаў. Цяперашні герб канкрэтнага аўтара ня мае. На 50% ягоны аўтар — аўтар ідэі вяртаньня старой сымболікі, а на астатнія 50% — апэратар кампутара, што скапіяваў мапу Беларусі. Няма і канкрэтнага мастака-выканаўцы...

На гэты новы герб ніхто ня можа нават падаць на аўтарскія правы, таму што калі зьявіцца які-небудзь умоўны мастак Іваноў і запатрабуе іх, то нашчадкі Волкава змогуць падаць на яго ў суд — калька новага герба цалкам кладзецца на кальку волкаўскага. Адзінае, магу назваць прозьвішча скульптара Папсуева, які працаваў над аб’ёмнай выявай. Што тычыцца сьцяга, то гэта наагул чыстая калька старога БССР-аўскага: замяніць фон арнамэнту — гэта ж пару разоў націснуць клявішы кампутара».

Некалькі месяцаў таму Андрэй Савіцкі памёр. Карэспандэнту Радыё Свабода гэтае інтэрвію зь ім, датаванае 1997 годам, паказаў мастак Уладзімер Крукоўскі, выказаўшы такое меркаваньне:

«Ужо ні аднаго няма Савіцкага, ні другога. Але сам Андрэй піша, што прыходзілі ў майстэрню да Міхаіла Андрэевіча зь нейкімі прапановамі і просьбамі. І Савіцкі-старэйшы прапаноўваў абвясьціць конкурс, камісію стварыць — гэта са слоў Андрэя. Але ад гэтага адмахнуліся, зрабілі „кабінэтным спосабам“ — на аркушы паперы».

То бок атрымліваецца, што да цяперашняй сымболікі ні народны мастак Беларусі Міхаіл Савіцкі, ні ягоны сын Андрэй ніякага дачыненьня ня маюць.

Што да «Пагоні», то ў 2007 годзе пастановай Савету Міністраў герб «Пагоня» быў уключаны ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Ці ганарыцца гэтым адзін з аўтараў герба Ўладзімер Крукоўскі?

«Але ж заканадаўства пад гэтае паняцьце ніхто не распрацоўваў, яго няма. Як ставіцца да гісторыка-культурнай каштоўнасьці? Калі гэта, дапусьцім, старажытны будынак, на якім вісіць шыльдачка — гэта азначае, што нельга зь яго выбіць кавалак цэглы альбо разьбіць шкло, гэта будзе ўжо крымінал. Што тычыцца герба „Пагоня“, дык гэта ж не канкрэтны малюнак. Таму любая „Пагоня“ — няважна, кім яна намаляваная, як яна намаляваная. Галоўнае, каб яна адпавядала тым гістарычным нормам і стандартам, якія яшчэ былі распрацаваныя ці зацьверджаныя пры князю Віценю: гэта вершнік на белым кані з узьнятым мечам. І што з таго, што яна абвешчана каштоўнасьцю? Нічога. Абароны ж няма».

І ўсё ж такі, ці ёсьць у мастака Крукоўскага, суаўтара герба «Пагоня», які быў дзяржаўным сымбалем з 1991 па 1995 гады, надзея на тое, што калі-небудзь вершнік на белым коні вернецца?

«За 20 гадоў пасьля рэфэрэндуму ніколі, ніводнай хвіліны мяне не пакідала думка, і гэта нават не надзея — упэўненасьць, што „Пагоня“ вернецца на сваё месца. Якая — ня важна. Магчыма, будзе новы конкурс, можа, будзе іншая выява прынятая, але яна вернецца абавязкова. Гэта непазьбежны гістарычны працэс. Таму што ў яе такая калясальная гістарычная база! Ёй столькі гадоў, што проста па статусе сваім, па працягласьці існаваньня яна зрабілася бесьсьмяротнай. Ніякія абвінавачваньні ў калябарацыянізьме, ніякія спасылкі на падабенства — няма ніякіх падстаў, каб яе зьнішчаць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG