Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маці палітвязьня Ўладзімера Кондруся: «Ішоў на залаты мэдаль, але атрымаўся толькі сярэбраны»


Меркавана, Уладзімер Кондрусь біе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году

Меркавана, Уладзімер Кондрусь біе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году

16 лістапада ў Менску пачнецца працэс над удзельнікам «Плошчы-2010», жыхаром Рудзенску Ўладзімерам Кондрусем, якога сьледзтва падазрае ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці падчас мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў. Але хто такі Ўладзімер Кондрусь? Чаму пра такога актывіста не было чуваць раней? Чаму ўрэшце ён трапіў у поле зроку праваахоўнікаў? На некаторыя з гэтых пытаньняў карэспандэнту Свабоды адказала маці Ўладзімера Кондруся Галіна Васільеўна.

«У школе ішоў на залаты мэдаль, але атрымаў сярэбраны»

Уладзімеру Кондрусю 39 гадоў, пяць апошніх месяцаў ён правёў пад вартай на «Валадарцы». Калі ў чэрвені Ўладзімера затрымалі, ён неўзабаве абвясьціў галадоўку пратэсту і пратрымаўся амаль два месяцы. Апазыцыянэра перавялі ў турэмны шпіталь, дзе маці з бацькам змаглі яго пабачыць. «Быў худы і слабы, прывезьлі да нас на вазку», — згадвае Галіна Васільеўна пра стан сына падчас галадоўкі. Больш Уладзімера яна ня бачыла, але зь лістоў сына кажа, што той пачуваецца лепей, амаль аднавіў вагу.

Пры гэтым Уладзімера Кондруся дагэтуль трымаюць у рэспубліканскім турэмным шпіталі пад наглядам лекараў.

«Ён упарты. Зь дзяцінства быў адначасова ўпартым і добрым, паслухмяным. Як што дапамагчы па дому, калі ласка. І да вучобы быў спрытны і здатны.

Асабліва яму давалася матэматыка. Як школу заканчваў, дык казалі настаўнікі, што такога моцнага ў матэматыцы выпускніка пяць год ужо не было. Ішоў на залаты мэдаль, але якраз праз сваю любімую матэматыку мэдаль атрымаў толькі сярэбраны. Усё здаў, а як павезьлі працу на камісію, дык нейкую памарку там знайшлі, а ягонай настаўніцы, якая б абараніла, побач не аказалася. У выніку атрымаў толькі сярэбраны мэдаль і з таго вельмі шкадаваў.

Гэта сапраўды адбілася на ягоным лёсе: хацеў паступаць у радыётэхнічны на кампутаршчыка, але там быў вялікі конкурс, і зь сярэбраным мэдалём было б цяжка адразу прайсьці. Мы ж пачалі адгаворваць, што як будзеш, калі не паступіш, калі забяруць у войска?

Казаў мне і бацьку, што працаваць на гэты рэжым ня будзе

Можа, трошкі і нашкодзілі. Бо ў выніку падаў дакумэнты ў наргас на бухгальтарскі ўлік. Скончыў, але тут яму нешта не задалося, зьехаў потым у Маскву і ўсё роўна працаваў там праграмістам.

Недзе два гады таму вярнуўся з Масквы, тлумачыў, што стала цяжка жыць і працаваць, пагоршылася эканамічная сытуацыя. Можа і гэтак, мне цяжка казаць, бо сын шмат пра сваё маскоўскае жыцьцё не распавядаў.

За гэтыя два гады спрабаваў некуды ўладкавацца, але, відаць, нешта яго зноў не задавальняла. Казаў мне і бацьку, што працаваць на гэты рэжым ня будзе. Жыў апошнія два гады з намі, дапамагаў па гаспадарцы, але стала нідзе не працаваў», — распавяла пра свайго сына Галіна Кондрусь.

«Сьледчыя знайшлі значок з «Пагоняй»

Пра палітычныя погляды свайго сына Ўладзімера маці кажа з упэўненасьцю — «апазыцыянэр, нават бээнэфавец», і дадае тое, што ведае.

«Ён ніколі ня быў ні ў якай партыі ці нават грамадзкай арганізацыі. Такі апазыцыянэр-адзіночка. Даводзіў нам, што каб у 1994 годзе ўсе галасавалі за Пазьняка, дык цяпер бы ўсё было інакш. Відаць, сапраўды было б лепш.

Ён ніколі ня быў ні ў якай партыі ці нават грамадзкай арганізацыі. Такі апазыцыянэр-адзіночка

Палітыкай уладаў быў збольшага незадаволены, крытыкаваў. Асабліва яго дапякала, што выбары ў нас праходзяць несумленна. Па-першае, атрымалася, што ён хоць быў у нас прапісаны, але на выбары яго ніколі не запрашалі. Здаецца, ніводнага разу і не галасаваў. Па-другое, стаў на тую пазыцыю, што ўдзельнічаць у такіх выбарах нельга. Але хіба гэта злачынства — тлумачыць, што ў нас няма выбару?

Бел-чырвона-белы сьцяг і „Пагоню“ ён падтрымліваў, значак з „Пагоняй“ у нас у доме падчас ператрусу знайшлі, а вось бел-чырвона-белага сьцяга ў яго не прыпомню.

Відаць, нечага начытаецца ў інтэрнэце, натхніцца і паедзе ў Менск, але мы ня чулі, каб расказваў, што браў удзел у нейкім мітынгу — хваліцца не любіў. Потым, праўда, даведваліся.

На гадавіну таго мітынгу езьдзіў у Менск, яго затрымалі, ноч не было — вельмі за яго перажывала. Штраф плаціў. Было, што і на сутках сядзеў — нібыта за лістоўкі пра байкот выбараў», — кажа Галіна Кондрусь.

Як атрымалася, што міліцыя толькі амаль праз 6 гадоў дакапалася, што яе сын браў удзел у мітынгу 19 сьнежня 2010 году? Пэўнага адказу на гэтае пытаньне Галіна Васільеўна ня мае, але мяркуе, што да гэтага маглі спрычыніцца, нават не жадаючы таго, сталічныя журналісты.

«Калі ўвесну ў вас пачаліся акцыі ў падтрымку прадпрымальнікаў, ён на іх езьдзіў. Можа, хто яго сфатаграфаваў там, ці што напісалі. Але якраз у чэрвені па яго прыйшлі, а раней жа не было», — заўважае Галіна Кондрусь.

«У Маскве паўсюль „чорная“ бухгальтэрыя»

Прычынай праблем, якія цяпер перажывае яе сын, Галіна Кондрусь лічыць ягонае пачуцьцё справядлівасьці. «Навучыла на сваю галаву», — кажа пра ўплыў на сына Галіна Васільеўна.

«У яго праз тую справядлівасьць, відаць, і ў Маскве не атрымалася. Потым казаў, што ня змог вытрымаць, што там паўсюль, дзе працаваў, „чорная“ бухгальтэрыя. Ён і тут гэтага апасаўся ды не ішоў на працу абы-куды.

Яшчэ вельмі чульлівы. Сабачка з намі жыве, дык гэта ён прынёс дамоў. Вельмі цяпер па ім сумуе. Сабачак, коцікаў — гэта ён вельмі любіць. У Маскве ў яго пацучок жыў, дык як памёр, сюды прывёз, пахаваў у двары, вунь пад парэчкамі закапаў.

А вось сваёй сямʼі пакуль не завёў, і чаму, не расказваў. Можа, яшчэ ўсё наперадзе? Як мяркуеце, пасадзяць яго ці не?», — пытаецца Галіна Васільеўна па-беларуску.

«Па-беларуску вітаецца і нас падбадзёрвае»

У сямʼі Кондрусяў размаўляюць па-расейску ды на беларускай трасянцы, але яшчэ задоўга да затрыманьня Ўладзімер завёў, што часта ўжываюць і літаратурную беларускую мову.

Ён і калі з Масквы прыяжджаў, а мы яго як зьбяром і пачынаем разьвітвацца, дык ён заўсёды па-беларуску

«Школу ён заканчваў нашу, рудзенскую, якая расейскамоўная. А беларускую мову вывучаў як прадмет, але вельмі палюбіў. Нават з Масквы лісты пісаў па-беларуску, і цяпер, з турмы, таксама піша. Вось: „Вітаю... з днём народзінаў... дзякуй за перадачы... трымайцеся“, — гэта ж па-беларуску. Шмат такіх словаў, але і па-руску піша, бо ведае, што мы ў асноўным рускамоўныя. Ён і калі з Масквы прыяжджаў, а мы яго як зьбяром і пачынаем разьвітвацца, дык ён заўсёды па-беларуску».

Галіна Васільеўна ўважліва выслухала меркаваньне, што ў яе сына ўсё ж ёсьць шанец падзяліць лёс палітвязьняў Эдуарда Пальчыса і Зьмітра Паліенку, якіх нядаўна суд прызнаў вінаватымі, але пакараў толькі ўмоўнымі тэрмінамі ці «хіміяй» — то бок не адправіў зноў за краты.

«Вельмі спадзяюся», — сказала маці Ўладзімера Кондруся і дадала: «Вы ж толькі нічога не пішыце, што яму можа пашкодзіць». Але што гэта можа быць, жанчына і сама ня ведае.

Непасрэдна абвінавачаньні на адрас сына Галіна Васільеўна камэнтаваць не бярэцца, у тым ліку таму, што дала падпіску. Ці будуць маці і бацька Ўладзімера Кондруся выступаць у судзе над ім у якасьці сьведак, яны яшчэ ня вызначыліся.

Праваабаронцы Беларусі прызналі Ўладзімера Кондруся палітвязьнем і патрабуюць ад уладаў спыніць адносна яго крымінальны перасьлед ды тэрмінова вызваліць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG