Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У аўтамабільнай аварыі загінуў сябра партыі БНФ, грамадзкі актывіст Уладзімер Кішкурна. Ён памёр ранкам, 4 верасьня, у раённым шпіталі ў Івацэвічах, куды яго прывеьлі пасьля трагічнага здарэньня. Напярэдадні аўтамабіль, якім кіраваў актывіст, сутыкнуўся з грузавіком. Кіроўца атрымаў цяжкія траўмы, ад якіх неўзабаве памёр.

Як паведаміў Свабодзе Мікалай — сын Уладзімера Кішкурны, ягоны бацька ехаў у санаторый на Берасьцейшчыне:

«Ён меў накіраваньне на лячэньне і павінен быў трапіць у санаторый на дзень раней, але затрымаўся. Пра іншыя падрабязнасьці казаць пакуль цяжка».

Мікалай — адзін з трох сыноў Уладзімера Кішкурны. На пытаньні адказвае па-беларуску і кажа, што бацька для яго — перадусім актывіст і грамадзкі дзеяч:

«Так склалася, што ад пяці гадоў ня меў магчымасьці жыць разам з татусем. Але мы заўсёды зь ім кантактавалі. Гэта быў чалавек, на дапамогу якога заўсёды можна было спадзявацца, ён заўсёды падтрымліваў у цяжкую хвіліну. Мы былі зь ім аднадумцамі, і для мяне ён перадусім грамадзкі дзеяч, які шчыра любіў сваю радзіму і непакоіўся за яе лёс».

Уладзімер Кішкурна нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Прылепцы, цяпер гэта Плешчаніцы. Скончыўшы ВНУ, працаваў інжынэрам-канструктарам на заводзе аўтаматычных ліній, іншых прадпрыемствах Менску. Напрыканцы 1980-х гадоў, калі распачаўся масавы рых нацыянальнага Адраджэньня, Уладзімер Кішкурна стаў у першыя ягоныя шэрагі. Узгадвае мовазнаўца і грамадзкі дзеяч Вінцук Вячорка:

І калі здавалася, што справа зусім безнадзейная, прыходзіў Уладзімер Герасімавіч і сваёю ўсьмешкаю і аптымізмам адраджаў да жыцьця і дзеяздольнасьці ўсіх

«У мяне такое ўражаньне, што Ўладзімера Кішкурну ведаў заўсёды. Бо ён, зь ягонай жыцьцёвай энэргіяй і прынцыпамі, адразу вызначыўся яшчэ ў тагачаснай сытуацыі і заўсёды заставаўся ў ліку самых трывалых, самых надзейных і самых прынцыповых фронтаўцаў. Ён ніколі не прымаў маны і „загульваньняў“ зь несвабоднай уладай. Заўсёды быў прынцыповым і ўпартым беларускамоўным беларусам і заўсёды адстойваў гэтае права — быць беларусам у самых розных жыцьцёвых сытуацыях. Быў жыцьцялюбам, жыцьцярадасным, крыніцай энэргіі для ўсіх. І ён вельмі шмат рабіў менавіта арганізацыйных спраў. І калі здавалася, што справа зусім безнадзейная, прыходзіў Уладзімер Герасімавіч і сваёю ўсьмешкаю і аптымізмам адраджаў да жыцьця і дзеяздольнасьці ўсіх. Заўсёды быў хуткі, трымаўся прынятых рашэньняў. І вось на гэтай хуткасьці і загінуў, што ёсьць трагедыяй для ўсіх».

Уладзімер Кішкурна

Уладзімер Кішкурна

Уладзімер Кішкурна быў заўсёдным удзельнікам мітынгаў, шэсьцяў, розных вулічных акцыяў. Шмат разоў яго затрымлівалі, каралі зьняволеньнем і штрафамі. І пры гэтым актывіст заўсёды заставаўся чалавекам, які ніколі і нічога не прасіў, кажа яшчэ адзін сябра нябожчыка, рэжысэр Валеры Мазынскі:

«Мы пачалі сябраваць зь ім са сваркі: ён прыйшоў да мяне ў тэатар „Вольная сцэна“. Ня памятаю ўжо, зь якой менавіта патрэбы, але ён штосьці патрабаваў у справах фронтаўскіх. А я не люблю, калі ад мяне адразу нешта патрабуюць, і яго „афіцыйна“ выставіў. А Ўладзімер чалавек быў гарачы і ніколі ня ўмеў прасіць: ён прыходзіў і казаў, што трэба. З таго часу мы „зачапіліся“ адзін за аднаго ў фронтаўскіх справах. Ён быў рухавіком гэтага ўсяго. Проста рухавіком: адкрыты, шчыры, апантаны. Мы разам аўдыёкнігі выдавалі, на пачатку 90-х нейкія фірмы арганізоўваў, нешта зарабляў і спускаў гэтыя грошы на фронтаўскія справы — шмат што. Нам такіх людзей не хапала. Калі б больш такіх людзей было, то нешта ў нас было б па-іншаму».

Сябры і паплечнікі мяркуюць, што, магчыма, спадару Ўладзімеру падчас руху стала кепска, і ў выніку ягоны легкавік урэзаўся ў грузавы аўтамабіль. Зрэшты, дарога для актывіста была рэччу звыклай, кажа сябра і паплечнік Уладзімера Кішкурны ў партыі БНФ Аляксей Кавалец:

На яго заўсёды можна было спадзявацца да апошняга: калі да Валодзі зьвернесься — дапаможа

«Я багата зь ім праехаў, і багата мы зрабілі разам працы рознай. Зь ім было заўсёды цікава — цікава і страшна, бо ён заўсёды быў эксцэнтрычны, заўсёды лёгка сябе паводзіў. Ён заўсёды прыходзіў на дапамогу, і гэта была супэровая якасьць. На яго заўсёды можна было спадзявацца да апошняга: калі да Валодзі зьвернесься — дапаможа. І ён вельмі шмат рабіў менавіта арганізацыйных спраў. У ягоныя гады ён, як малады хлопец, быў актыўны. Але вось гэтая энэргічнасьць — яна ў выніку падрывае сілы ў людзей, якія актыўныя, шмат перажываюць за штосьці — сэрца іх і падводзіць. Калі апошні раз зь ім сустракаліся, то ён казаў, што вось паеду ў санаторый у Берасьці і там адпачну. І вось гэтая паездка і спрычынілася да трагедыі».

Уладзімер Кішкурна на талацэ ў Курапатах

Уладзімер Кішкурна на талацэ ў Курапатах

Акрамя іншага, Уладзімер Кішкурна таксама заўсёды стаяў у шэрагу актывістаў, якія ў розныя часы ўставалі на абарону Курапатаў, кажа Вінцук Вячорка:

«Ён ад самага пачатку раскрыцьця курапацкай трагедыі быў перакананы, што Курапаты закранулі і ягоных блізкіх. Ён ненавідзеў таталітарны бальшавіцкі рэжым, ад якога пацярпела і ягоная сям’я. Ён ставіў крыжы ў памяць сваіх блізкіх. І калі была памятная абарона Курапатаў ад захопніцкага будаўніцтва дарогі, ён быў адным з арганізатараў тэхнічнай часткі. Вось гэтыя намёты, сілкаваньне для абаронцаў — гэта была ягоная праца. Ён асабліва ніколі пра гэта не нагадваў, але людзі гэта памятаюць. І вось цяпер, калі зноў абвастрылася сытуацыя вакол Курапатаў у сувязі са зьмяншэньнем ахоўных зонаў, з будаўніцтвам „Бульбаш-холу“, ён стаў адным з ключавых людзей, якія арганізоўвалі там акцыі і талокі: высаджваў дэкаратыўныя расьліны, ставіў крыжы — ва ўсіх сэнсах замяніць яго няма кім».

Як паведамілі родныя, Уладзімера Кішкурну пахаваюць на вясковых могілках у Строчыцах пад Менскам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG