Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Беражкоў: Пра маю справу са старшынём КДБ мы зусім не размаўлялі


Уладзімер Беражкоў, архіўнае фота

Уладзімер Беражкоў, архіўнае фота

Былы рэдактар «Прэсболу» і былы генэральны мэнэджэр хакейнага клюбу «Дынама» Ўладзімер Беражкоў спадзяецца, што цягам месяца атрымае зьвесткі пра закрыцьцё сваёй крымінальнай справы.

«Вельмі спадзяюся, што справу менавіта закрыюць, бо я выканаў усе ўмовы. Спадзяюся, пра гэта мне стане вядома да канца бягучага месяца», — сказаў Уладзімер Беражкоў карэспандэнту Свабоды.

Спадар Беражкоў пацьвердзіў, што пачынае працаваць паводле дамовы-падраду зь Беларускай фэдэрацыяй біятлёну.

«Гэта не пасада, ня пост, але пэўны абʼём працы па рэалізацыі праекту мэдычнага рэабілітацыйнага цэнтру. Як мэнэджэр буду курыраваць гэты праект. Арыенцір — два месяцы, каб адкрыць цэнтар», — сказаў Уладзімер Беражкоў і дадаў, што платай за зробленую працу будуць пэўныя грошы, «але невялікія».

Прапанову заняцца праектам рэабілітацыйнага мэдычнага цэнтру для біятляністаў Уладзімер Беражкоў атрымаў ад старшыні КДБ Валера Вакульчыка, які ўзначальвае Беларускую фэдэрацыю біятлёну. Паводле спадара Беражкова, у іх размове з Валерам Вакульчыкам крымінальная справа, якая была заведзеная на Беражкова, зусім не фігуравала.

«Мы ў размове гэтую тэму ўвогуле не закраналі. Яна ня тычыцца маёй будучай працы», — удакладніў спадар Беражкоў. Паводле былога арыштанта Валадаркі, раней ён ня быў знаёмы з Валерам Вакульчыкам.

На пасадзе генэральнага мэнэджэра хакейнага клюбу «Дынама», які выступае ў аўтарытэтнай хакейнай лізе КХЛ, Уладзімер Беражкоў хутка здабыў рэпутацыю моцнага прафэсіянала. Але чаму ён пагадзіўся працаваць з фэдэрацыяй біятлёну, зь якой ніколі ня меў дачыненьняў? Уладзімер Беражкоў на гэта адказаў, што ў свой час ён і ў хакейны клюб прыйшоў не з хакею, а з пасады рэдактара спартовай газэты. «Ведаеце, мэнэджэр — гэта такая праца, якая запатрабаваная ў шырокай сфэры, тым больш спартовы мэнэджэр. Спадзяюся, атрымаецца».

Уладзімер Беражкоў быў затрыманы ў жніўні 2015 году, а выйшаў на волю пад падпіску аб нявыезьдзе месяц таму. Былога топ-мэнэджэра «Дынама» Беражкова абвінавацілі ў нанясеньні клюбу грашовых стратаў на мільярд рублёў. Паводле сьледзтва, гэтыя страты ён цалкам кампэнсаваў. За два месяцы да арышту Ўладзімера Беражкова быў арыштаваны і гендырэктар «Дынама» (Менск) Максім Суботкін, справу якога, паводле Сьледчага камітэту, пазьней абʼядналі са справай Уладзімера Беражкова. Ці мае Ўладзімер Беражкоў вэрсію, чаму ягонага былога калегу дагэтуль ня вызвалілі?

Спадар Беражкоў сказаў, што такой вэрсіі ня мае.

«Нічога пра яго ня ведаю больш, чым піша прэса. Мы зь ім ніяк не перасякаліся, ніяк не кантактавалі. У ізалятары на Валадарскага бачылі адзін аднаго толькі падчас азнаямленьня са справай, але кантактаваць не маглі. Сядзелі мы ў розных камэрах, і я ня ведаю, дзе ён цяпер», — сказаў спадар Беражкоў пра Максіма Суботкіна.

Днямі прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Пётар Кісялёў паведаміў журналістам, што Максім Суботкін дагэтуль пад вартай. «Зь ім нічога новага», — сказаў Пётар Кісялёў.

Паводле ранейшых зьвестак, Максім Суботкін кампэнсаваў інкрымінаваную яму шкоду ў 2,4 мільярда рублёў і чакае разгляду свайго прашэньня аб памілаваньні. У мэдыях былі зьвесткі, што Максіма Суботкіна ў ізалятары наведвае праваслаўны сьвятар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG