Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэра Ўладзімера Беражкова на «Валадарцы»: Тэлевізар быў, але забралі. Чатыры шконкі, але падсялялі пятага


Уладзімер Беражкоў

Уладзімер Беражкоў

«Мера стрыманьня, якая была прымененая да Ўладзімера Беражкова не мянялася, ён застаўся пад вартай», — паведамілі карэспандэнту Свабоды 22 кастрычніка ў Сьледчым камітэце Беларусі пра былога выканаўцу абавязкаў генэральнага дырэктара менскага хакейнага клюбу «Дынама» Ўладзімера Беражкова, які быў арыштаваны ў сярэдзіне жніўня.

Праз два месяцы пасьля арышту Ўладзімера Беражкова яго сябры і сваякі спадзяваліся, што меру стрыманьня вязьню зьменяць на не зьвязаную з утрыманьнем пад вартай, але гэтага не адбылося. Тым часам калегі Беражкова па працы ў клюбе і хакеісты менскага «Дынама» зьвярнуліся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зь лістом, у якім просяць вызваліць Беражкова да суду. «Ён не ўяўляе грамадзкай небясьпекі і ня зробіць спробаў уцячы ад правасудзьдзя», — упэўненыя аўтары ліста ў падтрымку Ўладзімера Беражкова.

Што вядома пра ўмовы, у якіх знаходзіцца вядомы хакейны адмысловец? Крыніца, якая валодае некаторымі зьвесткамі на гэты конт, прасіла яе не называць.

«Ён сядзіць у камэры № 19, гэта камэра ня з горшых на „Валадарцы“, але ўсё роўна там умовы даволі жорсткія. Камэра разьлічаная на 4 вязьняў, там стаяць 4 шконкі, але бывала, што падсялялі і пятага, таму нехта мусіў спаць на падлозе. Нейкі час у камэры быў тэлевізар, але гаспадара тэлевізара перавялі, зь ім зьнік і тэлевізар. Пошту Ўладзімер атрымлівае, атрымлівае газэты. Абыходжаньне зь ім як зь іншымі. У камэры бывалі раптоўныя ператрусы, пасьля якіх узьнікалі бытавыя праблемы, нават гарбату не было ў чым папіць, але паступова неяк усё вырашалася. Настрой Уладзімера розны. Бывае, што дасылае даволі „кіслыя“ лісты, але ў асноўным нармальныя. Што будзе змагацца, цярпець, чакаць, што ўсё высьветліцца».

Бывае, што дасылае даволі „кіслыя“ лісты, але ў асноўным нармальныя. Што будзе змагацца, цярпець, чакаць, што ўсё высьветліцца

Ці ёсьць шанец, што ліст хакейнай каманды ў падтрымку Ўладзімера Беражкова рэальна дапаможа ў справе яго вызваленьня з-пад варты? Вячаслаў Федарэнкаў, журналіст газэты «Прессбол», якой кіраваў Уладзімер Беражкоў да пераходу ў «Дынама», такога шанцу не выключае.

«Гэта яшчэ адзін фактар, які можа дадаць справе больш увагі з боку сьледчых органаў. Гэта грамадзянская падтрымка, якая ніколі ня будзе залішняй. Прычым падтрымка тых, хто ня проста зь ім у адной суполцы, а хто добра ведае справу, якой ён сябе прысьвяціў».

Месяцам раней, чым Уладзімер Беражкоў, быў затрыманы Максім Суботкін, які працаваў генэральным дырэктарам клюбу «Дынама Менск». У Сьледчым камітэце кажуць, што крымінальныя справы Максіма Суботкіна і Ўладзімера Беражкова розныя, між тым адмыслоўцы кажуць пра пэўную сувязь паміж адной і другой. Чаму хакеісты менскага «Дынама» заступіліся за Ўладзімера Беражкова, але не заступаюцца за Максіма Суботкіна?

«Чаму? Вэрсіяў тут у мяне мала. Магчыма, таму, што каманда больш ведае Беражкова, бо зь ім больш працавала. Зьвяно, якое зьвязвала каманду і трэнэрскі штаб з гендырэктарам, якім быў Суботкін, — гэта быў Беражкоў, які заўсёды быў пры камандзе, у тым ліку ён вёў перамовы з хакеістамі. Таму яны яго лепш ведаюць, магчыма, яны ведаюць тое, чаго мы ня ведаем пра сутнасьць гэтай справы. Ва ўсякім разе, што ў яго няма асабістай зацікаўленасьці ў тых сродках, якія, як падаецца, зьніклі».

Паводле Сьледчага камітэту, Уладзімер Беражкоў падазраецца ў крадзяжы праз выкарыстаньне службовых паўнамоцтваў грашовых сродкаў хакейнага клюбу «Дынама Менск» на суму 1 мільярд 90 мільёнаў рублёў. Яшчэ ў канцы жніўня прадстаўнікі Сьледчага камітэту і МУС распавядалі журналістам, што Беражкоў супрацоўнічае са сьледзтвам, гатовы кампэнсаваць нанесеную шкоду і зьбіраецца прасіць Аляксандра Лукашэнку аб памілаваньні. Ці накіраваў Беражкоў такі зварот на імя Лукашэнкі, невядома.

XS
SM
MD
LG