Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дарадца Пуціна: Беларусь — кандыдат № 1 на расейскае ўварваньне


Андрэй Іларыёнаў
Андрэй Іларыёнаў

Расейскі эканаміст, дарадца прэзыдэнта Расеі ў 2000-2005 гг. Андрэй Іларыёнаў лічыць, што Беларусі пагражае расейская ваенная агрэсія.

У інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Апостраф» Іларыёнаў адзначыў, што ў Крамля ёсьць як канвэнцыйныя, так і неканвэнцыйныя інструмэнты зьнешняй агрэсіі. Прыклад выкарыстаньня канвэнцыйных інструмэнтаў — гэта анэксія Крыма і вайна на Данбасе.

«На сёньняшні момант кандыдат № 1 на ўварваньне такога роду — гэта Беларусь», — заявіў Іларыёнаў.

Паводле яго, усё будзе залежаць перш за ўсё ад стану здароўя Аляксандра Лукашэнкі і ўстойлівасьці яго кругласуткавай сувязі зь іншымі чальцамі беларускага кіраўніцтва.

«Калі Лукашэнка пойдзе, напрыклад, у лес за грыбамі, і сувязь з ім перапыніцца на 24 гадзіны, а міністры абароны і ўнутраных спраў Беларусі ня змогуць да яго датэлефанавацца, тады могуць узьнікнуць вельмі сурʼёзныя спакусы і рызыкі», — лічыць Іларыёнаў.

Былы дарадца Пуціна лічыць, што стратэгія Крамля дапускае некалькі сцэнараў разьвіцьця падзей — як замену Лукашэнку на іншага чалавека пры фармальным захаваньні незалежнасьці Беларусі, так і поўную інтэграцыю краіны ў Расейскую Фэдэрацыю. «У любым выпадку Беларусь цяпер знаходзіцца ў цэнтры самай пільнай увагі», — упэўнены ён.

Андрэй Іларыёнаў — расейскі эканаміст, дарадца прэзыдэнта РФ у 2000–2005 гг. Падаў у адстаўку ў сувязі з пратэстам супраць палітыкі Крамля, пасьля чаго перайшоў у апазыцыю і стаў адным з найбольш жорсткіх крытыкаў Уладзіміра Пуціна. У пачатку 2014 года папярэджваў пра анэксію Крыма і распальваньне вайны на Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG