Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Ліды палічылі курсы «Мова нанова» немэтазгоднымі


Лідзкі актывіст Валеры Мінец

Лідзкі актывіст Валеры Мінец

Арганізатары бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова нанова» зьвярнуліся ў аддзел ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Лідзкага райвыканкаму, але атрымалі адказ, у якім гаворыцца, што правядзеньне курсаў там лічаць немэтазгодным.

Валеры Мінец, сябра ТБМ і адзін з арганізатараў курсаў, кажа, што ідэя правесьці курсы «Мова нанова» пайшла ад супрацоўнікаў мясцовага музэю. Распрацавалі канцэпцыю, правялі падрыхтоўчую працу, пачалі шукаць памяшканьне. Спачатку хацелі праводзіць заняткі ў памяшканьні літаратурнай часткі музэю, але ідэалягічны аддзел райвыканкаму гэтага не дазволіў.

У адказе загадчыца аддзелу ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі Ірына Рабец піша, што ў Лідзкім раёне праводзіцца мэтанакіраваная работа па захаваньні, разьвіцьці і папулярызацыі беларускай мовы і традыцыйнай культуры.

«На цяперашні час распрацаваны раённы культурна-адукацыйны праект „У школу да Цёткі“, які абагульняе лепшыя напрацоўкі ў дадзеным кірунку ўстаноў культуры за апошнія гады. Праект разьлічаны на рознаўзроставую аўдыторыю і будзе рэалізаваны на працягу 2017 году. Таму лічым правядзеньне курсаў немэтазгодным. Разам з тым запрашаем вас прыняць удзел у вышэйназваных мерапрыемствах».

Валеры Мінец зьдзіўлены адмовай чыноўніцы. Паводле яго, праект вырашылі зрабіць сумесна з музэем, і абодва бакі ўсё задавальняла, а вось з чыноўнікамі агульнай мовы не знайшлі.

«Чыноўнікі баяцца грамадзкай ініцыятывы, і вось цяпер прыдумалі нешта сваё. Добра, няхай яны рэалізуюць свой праект, але ж „Мова нанова“ — не перашкода. А цяпер яны кажуць, што памяшканьні будуць занятыя, і, маўляў, шукайце недзе ў іншым месцы. Грамадзкая ініцыятыва ня мае сродкаў на арэнду памяшканьня, і там гэта добра разумеюць», — кажа Валеры Мінец.

Загадчыца раённага аддзелу ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі Ірына Рабец падкрэсьліла для Свабоды, што яна ня супраць курсаў «Мова нанова», але прасіла яе зразумець: ва ўстановах культуры, кажа яна, няма вольнага памяшканьня, каб праводзіць моўныя курсы.

Проста моўныя курсы — гэта вузка

«Мы ўжо амаль дапрацоўваем наш вялікі культурна-адукацыйны праект. І проста моўныя курсы — гэта вузка, бо мы ў сваім праекце плянуем прапагандаваць беларускасьць ва ўсіх установах культуры раёну і гэтым самым ахопім вялікую колькасьць людзей. У нас будуць падключаны да працы і бібліятэка, і музэй, і школы мастацтваў, і Цэнтар культуры і народнай творчасьці. Перад намі стаіць задача — адраджэньне ня толькі мовы, але і нацыянальных абрадаў. На наступным тыдні праект павінен быць зацьверджаны. Дарэчы, мы запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх жадаючых. Не хаваю таго, што ў нейкім сэнсе да гэтага праекту нас падштурхнула тое, што робіць „Мова нанова“».

Рабец кажа, што, акрамя просьбы наконт памяшканьня музэю, была яшчэ адна — старшыня мясцовага філіялу Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік зьвяртаўся да яе, каб дазволілі праводзіць заняткі курсаў «Мова нанова» ў канфэрэнц-залі раённай бібліятэкі. Але яму таксама адмовілі — з прычыны таго, што заля «прэзэнтатыўная» і там ня могуць праводзіць падобныя заняткі.

«Ну няма ў мяне месца, куды іх пасадзіць. Школы мастацтваў працуюць у дзьве зьмены, а ў музэі адна заля зараз на рамонце. Мы запрашаем прымаць удзел у нашым праекце», — сказала Рабец.

Станіслаў Суднік

Станіслаў Суднік

Станіслаў Суднік кажа, што культурна-адукацыйны праект, распрацаваны ў райвыканкаме, заслугоўвае павагі — але гэта ня курсы вывучэньня беларускай мовы.

«Мне патлумачылі, што ня хочуць пускаць натоўп людзей у канфэрэнц-залю, паколькі яна „прэзэнтатыўная“ і існуе дзеля іншых мэтаў. Але ў мяне няма ніякай панікі, бо ў Лідзе ёсьць іншыя памяшканьні. У Лідзе ёсьць трэнд у бок беларускасьці, і мне зразумела, што стрымаць людзей, якія хочуць вывучаць беларускую мову, сёньня ўжо ніхто ня зможа. Турбуе пакуль адно — каб, адкрыўшы курсы „Мова нанова“, мы іх не правалілі, бо тут вялікая адказнасьць», — сказаў Суднік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG