Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі рыхтуюць інтэрнэт да выбараў


Любыя дзяржаўныя абмежаваньні ў сфэры інтэрнэту абысьці можна, але вялікая частка аўдыторыі ўсё роўна будзе страчана.

Любыя дзяржаўныя абмежаваньні ў сфэры інтэрнэту абысьці можна, але вялікая частка аўдыторыі ўсё роўна будзе страчана.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў экспэрт у галіне камунікацыяў Аляксей Лявончык, камэнтуючы пастанову Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце і Міністэрства сувязі ад 19 лютага наконт «абмежаваньня доступу да інфармацыйных рэсурсаў».

Адпаведна з гэтай пастановай беларускія ўлады цяпер маюць права блякаваць ня толькі сайты зь «чорнага сьпісу», але і сродкі ананімнасьці ў інтэрнэце — ананімайзэры, проксі-сэрвэры і Tor.

На дадзены момант выпадкаў блякаваньня ананімайзэраў ці Tor не фіксавалася, і, на думку Лявончыка, маштабнага блякаваньня сродкаў ананімнасьці чакаць пакуль ня трэба.

«Мне падаецца, што ў беларускім выпадку гаворка ня будзе ісьці пра глябальнае блякаваньне ўсяго. Мне падаецца, што гэта створана на будучыню, каб падвесьці заканадаўчую базу пад тое, што дзяржава можа зрабіць падчас выбараў», — кажа ён.

Лявончык канстатуе, што заблякаваць ананімайзэр само па сябе нескладана, бо клясычныя ананімайзэры — гэта проста сайты, празь якія можна зайсьці на забаронены адрас. Іншая справа, што ўсе ананімайзэры заблякаваць немагчыма, бо іх у сеціве дзясяткі тысяч.

«Фактычна кожны чалавек пры вялікім жаданьні можа зрабіць свой ананімайзэр. І, адпаведна, усё заблякаваць — гэта вымагае досыць вялікай колькасьці людзей, якая будзе адсочваць усе новыя ананімайзэры і заносіць іх чорныя сьпісы, бо гэта вельмі дынамічная індустрыя. Таму пры жаданьні ананімайзэр знайсьці можна», — кажа ён.

Мне падаецца, што гэта створана на будучыню, каб падвесьці заканадаўчую базу пад тое, што дзяржава можа зрабіць падчас выбараў

Змагацца зь сеткамі Tor значна складаней. Лявончык наагул сумняецца, каб улады разьлічвалі паралізаваць функцыянаваньне Tor — хутчэй, гаворка ідзе пра блякаваньне сайтаў, дзе можна знайсьці Tor. Такі сайт можна ўнесьці ў «чорны сьпіс», але застануцца іншыя магчымасьці спампаваць Tor, і праграма ўсё роўна будзе дзейнічаць.

На думку Лявончыка, ніякія забароны ў інтэрнэце ня могуць у прынцыпе быць абсалютнымі:

«Напрыклад, у Кітаі і Іране заблякаваны Фэйсбук, але там ім усё роўна карыстаюцца вельмі шмат людзей. Фактычна ў гэтых краінах існуюць паўценевыя індустрыі, якія забясьпечваюць людзей сродкамі дасягу да заблякаваных рэсурсаў, на якія дзяржава асабліва не зважае. Ня ведаю, чаму не зважае — ці не хапае адміністратыўнай моцы, бо гэта вельмі вялікія краіны, ці яны хочуць даваць нейкі нефармальны кляпан для таго, каб здымалася напруга».

Любое блякаваньне, якое выдумаюць улады, можна будзе абысьці, падкрэсьлівае экспэрт.

«Гэта вельмі дынамічная сыстэма. Хлопцы, якія робяць Tor, таксама ня дурні. Калі будзе глябальна зафіксавана, што ў нейкай краіне знойдуць спосаб абысьці Tor з пункту гледжаньня прынцыпу яго працы, то яны знойдуць спосаб абысьці гэтае блякаваньне. І, адпаведна, кожны крок, кожная цэнзурная інавацыя дае нагоду вытворцам софту ўдасканаліць гэты софт. І, натуральна, калі Беларусь знойдзе нейкі спосаб блякаваць Tor на ўзроўні архітэктуры, то Tor знойдзе спосаб абысьці гэтую блякаду. Гэта праграма, над якой працуе вялікая супольнасьць, таму я вельмі сумняюся, што можна дасягнуць абсалютнага блякаваньня інтэрнэту», — кажа Лявончык.

Дарэчы, ён упэўнены, што на ніякую глябальную зачыстку байнэту ўлады і не разьлічваюць. Хутчэй, гаворка ідзе пра тое, каб адсекчы тую частку аўдыторыі, якой атрымаць інфармацыю з забароненага сайту «не прынцыпова», кажа экспэрт.

Бальшыня людзей, прынамсі ў нас, ня будуць шукаць альтэрнатыўных спосабаў

«Нават такое блякаваньне, якое тэхнічна лёгка можна абысьці, калі вы проста пойдзеце на нейкі альтэрнатыўны сайт, — яно адсячэ вельмі вялікі кавалак аўдыторыі. Бальшыня людзей, прынамсі ў нас, ня будуць шукаць альтэрнатыўных спосабаў», — адзначае Лявончык.

«Людзі, якія ўжо маюць крытычныя перакананьні адносна беларускай улады, яны і так больш-менш ведаюць, як карыстацца сродкамі абыходу, бо ў іх ужо ёсьць нейкі досьвед. А тыя людзі, якія ня маюць такога досьведу, яны і становяцца ахвярамі. Калі яны патэнцыйна стануць неляяльнымі і захочуць чытаць забароненыя сайты, то такая цэнзура адсячэ вялікую іх частку — яны проста ня будуць атрымліваць інфармацыю. То бок гаворка не пра тое, каб забараніць доступ да інфармацыі тым, хто ўжо яго мае, — гаворка пра тое, каб кола гэтае не пашыралася», — кажа экспэрт.

XS
SM
MD
LG