Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсійная рэформа, якую ўсё абяцаюць правесьці ў Беларусі, пачалася з таго, што істотна зьмяніліся пэнсійныя правілы для так званых «дармаедаў». Цяпер мінімальны стаж для прызначэньня пэнсіі па ўзросьце павялічаны з 10 да 15 гадоў са сплатай абавязковых страхавых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны. Для тых, хто не пасьпеў напрацаваць на сацыяльную пэнсію, пэнсійны ўзрост павялічыцца на 5 гадоў. Для мужчын — з 60 да 65 гадоў, для жанчын — з 55 да 60 гадоў. Што за гэтым стаіць?

Эканаміст Міхал Залескі перакананы, што такія імклівыя захады па павелічэньні пэнсійнага ўзросту для тых, у каго невялікі стаж працы, робяцца дзеля таго, каб скараціць колькасьць пэнсіянэраў. Літаральна на пачатку гэтага году мінімальны стаж для атрыманьня сацыяльнай пэнсіі павялічылі з 5 да 10 гадоў, а з 1 студзеня 2015 году — да 15:

«У нас у краіне існуе салідарная сыстэма выплаты пэнсій. Для таго, каб атрымліваць нармальныя пэнсіі, трэба каб занятыя на вытворчасьці працавалі высокаэфэктыўна. Беларускай эфэктыўнасьці недастаткова, каб выплачваць нармальныя салідарныя пэнсіі. Таму прымаюцца ўсе захады для таго, каб скараціць колькасьць пэнсіянэраў».

На думку юрыста Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алены Яськовай, павелічэньне мінімальнага стажу для атрыманьня пэнсіі супярэчыць і Канстытуцыі, і міжнародным нормам. У чалавека ёсьць права на працу, а ён сам павінен выбіраць, рэалізоўваць гэта права ці не. Прымусовая праца забароненая ў прыватнасьці 105-й Канвэнцыяй Міжнароднай арганізацыі працы, якую ратыфікавала Рэспубліка Беларусь. Што да падаўжэньня тэрміну на атрыманьне сацыяльнай пэнсіі на 5 гадоў, юрыст Алена Яськова кажа:

«Таксама парушэньне правоў, таму што роўнымі правамі павінны карыстацца ўсе людзі. Для таго, каб быў павялічаны пэнсійны ўзрост, павінны быць створаныя ўмовы, па-першае, для рэалізацыі права на працу, па-другое, каб у людзей было нармальнае здароўе, таму што ў Беларусі вельмі нізкая працягласьць жыцьця, асабліва ў мужчын. То бок гэтыя захады не адэкватныя сацыяльна-эканамічнай абстаноўцы, якая існуе ў краіне».

Сярэдняя працягласьць жыцьця мужчын у Беларусі не дасягае і 64 гадоў. Шмат мужчын проста не дажываюць да пэнсіі, а сярэдні беларус атрымлівае пэнсію цягам усяго толькі 4 гадоў. Але ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі ёсьць і надбаўкі для працаголікаў — для жанчын, якія маюць працоўны стаж больш за 30 гадоў, і мужчын са стажам звыш 35 гадоў. Іх сацыяльныя выплаты будуць павялічаны на 0,1% працэнта. Экс-міністар працы Аляксандар Сасноў выказаў такое меркаваньне:

Аляксандар Сасноў

Аляксандар Сасноў

«Тыя дробязі — гэта якраз шлях у добрым накірунку. Таму што дыфэрэнцыяцыя ў залежнасьці ад стажу раней была нязначная. Цяпер яна крыху павялічыцца. Але, што дрэнна, гэтае пытаньне будзе вырашана толькі з 2016 году, толькі пасьля выбараў. То бок гэта такія „хітрыкі“, якія прызначаныя толькі дзеля таго, каб падтрымалі кіраўніка сёньняшняга, вось у чым справа».

Юрыст БКДП Алена Яськова кажа, што ўлады шукаюць усё новыя спосабы папаўненьня бюджэту. Гэтым разам — за кошт пэнсіянэраў, у якіх і так мізэрныя пэнсіі:

«Гэта ўсё дзеля таго, каб прымусіць людзей працаваць, можна сказаць, прымусова; каб у гэты бюджэт, якія трашчыць па швах, паступалі больш працяглы тэрмін пэнсійныя ўнёскі. Таму што міністар працы і сацыяльнай абароны Шчоткіна ня раз скардзілася, што не пералічваюць, няма чым плаціць пэнсіі. І вось робяцца такія захады. У нас жа ўсё робіцца за кошт грамадзянаў, мы ж ведаем».

Міхал Залескі

Міхал Залескі

На думку эканаміста Міхала Залескага, замест таго, каб павялічваць стаж, пэнсійны ўзрост, трэба наагул мяняць пэнсійную сыстэму. Але тут ёсьць праблемы:

«Трэба пераходзіць на страхавое пэнсійнае забесьпячэньне, каб неістотна было, дзе я працую, — у Расеі, Польшчы, Зімбабвэ, ЗША ці тут у Цюцькавічах. Хачу маленькую пэнсію — мала адлічваю, хачу вялікую — шмат адлічваю. Але тут выходзіць праблема ашчаджэньня гэтых грошай і захаваньня грошай. У чым мы будзем гэтыя грошы зьберагаць? У расейскіх рублях? Вось тут пытаньне ёсьць — якім чынам будзе гэта кампэнсавацца? Вось я, напрыклад, адкладаю, адкладаю грошы, а якая карысьць ад гэтага? Яны раз — і згарэлі разам з гэтым пэнсійным фондам. Магчыма такое ў Беларусі? Магчыма, калі гэта будзе нейкі прыватны фонд. Ня мы першыя гэта праходзім. Таму праблема, скажам так, інстытуцыянальная — яна таксама не апошняя».

У Беларусі працуюць больш за чвэрць пэнсіянэраў. Страціць працу для многіх зь іх — сапраўдная трагедыя, бо выжыць на сярэднюю пэнсію ў 2 мільёны 643 тысячы рублёў цяжка, кажа Міхал Залескі:

«І яны нейкім чынам будуць працаваць і далей — той, хто можа. На Свабодзе быў цудоўны верш аднаго дзядзькі з Браслаўшчыны:

«Дзень прыгожы на двары,
майскі ветрык вее,
хто загнуцца не пасьпеў,
нешта рупна сее...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG