Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улаховіч склікае кангрэс «не дэмакратычных, а патрыятычных» сіл


Мікалай Улаховіч, архіўнае фота

Мікалай Улаховіч, архіўнае фота

Праўладныя сілы кансалідуюцца, каб быць перашкодай для Кангрэсу дэмакратычных сіл.

Да парлямэнцкіх выбараў Беларуская патрыятычная партыя хоча склікаць усе праўладныя сілы, каб супрацьпаставіць сябе Беларускаму нацыянальнаму кангрэсу і падтрымаць уладу.

Беларуская патрыятычная партыя старшыні «Беларускага казацтва» Мікалая Ўлаховіча дала старт партыйнаму зьезду 20 траўня. На зьезьдзе прымуць новы лёзунг і абмяркуюць дэталі скліканьня Кангрэсу — як кажа Ўлаховіч, Кангрэсу «не дэмакратычных, а патрыятычных сіл». Кансультацыі па Кангрэсе праходзілі зь мінулага году, распавядае Ўлаховіч карэспандэнту Свабоды. Але асноўныя кансультацыі будуць у чэрвені — і да парлямэнцкіх выбараў Кангрэс мае прайсьці.

«Гэта камуністы, ЛДПР (верагодна, маецца на ўвазе ЛДПБ. — РС), Аграрная партыя, Партыя працы і справядлівасьці і іншыя, — кажа Ўлаховіч Свабодзе. — Мы яднаемся ня так, каб ісьці на парлямэнцкія выбары адзіным сьпісам. Нам гэта ня трэба, мы пойдзем самастойнымі партыямі. Мы кансалідуемся, каб быць перашкодай для Кангрэсу дэмакратычных сіл. І выказаць сваё меркаваньне, каб ня толькі думку Кангрэсу дэмакратычных сіл, але і нашу пазыцыю выслухалі. Наш урад, кіраўнік дзяржавы павінны ведаць і думку патрыятычных сіл.

Разумееце, неяк дзіўна выходзіць: у нас ёсьць апазыцыя, якую падтрымлівае Эўразьвяз, іншыя канструктыўныя сілы Заходняй Эўропы і ЗША. Але ўлада толькі сама сябе абараняе, на ўзроўні МЗС, парлямэнтарыяў. А народнай дыпляматыі не было разьвіта на сёньняшні дзень з боку ўлады. А мы заўсёды займаліся народнай дыпляматыяй — у СНД, бліжнім замежжы, Эўразьвязе. Не паўсюль нас прызнавалі, гэта іншая размова. Але мы гэтым займаліся. Таму мы павінны нарэшце мець народную дыпляматыю, якая стаіць на перадавых пазыцыях па абароне самой улады, бо сама ўлада ўжо нясе функцыі ўлады».

Улаховіч упэўнены: ад яго партыі на парлямэнцкія выбары будуць выстаўленыя кандыдаты ў палове акругаў краіны, а ад Кангрэсу — ва ўсіх акругах. У акругах, дзе ня будзе выстаўляць кандыдатаў БПП, яна мае падтрымаць партыі, запрошаныя на кангрэс — «партыі, якія працуюць з боку ўлады і падтрымліваюць кіраўніка дзяржавы», кажа палітык.

Свой кангрэс Улаховіч проціпастаўляе Беларускаму нацыянальнаму кангрэсу (які раней меўся звацца Кангрэсам дэмакратычных сіл), бо разглядае яго ўдзельнікаў як канкурэнтаў на выбарах:

«Канечне, на выбарах яны будуць канкурэнты. Часьцей за ўсё ж без канкурэнтаў ня могуць праходзіць выбары, — кажа ён. — Я нават прапанаваў так: калі трэба правесьці першы пленум кангрэсу, мы можам сабрацца там жа, дзе Кангрэс дэмакратычных сіл, каля помніка Янку Купалу. Ці на плошчы Якуба Коласа. Бо гэта былі савецкія, а ня проста беларускія пісьменьнікі і паэты».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG