Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сапраўднай незалежнасьці Ўкраіна дамаглася толькі ў 2014 годзе...» — украінскія акторы пра жыцьцё на радзіме і пра сваіх суседзяў


Абвесткі і атрыбутыка фэстывалю «Март-контакт» з году ў год расейскамоўныя.

Абвесткі і атрыбутыка фэстывалю «Март-контакт» з году ў год расейскамоўныя.

«Разумеем, што на вас абрынулася прапаганда Крамля і вам цяжка зразумець, што ў нас адбываецца», — украінскія акторы, якія прыехалі ў Магілёў на форум моладзевых тэатраў «Март-контакт», апавялі, як жывецца ва Ўкраіне ва ўмовах расейскай агрэсіі.

Суразмоўцы Свабоды — маладыя акторы з Чарнігаўскай тэатральнай плятформы «SceneLoft»: Мікалай Бічук, Вольга Пячко, Зьміцер Абеднікаў, Яўген Сідарэнка, ды мастацкі кіраўнік, рэжысэр кіеўскага тэатру «Залатыя вароты» Стас Жыркоў. Чарнігаўскія тэатралы паказалі пастаноўку «Варшаўская мэлёдыя» пра каханьне полькі і расейца. Кіеўскія акторы прывезьлі ў Магілёў спэктакль «Бракаваныя людзі». Гэта супольная пастаноўка тэатру «Залатыя вароты» і Кіеўскага акадэмічнага моладзевага тэатру.

— Украіна перажывае няпросты пэрыяд сваёй гісторыі. Якое жыцьцё ва Ўкраіне цяпер?

Мікалай Бічук: — Ва Ўкраіне жыцьцё ідзе сваім парадкам. На Ўсходзе вайна поўным ходам. Многа сьмерцяў праз Данбас. Крым акупаваны. На Чарнігаўшчыне вайны няма, на шчасьце. Быў пэрыяд, калі пад Чарнігавам стаялі на мяжы танкі, але цяпер сытуацыя нармалізавалася.

У нас вялікае беспрацоўе. Грошай катастрафічна не хапае, бо вялікія цэны на камунальныя паслугі. Даляр расьце.

З вайной зжыцца немагчыма. Усе ва Ўкраіне разумеюць, што адбываецца. Мы, творчыя людзі, стараемся не глядзець тэлевізар — адмежавацца ад вайны СМІ і захаваць здаровы розум.

Прывяду прыклад. Мы з калегамі ў вас былі ў рэстаране. Там жа былі масквічы. Дык яны нават у Беларусі сябе паводзілі з выклікам. Склалася ў нас адчуваньне, што ў іх нейкі ўнутраны заціск. У іх паводзіны былі агрэсіўныя, нават у нечым дзіцячыя.

Цяпер адбыўся злом, як мы кажам, плятформаў. Мы аддаляемся ад Расеі. Таму што боль за нашых сяброў, родных, якія загінулі, — яго ж нікуды не падзець. У маёй жонкі родны брат быў на Данбасе, і ён на свае вочы бачыў, што там адбываецца. На жаль, гэта праўда, што на тэрыторыі Ўкраіны ёсьць расейскія салдаты.

Мы намагаемся вырвацца з гэтай вайны і ўжо стаміліся ад «пантоў» на гэтую тэму. Украінцы не прымаюць агрэсіі. Я думаю, што вы тут дужа падпалі пад агрэсіўную расейскую прапаганду.

Мікалай Бічук

Мікалай Бічук

Сапраўднай незалежнасьці Ўкраіна дамаглася ў 2014 годзе

Вольга Пячко: — Мой муж быў на Данбасе і бачыў, што там выраблялі расейскія вайскоўцы. У іх вымалі дакумэнты, зброю. Ён быў сьведкам таго, што там ваююць расейскія афіцэры. Давялося мужу пабыць у палоне і цудам вырвацца зь яго жывым.

Вольга Пячко зь Яўгенам Сідарэнкам на рэпэтыцыі спэктакля

Вольга Пячко зь Яўгенам Сідарэнкам на рэпэтыцыі спэктакля

Мы хочам міру. Мы ж не ідзем некага заваёўваць. Мы баронімся і баронім сваю тэрытарыяльную цэласнасьць, сваю краіну.

Стас Жыркоў: Мы, я і маё атачэньне, зразумелі, што Ўкраіна сапраўднай незалежнасьці дамаглася толькі ў 2014 гадзе. Па паперах — гэта 1991 год, а рэальна 2014-ты. Шмат гадоў мы жылі ў падмане, і цяпер нам даводзіцца будаваць новую краіну не з нуля, а зь мінусу.

Усе ня супраць адбудаваць дзяржаву. А як яе адбудуеш, калі на Ўсходзе ідзе вайна, калі, я не хачу сказаць брат, а сябра б’е нажом у сьпіну? Вядома ж, мы спадзяёмся, што ўсё наладзіцца і мы будзем жыць у эўрапейскай краіне.

Стас Жыркоў

Стас Жыркоў

Я разумею, што на вас абрынулася прапаганда Крамля і вам цяжка зразумець, што ў нас адбываецца. Але ў нас ёсьць і пазытыўныя зрухі. Тая ж украінская паліцыя — гэта галоўны набытак нашых рэформаў. Гэта паліцыя, якой можна давяраць і якая сапраўды дапамагае.

— Няволя, прысуд Надзеі Саўчанцы?..

Стас Жыркоў: — Гэта для нас дужа балючая тэма.

У кожнага з нас унутры змагаюцца два пачуцьці. З аднаго боку — яна моцная. А з другога ж боку — я разумею, што ніхто ня ведае, што ў Надзі творыцца ў душы. Для мяне сытуацыя з Саўчанкай — нібыта зь іншага нейкага жыцьця. Хочацца прачнуцца і закрычаць. Але самыя страшныя сны спраўджваюцца ў жыцьці насамрэч.

Надзея Саўчанка — сымбаль барацьбы, стойкасьці духу, нязломнасьці

Самае горшае, што можа быць у жыцьці, — калі ты ня можаш на нешта паўплываць.

Ты думаеш: ты ня можаш паўплываць, а твой прэзыдэнт, прэм’ер-міністар, усясьветная супольнасьць — яны таксама ня могуць, або гэта нейкая дамоўленасьць? Калі ты пачынаеш пра гэта задумвацца, то разумееш, наколькі мала ты значыш для сваёй краіны і дзяржавы. На месцы ж Саўчанкі мог быць іншы чалавек, і ты таксама ня мог бы для яго зрабіць нешта.

Я не магу нават сабе ўявіць што б было, каб на месцы Саўчанкі быў грамадзянін ЗША або Вялікай Брытаніі. А з намі могуць рабіць што заўгодна, і ніякай адказнасьці за гэта ніхто не панясе. Гэта дужа сумна.

Саўчанка на дадзены момант — наш сымбаль барацьбы, стойкасьці духу, нязломнасьці.

Мікалай Бічук: — Калі назіраеш за тым, што адбываецца, то прагнеш вырваць яе адтуль. Проста вырваць. Жанчына трапіла ў палон ні за што — і зь яе зьдзекавацца? Мужчыны-палітыкі паводзяць сябе зь ёю дужа пагана. Усе прагнуць хутчэйшага вызваленьня, каб скончыліся пакуты для яе.

Вольга Пячко: Мы дужа перажываем за яе, але зрабіць мала што можам...

— Сытуацыя, у якой даводзіцца жыць Украіне, ці ўплывае на тэатральнае мастацтва?

Стас Жыркоў: — Безумоўна, мы рэагуем на гэтыя падзеі сваімі спэктаклямі, тэмамі.

У нас выйшлі два спэктаклі паводле Паўло Ар’е — «Сталкеры» і «Слава героям». П’есы выйшлі да Майдану. Адна зь іх прадбачыла Майдан, а другая — вайну, якая цяпер на Ўсходзе.

Прыехаць у Беларусь было няпростым рашэньнем

Гэта наш такі тэатральны фронт. Мы адмаўляемся ад прапановаў, якія паступаюць нам з Расеі, і нават прыезд да вас быў няпростым рашэньнем, бо мы ня ведаем, як тут ставяцца да нас. Беларусь на дадзены момант не займае вострай пазыцыі. Яна ў нэўтральнай пазыцыі, а гэта пазыцыя даволі гнуткая, бо ня можаш прадбачыць, куды яна можа павярнуцца.

Хоць нам не ўдалося прывезьці «Сталкераў», але ў прывезенай пастаноўцы «Бракаваныя людзі» можна прачытаць ноткі пратэсту. Мне падаецца, што гэты спэктакль — дужа беларуская гісторыя. Яна пра сям’ю, якая сама сябе зьнішчае тэлевізарам, які стаіць у яе дома, навінамі і ключавымі фразамі, якія навязваюцца.

У нас поўныя залі гледачоў у тэатрах. На нашых «Сталкераў» і «Славу героям» купіць білеты немагчыма. Мы дамагліся, каб да нас амаль перасталі езьдзіць танныя расейскія антрэпрызы.

Зьміцер Абеднікаў: — Паўстае новая драматургія пра тое, што адбываецца на Данбасе, і тое, што ў нас афіцыйна называецца антытэрарыстычнай апэрацыяй.

Зьміцер Абеднікаў

Зьміцер Абеднікаў

Мастакам-драматургам ёсьць пра што гаварыць і пісаць. У нас у Чарнігаўскім філярманічным цэнтры ёсьць праграмы патрыятычнай скіраванасьці. Дужа шмат зьявілася песень. Даводзіцца нямала перабіраць, каб падабраць у рэпэртуар іх. Тут варта больш казаць пра якасьць музычнага прадукту.

Яўген Сідарэнка: — Няпростая сытуацыя ва Ўкраіне адкрыла новыя магчымасьці для супольных праектаў эўрапейскага ўзроўню. І калі бачыш, што гэтыя праекты даюць плён, то гэта, безумоўна, радуе. Калі бачыш, што ўкраінскую драматургію ставяць у іншых краінах, то гэта натхняе.

Яўген Сідарэнка з Вольгай Бічук на рэпэтыцыі спэктаклю

Яўген Сідарэнка з Вольгай Бічук на рэпэтыцыі спэктаклю

Зьміцер Абеднікаў: — Цяпер на моладзь пачалі зьвяртаць увагу. Прыслухоўвацца да меркаваньняў маладых. Зьяўляюцца новыя моладзевыя напрамкі ў культуры, і іх падтрымліваюць. Мы як да вас на фэстываль выпраўляліся, то зьвярнуліся па дапамогу ва ўпраўленьне культуры. Сказалі там, што мы маладая каманда і хацелі б паехаць у Беларусь, і нас падтрымалі. Пачулі.

— Украінская ўлада — якая яна? Нам у Беларусі навязваецца карцінка, што ў вас вэрхал ва ўладзе. Ці так гэта?

Стас Жыркоў: — Мо і вэрхал, але ва Ўкраіне я магу сказаць адкрыта, што думаю, і мне за гэта нічога ня будзе. Я магу зайсьці ў любы чыноўніцкі кабінэт і там выказацца. У вас, як мне падаецца, такога няма, і розьніца адчуваецца. Не, ня з гледзішча фінансавага, зразумела, як кралі ў нас, гэтак і крадуць, а на мэнтальным узроўні. У вас, мне падаецца, засталася звычка прыгнуцца перад кімсьці. Быць цішэй, чым ты ёсьць насамрэч. Старацца быць крыху лепшым, чым ёсьць насамрэч.

Ва Ўкраіне людзі бунтуюць, бо патрабуюць да сябе павагі

У нас жа гэта зьнікла. Ад Майдану мы навучыліся глядзець у вочы чыноўнікам. Адкрыта выказвацца пра іх. Іншая справа, што тыя, каму мы даверылі справу, не апраўдалі нашых надзеяў. Ды нічога, прыйдуць іншыя. Рана ці позна і вы гэта зразумееце. Усё давядзецца пачынаць з нуля, і лепей цяпер, чым празь нейкі час.

У будынку магілёўскага тэатру паказвалі кіеўскую пастаноўку «Бракаваныя людзі»

У будынку магілёўскага тэатру паказвалі кіеўскую пастаноўку «Бракаваныя людзі»

Мікалай Бічук: — Мне падабаецца, калі людзі бунтуюць. Людзі патрабуюць да сябе павагі. У нас гэта ёсьць. І мы жадаем, каб тое ж было ў вас. У Расеі гэтага няма. Яны маўчаць.

— Стаўленьне да расейскай мовы — якое яно цяпер ва Ўкраіне? Ці разглядаюць украінцы яе як чыньнік агрэсіі супраць сваёй краіны?

Вольга Пячко: — Калі пачалі казаць, што ва Ўкраіне перасьледуюць за расейскую мову, то з гэтага сьмяяліся. Чарнігаў жа расейскамоўны горад. Перасьледу ніякага няма. Дужа вялікая хваля ілжы пра Ўкраіну.

Украіна не Расея

Яўген Сідарэнка: — Мы неяк езьдзілі на фэстываль у Нежын са сваёй «Варшаўскай мэлёдыяй», і там прынцып: спэктаклі павінны быць на ўкраінскай мове. Да апошняга моманту арганізатары ня ведалі, што наша пастаноўка расейскамоўная. Калі даведаліся, то дужа хваляваліся, як глядач успрыме яе. Але ўсё прайшло цудоўна.

У Магілёўскім абласным тэатры лялек паказвалі спэктакль з Чарнігава «Варшаўская мэлёдыя»

У Магілёўскім абласным тэатры лялек паказвалі спэктакль з Чарнігава «Варшаўская мэлёдыя»

Мікалай Бічук: — Так, мы гаворым на расейскай мове, але наша краіна пакрысе паўстае, нягледзячы на ўсе цяжкасьці. Мы становімся Ўкраінай. Яшчэ Кучма (Леанід Кучма, колішні прэзыдэнт Украіны. — РС) напісаў кнігу «Ўкраіна — не Расея». Мы з Расеяй розныя народы.

— Ці знаходзіць украінізацыя падтрымку ў насельніцтва?

Мікалай Бічук: — Мне гэта даспадобы. У школах дзяцей вучаць любіць нацыянальную ўкраінскую сымболіку, сваю краіну. Гэта нармальна і слушна. У школе праводзіліся дні падтрымкі Надзеі Саўчанкі. Галоўнае, каб не было перабору ў гэтым пытаньні, каб гімн краіны сапраўды гучаў як гімн.

Украіна на правільным шляху. Мы прачынаемся. Становімся самадастатковай краінай, чаго і вам жадаем.

Я хачу ў Эўропу. Мне там добра. Там законы працуюць.

Вольга Пячко: — Я хачу, каб было добра ў маёй краіне. Каб спыніліся гэтыя палітычныя гульні і людзі пачалі жыць спакойна. У нас усяго хапае, каб жыць шчасьліва і багата.

Сьцяг Украіны на будынку магілёўскага тэатру

Сьцяг Украіны на будынку магілёўскага тэатру

Пасьля апошніх падзеяў нашы адрозьненьні ад расейцаў сталі відавочнымі. Болей зьяўляецца спэктакляў з украінскай прозы. Пакуль Чарнігаў толькі нязначна закранула ўкраінізацыя, бо горад у нас расейскамоўны, але ўкраінскай мовы становіцца болей. Нямала людзей пачалі гаварыць па-ўкраінску.

Быць патрыётам — значыць быць карысным для краіны

Стас Жыркоў: — Самае галоўнае, каб людзі разумелі, што праблема ж ня ў мове, хоць і ў ёй таксама. У нас жа ідзе ад савецкіх часоў, што любое патрыятычнае дзейства адбываецца з агрэсіяй: «За радзіму парву» ці «Сьмерць ворагам». А патрыятызм жа вымяраецца тым, колькі ты зрабіў дзеля той справы, якой займаесься. Як ты займаесься тэатрам, дык будзь чэсны, працуй, рабі добрыя спэктаклі, і ты будзеш карысны для сваёй краіны. Быць карысным сваёй краіне — найлепшы патрыятызм.

— Не расчараваліся ў эўрапейскай пэрспэктыве для Ўкраіны?

Стас Жыркоў: — Для таго каб расчаравацца, трэба ў ёй пабываць. Пакуль жа мы толькі кажам, што хочам у Эўропу. Мы гатовыя патрываць, але хочацца ведаць, дзеля чаго. Тое, што мы зрынулі той рэжым які быў (рэжым Януковіча. — РС), дык мы задаволеныя. Іншая справа, як быць далей. Як знайсьці тых людзей, якія будуць эфэктыўнымі мэнэджэрамі для сваёй краіны? Якія будуць не раскрадаць бюджэт, а працаваць дзеля краіны.

Быць расчараванымі — самы просты шлях. Мы ўсё жыцьцё былі ў нечым расчараваныя.

XS
SM
MD
LG