Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змагацца з карупцыяй і праводзіць рэформы Ўкраіне дапамогуць міністры-замежнікі


Пятро Парашэнка віншуе Арсенія Яцанюка зь пераабраньнем

Пятро Парашэнка віншуе Арсенія Яцанюка зь пераабраньнем

Дэпутаты новай Вярхоўнай Рады Ўкраіны сфармавалі кааліцыю большасьці і падтрымалі кандыдатуру Арсенія Яцанюка на пасаду прэм’ер-міністра. Цяпер Украіна чакае абвяшчэньня новага складу Кабінэту міністраў, куды могуць увайсьці і грамадзяне замежных дзяржаў.

На першым паседжаньні, якое адбылося 27 лістапада, парлямэнтарыі абралі старшынём Вярхоўнай Рады Ўладзімера Гройсмана — дэпутата ад Блёку Пятра Парашэнкі. Пасьля рэвалюцыі ва Ўкраіне Гройсман займаў пасаду віцэ-прэм’ера — міністра рэгіянальнага разьвіцьця.

У Вярхоўнай Радзе была створана кааліцыя парлямэнцкай большасьці «Эўрапейская Ўкраіна», у склад якой увайшлі 302 дэпутаты — гэта канстытуцыйная большасьць. Кааліцыя была сфармаваная Блёкам Пятра Парашэнкі, «Народным фронтам», які ўзначальвае Арсені Яцанюк, аб’яднаньнем «Самапомач», «Радыкальнай партыяй» Алега Ляшка і «Бацькаўшчынай».

«Моцны бок кааліцыі ў тым, што ёсьць агульная згода па стратэгічных пытаньнях разьвіцьця Ўкраіны. Мінус — у тым, што няма згоды наконт кадравай кампазыцыі Кабінэту міністраў і ключавых камітэтаў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны», — адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода ўкраінскі палітоляг Вадзім Карасёў.

Вадзім Карасёў

Вадзім Карасёў

Ад кааліцыі ўкраінцы чакаюць рэформаў, але як хутка могуць быць прынятыя адпаведныя законы? Карасёў лічыць, што спачатку Вярхоўная Рада павінна зацьвердзіць бюджэт на наступны год і вызначыцца наконт вайны на ўсходзе Ўкраіны.

«Па-першае, трэба вызначыцца, што такое рэформы ў цяперашніх умовах ва Ўкраіне. Але калі казаць больш канкрэтна, то на сёньня галоўная задача кааліцыі — гэта прыняць бюджэт на 2015 год, таму што хутка скончыцца год, а бюджэту дагэтуль няма. А пад бюджэт вярстаецца ўсё — уся эканамічная палітыка. Па-другое, неабходна нейкае рашэньне па вырашэньні канфлікту ў Данбасе. Або гэта дээскаляцыя канфлікту і пошук мірнага фармату з улікам інтарэсаў Украіны, або трэба прымаць зьнешнепалітычны парадак дня, які трэба спраецыраваць на прыняцьце зьменаў у закон аб унутранай і зьнешняй палітыцы ў частцы, якая тычыцца сыстэмы бясьпекі — або зацьвердзіць пазаблёкавы статус краіны, або адмовіцца ад пазаблёкавага статусу і ўзяць курс на стратэгічнае збліжэньне з НАТО», — кажа экспэрт.

Склад новага ўраду Ўкраіны павінен быць абвешчаны ў аўторак. Кіраўніком Кабінэту міністраў Пятро Парашэнка ўжо зацьвердзіў Арсенія Яцанюка: за яго кандыдатуру прагаласаваў 341 народны дэпутат, супраць — 2.

Ва ўрад запросяць замежнікаў

У новы ўкраінскі ўрад могуць увайсьці замежныя грамадзяне — з такой прапановай ужо выступіў прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

«Мая ідэя заключаецца ў тым, каб празь зьмены ў законах даць права прыцягваць на дзяржаўную службу замежнікаў, аж да ўдзелу ва ўрадзе. Або пашырыць кола асобаў, якім прэзыдэнт можа надаваць украінскае грамадзянства, прычым у паскораным рэжыме. Ад такога рашэньня будзе падвойная карысьць: і прыцягненьне прафэсіяналаў з заходнім досьведам, і страхоўка ад карупцыі», — заявіў украінскі прэзыдэнт, зьвяртаючыся да новаабраных народных дэпутатаў.

Пятро Парашэнка на паседжаньні Вярхоўнай Рады

Пятро Парашэнка на паседжаньні Вярхоўнай Рады

У прыватнасьці, выступаючы ў сераду ў Вярхоўнай Радзе, Парашэнка прапанаваў прызначыць кіраўніком Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро замежнага грамадзяніна. «У яго будзе адна перавага — адсутнасьць сувязяў ва ўкраінскай палітычнай эліце», — падкрэсьліў ён.

Як паведамляюць украінскія СМІ, у кулюарах Вярхоўнай Рады кіраўнік фракцыі «Блёку Пятра Парашэнкі» Юры Луцэнка заявіў, што ў Кабінэце міністраў Украіны будзе працаваць ня менш за пяць грамадзян іншых дзяржаў.

Вадзім Карасёў скептычна ставіцца да ініцыятывы ўвесьці ў склад ураду замежных грамадзян, лічачы гэты крок неапраўданым і беспэрспэктыўным.

Ня думаю, што гэта правільны ход, ня думаю, што такія кадравыя ініцыятывы прэзыдэнта знойдуць гарачы водгук у сэрцах украінцаў

«Па-першае, гэта прызнаньне таго, што Рэвалюцыя Годнасьці не прывяла да таго, што ва ўладзе могуць быць годныя людзі, якія б маглі ўзначаліць антыкарупцыйнае ведамства і заняць ключавыя пасады ў Кабінэце міністраў. Гэта азначае прызнаць бясьсільле цяперашніх уладаў у барацьбе з карупцыяй і бясьсільле пры правядзеньні рэформаў. Па-другое, ва Ўкраіне 44 мільёны грамадзян: ёсьць шмат таленавітых, прафэсійных, сумленных, патрыятычна настроеных грамадзян, якія могуць узначаліць тыя ці іншыя ведамствы, без таго каб гэтыя міністэрскія пасады запаўняліся рознага роду замежнымі рэфарматарамі зь неадназначным рэфарматарскім досьведам з Грузіі, Польшчы і г.д., якія сёньня вымушаныя зьехаць са сваіх краін і шукаць працягу сваёй кар’еры ва Ўкраіне. Ня думаю, што гэта правільны ход, ня думаю, што такія кадравыя ініцыятывы прэзыдэнта знойдуць гарачы водгук у сэрцах украінцаў», — адзначае палітоляг.

Пазачарговыя выбары ва Ўкраіне адбыліся 26 кастрычніка. Акрамя пяці партыяў, якія ў выніку сфармавалі кааліцыю «Эўрапейская Ўкраіна», 5-адсоткавы бар’ер таксама пераадолеў «Апазыцыйны блёк». Значную частку яго складаюць колішнія прадстаўнікі Партыі рэгіёнаў, якая падтрымлівала Віктара Януковіча.

Найвышэйшы заканадаўчы орган Украіны ў выніку выбараў абнавіўся больш як напалову — 56% дэпутатаў абраныя ўпершыню. Між тым у Вярхоўнай Радзе застануцца пустымі 27 месцаў, на якіх павінны быць прадстаўленыя дэпутаты ад Крыму і ад кантраляваных сэпаратыстамі частак Данецкай і Луганскай абласьцей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG