Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская лінія Манэргейма: ад Сянькоўкі да Луганску


Чарнігаў мяжа Украіна Блёк-пост самаабароны перад Гасічаўкай
Чарнігаў мяжа Украіна Блёк-пост самаабароны перад Гасічаўкай

Украіна робіць важкія захады, каб умацаваць дзяржаўную мяжу з Расейскай Фэдэрацыяй. Праект атрымаў назву «Сьцяна».

Украіна робіць важкія захады, каб умацаваць дзяржаўную мяжу з Расейскай Фэдэрацыяй. Праект атрымаў назву «Сьцяна», пры падтрымцы Эўразьвязу на яго выдзяляецца 66 мільёнаў эўра. Мясцовыя кіраўнікі, у прыватнасьці, з Чарнігаўскай вобласьці, кажуць пра будоўлю на мяжы з Расеяй фартыфікацыйных збудаваньняў накшталт лініі Манэргейма. Рэпартаж з Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны.

Паўночную мяжу Ўкраіны з Расеяй, што цягнецца па тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці, украінцы пачалі ўмацоўваць у зьвязку з анэксіяй Крыму і расейскай агрэсіяй на паўднёвым усходзе. Пра гэта яшчэ ў жніўні на брыфінгу паведаміў старшыня Чарнігаўскага абласнога савету Мікалай Зьвераў.

Гаворка, у прыватнасьці, ідзе пра рыцьцё супрацьтанкавага рова шырынёю 6 мэтраў і глыбінёю два з паловай мэтры. Пачынаецца гэты роў ад сутыку межаў Ўкраіны з Расеяй і Беларусьсю, дзе памежная ўкраінская вёска Сянькоўка, і цягнецца да паселішча Грэм’яч, што ў Ноўгарад-Северскім раёне. Дзеля ўмацаваньня мяжы з Расеяй прадугледжаныя й іншыя фартыфікацыйныя збудаваньні.

Мікалай Зьвераў: «Чарнігаўская вобласьць мацуе лінію супрацьтанкавага рова — ад Cянькоўкі да Грэм’яча. Вядзецца рэанімацыя спэцыяльных фартыфікацыйных збудаваньняў на працягу 183 кілямэтраў. Будуецца лінія ўмацаваньняў. Гэта першапачатковая мяжа Ўкраіны — і далей яна пераходзіць да ўсходняга памежнага камандаваньня на тэрыторыі Сумскай вобласьці. Там таксама прадугледжана будоўля фартыфікацыйных збудаваньняў. Яны пачынаюцца ў Харкаўскай вобласьці і цягнуцца ажно да Луганску. І памежная служба тут у павышанай баявой гатовасьці».

Ад Чарнігава да памежнай украінскай Сянькоўкі больш за 80 кілямэтраў. Блізу райцэнтру Гарадня паабапал шашы мясцовыя прадпрымальнікі аруць трактарамі пажухлую пожню. Але ня гэтая восеньская пастараль дзівіць кіроўцу ўседарожніка, прадстаўніка Чарнігаўскага атраду самаабароны Сяргея. Па трасе ў бок Расеі шыбуюць аўтафургоны з расейскімі нумарамі, хоць такому транспарту ўкраінцы нядаўна абмежавалі рух па сваёй тэрыторыі.

Сяргей прыходзіць да высновы, што, хутчэй за ўсё, гэта транзытныя фургоны з Малдовы, Вугоршчыны ці нават Баўгарыі, якія пакуль ні сном ні духам ня ведаюць пра забарону.

Ля вёскі Гасічаўка спыняемся ля двух блёк-пастоў, узьведзеных паабапал трасы сіламі самаабароны яшчэ ўвесну. Актывісты самаабароны ці ня першымі адчулі небясьпеку, якая можа прыйсьці ад ваяўнічых суседзяў шашою наўпрост ад мяжы.

Абарончыя збудаваньні, вядома, ня лінія Манэргейма — яны прымітыўныя. Але яны служаць напамінам усякаму хціўцу, які мае думкі няпрошаным зьявіцца на ўкраінскай тэрыторыі. І каб сумневу ні ў кога не засталося, самаабаронцы падвесілі пад дахам блёк-паста застрэленага ліса.

Падвешаны ліс - напамінак хціўцам
Падвешаны ліс - напамінак хціўцам

Вяскоўка Валянціна з Гасічаўкі кажа, што калі спатрэбіцца, то яна й сама пойдзе капаць равы ды траншэі, нягледзячы на ўзрост:

«Як сумеем капаць, то будзем капаць, пакуль самі ў канал не пападаем».

У памежнай вёсцы Сянькоўка
У памежнай вёсцы Сянькоўка

Украінка апавяла, што ў вёсцы шмат хто мае «талеркі», спадарожнікавыя антэны, і глядзіць шматлікія тэлеканалы, а ня толькі расейскія. Тут добра ведаюць сытуацыю ў краіне. Аднаго мясцовыя жыхары ня могуць уцяміць: чаго Пуцін прычапіўся да Ўкраіны?

Валянціна: «Чаго ён ідзе да нас? Што яму трэба тут — Пуціну? Беларусь, Лукашэнка няхай забірае нас. А Пуцін — не! У Расею ня хочам. Чаго ты лезеш, што табе трэба? Грузія сышла, Прыднястроўе таксама — а ён усё лезе. Чаго? Правакацыя вялікая з Расеі ідзе, таму й закрываюць нашы тэлеканалы. Там жа расейцы ня бачаць нічога й ня ведаюць. Беларусь жа вунь ні да кога ня лезе. Беларусы амаль тое, што й мы. Побач жывём. У нас там і сыны, і дочкі, і сваякі — усе».

Украінка лічыць, што мацаваць мяжу з Расеяй абавязкова трэба, бо вайна ў Данбасе пазбавіла людзей спакою:

«Людзі набраліся ўсякага страху. Нашых і сыноў пабралі на фронт — і майго сына забралі, і багата яшчэ каго. Ужо каторыя калекамі вярнуліся, а каторых — забілі. Некаторыя чакаюць адпраўкі туды. А што Расеі трэба — ну што? Чаго ёй лезьці туды? Зрабілі Данецк бойняй. Данбас увесь разрабавалі. Той, хто праз „талеркі“ бачыць, той ведае. А то ж людзі думаюць, што мы на Расею нападаем. А хіба ж мы нападаем — на нас нападаюць!»

У суседняй з Гасічаўкай Сянькоўцы стаўленьне мясцовых жыхароў да ўмацаваньня мяжы з Расеяй іншае. Яны больш бядуюць, што калгас разваліўся і вяскоўцам няма дзе працаваць. Многія сянькоўцы маюць сваякоў у Расеі і ня вераць, што ўсходняя суседка можа несьці пагрозу.

Пункт харчаваньня самааброны
Пункт харчаваньня самааброны

Гаворыць вяскоўка Сьвятлана:

«Ня веру. А хто на нас нападзе? Навошта мы ім? Навошта мы Расеі?»

Больш ураўнаважаныя вяскоўцы, як, прыкладам, спадар Анатоль, кажуць, што калі трэба папрацаваць на мяжы, то папрацуюць. Але тое — марная трата сродкаў. Лепей, каб кіраўнікі Ўкраіны і Расеі дамовіліся пра спыненьне ваеннага канфлікту:

«Пойдзем папрацуем. Трэба — значыць, трэба. Але я ня бачу тут такой ваеннай пагрозы. Тут усё ціха-мірна. Умацоўваць мяжу? Дык яна ў нас умацаваная! Вакол хлопцы нашы стаяць — ні прайсьці, ні пралезьці. Як гэта — каб расейцы забралі нашу тэрыторыю? Можа, прэзыдэнты дамовяцца. Трэба неяк памірыцца і зрабіць парадак у краіне».

Рэгіянальны каардынатар у пытаньнях самаабароны Аляксандар Ясянчук, са свайго боку, мяркуе, што пытаньне ўмацаваньня мяжы надзвычай вострае:

Аляксандар Ясянчук
Аляксандар Ясянчук

«У Чарнігаў прыяжджалі дэлегацыі з краінаў Эўразьвязу — Прыбалтыкі, Польшчы, дзе рэальна адчуваюць расейскую пагрозу. Яны адкрываюць фінансаваньне, каб будаваць умацаваньні на мяжы. Уздоўж мяжы будзе ісьці невялікі роў, паласа перашкодаў і ракадная дарога. Пачалі гэта рабіць ад Сянькоўкі і да Ноўгарад-Северскага. Робіцца падобнае і ў іншых раёнах. Але тое ўжо вайсковая таямніца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG