Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВЫ БЛОГ. На выбарах у Вярхоўную Раду лідуюць Блёк Парашэнкі і Народны фронт

Камуністы, Правы сэктар і іншыя партыі ў Вярхоўную Раду не праходзяць. Камуністаў у Вярхоўнай Радзе ня будзе ўпершыню з часоў распаду СССР.

7 партый-пераможцаў выбараў паводле партыйных сьпісаў падзеляць 225 месцаў у Радзе, яшчэ 213 мандатаў атрымаюць пераможцы аднамандатных мажарытарных акруг. Крым ды шэраг гарадоў і раёнаў Данбаса ня будуць мець сваіх прадстаўнікоў у Радзе. Паводле Канстытуцыі Ўкраіны кааліцыя парлямэнцкай большасьці мае сфармаваць урад.

21:54 26.10.2014

Фотафакт: вынікі экзыт-полаў:

21:49 26.10.2014

У «Народным фронце» выказалі спадзеў, што пасаду прэм’ер-міністра захавае Яцанюк

Пра гэта на брыфінгу заявіў сьпікер цяперашняга складу Рады, адзін з лідэраў «Народнага фронту» Аляксандр Турчынаў:

«Падтрымка „Народнага фронту“ сьведчыць аб тым, што нашы ўкраінцы прызналі прафэсіяналізм і гатоўнасьць працаваць у складаных палітычных умовах дзейнага прэм’ер-міністра Ўкраіны Арсенія Яцанюка».

Лідэр «Бацькаўшчыны» Юлія Цімашэнка абяцала ўсяляк дапамагаць новаму ўраду далучыць Украіну да Эўразьвязу і НАТО.

21:37 26.10.2014

Блёк Парашэнкі запрасіў у кааліцыю «ўсе партыі Майдану»

Лідэр партыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Юры Луцэнка запрасіў да ўдзелу ў будучай урадавай кааліцыі ўсе партыі, якія бралі ўдзел ў Эўрамайдане:

«Усе партыі Майдану будуць запрошаныя ў кааліцыю, не будзе таргоў за партыйныя квоты, урад будзе фармавацца па прафэсійнай прыкмеце», — заявіў Луцэнка.

Па выніках экзыт-полаў у Вярхоўную Раду праходзяць сем партый: Блёк Парашэнкі, «Народны фронт», «Самапомач», Радыкальная партыя Ляшко, «Свабода», «Бацькаўшчына» і Апазыцыйны блёк. Апрача апошняй усе яны могуць лічыцца партыямі Майдана.

21:08 26.10.2014

На выбарах у Раду лідзіруюць Блёкі Парашэнкі і Народны фронт

Паводле вынікаў сацыялягічнага апытаньня на выхадзе з выбарчых участкаў, праведзенага кампаніяй «Нацыянальны экзыт-пол», у Вярхоўную Раду Ўкраіны праходзяць 7 партый.

Блёк Пятра Парашэнкі набірае 23 працэнты галасоў,

«Народны фронт» Арсенія Яцанюка — 21,3

«Самапомач» Андрэя Садавога — 13,2

Апазыцыйны блёк (былыя рэгіяналы) — 7,6

Радыкальная партыя Ляшко — 6,4

«Свабода» — 6,3

«Бацькаўшчына» — 5,6 працэнта.

Камуністы, Правы сэктар і іншыя партыі ў Вярхоўную Раду не праходзяць.

20:43 26.10.2014

Дывэрсантаў абясшкодзілі

Служба бясьпекі Ўкраіны ліквідавала больш за 10 дывэрсійных груп, якія рыхтавалі тэракты ў дзень галасаваньня. Пра гэта паведаміў дарадца кіраўніка СБУ Маркіян Лубкіўскі:

«СБУ ва ўзаемадзеяньні зь іншымі праваахоўнымі органамі забясьпечыла бясьпеку правядзеньня галасаваньня на выбарах у Вярхоўную Раду. Гэтаму папярэднічала сур’ёзная праца па выяўленьні дывэрсійных груп, якія чынілі ціск на выбаршчыкаў, спрабавалі пасеяць паніку і недавер сярод грамадзян».

Цягам мінулага тыдня быў выяўлены і зьнішчаны шэраг дывэрсійных груп у Харкаве, Запарожжы, Марыюпалі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG