Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя нашчадка ўкраінцаў, якія ў 30-я ратаваліся ад рэпрэсіяў і галадамору ў Беларусі


Насып украінцаў у Магілёве
Насып украінцаў у Магілёве

Родзічы жыхара Магілёўскага раёну Мікалая Адамавіча з родных мясьцінаў на Кіеўшчыне ў Беларусь пераехалі, ратуючыся ад раскулачваньня ў 1932 годзе.

Родзічы жыхара Магілёўскага раёну Мікалая Адамавіча (свайго прозьвішча прасіў не называць) з родных мясьцінаў на Кіеўшчыне ў Беларусь пераехалі, ратуючыся ад раскулачваньня ў 1932 годзе. На Магілёўшчыне тады ўтварылася цэлая ўкраінская грамада, якая трымалася разам. Айчым ягонай маці пасьпеў на сваіх конях зьехаць у Гомельскую вобласьць.

«Празь некалькі дзён прыйшлі да іх. У хаце нічога не было. У чыгунку́ было кіляграм проса ды палова булкі хлеба. Забралі дзьве падушкі. Усё, што было нажытае, тое і забралі, — пераказвае, спасылаючыся на аповед маці, Мікалай Адамавіч. — А потым яны паехалі да айчыма ў Гомельскую вобласьць. Там наймалі жытло і на конях вазілі пясок на насып чыгункі. Іх беларусы называлі грабарамі».

Мікалай Адамавіч заўважае, што 1932 год быў цяжкі ва Ўкраіне. Не было працы. Украінцы ратаваліся хто як мог. Знайшоўшы прыстанак у новых для сябе мясьцінах, кожны зь іх стараўся выцягнуць да сябе родзічаў.

Папрацаваўшы крыху на Гомельшчыне, празь некалькі месяцаў крэўныя Мікалая Адамавіча перабраліся ў Магілёў.

«Даведаліся, што ў Магілёве будзе будавацца чыгунка ад станцыі Магілёў-1 у бок Чавусаў цераз Дняпро. Калі прыехалі сюды, то некалькі год насыпалі на конях высокі насып. У асноўным насыпалі ўкраінцы. Яны аднаасобнікамі былі. У калгасы не ішлі. Са сваімі коньмі толькі працавалі. Адзін прыехаў, пераказаў другому, і той прыехаў — гэтак і папрыяжджалі сюды», — апавядае Мікалай Адамавіч.

«Маёй маці на той час было сямнаццаць гадоў. Яна з 1915 году. Бацька яе загінуў у Першую ўсясьветную вайну», — працягвае суразмоўца.

«Была самым маладым грабаром. Нароўні з мужчынамі рабіла. Гэта была дужа цяжкая праца. Пазьней у яе дужа балелі рукі. Конь, рыдлёўка, на вазы накідваўся пясок. Яго везьлі на насып. Колькі зрабіў рэйсаў, запісвалася. Прыходзіў час — плацілі грошы. Разбагацець на такой працы хіба можна? Аднак што паесьці — было. Нават будавалі сабе невялікія дамкі».

Асела ўкраінская грамада, паводле Мікалая Адамавіча, там, дзе цяпер магілёўскі пасёлак Халмы, непадалёк ад Дняпра. Тады гэтая мясцовасьць была малазаселеная. Калі насып быў гатовы, то працавалі далей на іншых участках чыгункі.

Паводле суразмоўцы, канфліктаў між беларусамі і ўкраінцамі не было. Але прыежджыя трымаліся сваіх суродзічаў.

«Цяпер, — кажа Мікалай Адамавіч, — калі еду непадалёк ад насыпу, галава сама паварочваецца, каб паглядзець на яго».

«Гляну і падумаю, што тут мая маці сваё здароўе ўгробіла. Хваліцца ёй не было чым. Яна засталася сіратой. Яе адну ноч толькі бачыў бацька. У 1915 годзе яго прызвалі з Украіны на вайну. У яе было дзяцінства сіраты. У Магілёве выйшла замуж за ўкраінца, таксама грабара. Муж пайшоў на вайну і загінуў. Яе лёс дужа цяжкі».

Удалечыні пасёлак Халмы. Прыстанак украінцаў у Магілёве ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя
Удалечыні пасёлак Халмы. Прыстанак украінцаў у Магілёве ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя

Пасьля вайны, паводле Мікалая Адамавіча, багата ўкраінцаў, у тым ліку ягоных родзічаў, выехалі на радзіму. Але многія засталіся і ў Халмах.

Як напамін пра ўкраінцаў ля Халмоў узвышаецца зроблены імі насып. Паселішча цяпер шчыльна забудаванае. Адшукаць тых, хто памятае пра тутэйшых украінцаў, аказалася няпроста. Бальшыня тых, з кім удалося пагутарыць, пра грабароў і ня чулі. Нават слова такога ня ведаюць.

Адна са старажылаў Халмоў апавяла, што ўкраінцы забудавалі сваімі дамамі цяперашнюю вуліцу Кавалеўскай.

Наперадзе вуліца Кавалеўскай, на якой сяліліся ўкраінцы
Наперадзе вуліца Кавалеўскай, на якой сяліліся ўкраінцы

Кабета ўспамінае, што ў 1937 годзе, калі раскулачылі ейнага бацьку, ім далі дзялянку ў Халмах, дзе ўжо абжыліся былі ўкраінцы. Сваю хату раскулачаныя беларусы паставілі на гародах украінцаў.

«Украінцы выбралі сабе такое месца, каб блізка было да логу і вада з Дняпра каб іх не залівала», — згадвае васьмідзесяцігадовая жанчына.

«І яны тады ўсе пабудаваліся адзін за адным да канца вуліцы. Яны ўсе з Украіны былі, там галадоўка была, таму сюды і прыехалі. І брат, і сястра, і дваюрадныя, і траюрадныя — во так усе будаваліся. Усёй радзінай. Яны грабарамі рабілі. На конях гэты насып насыпалі — чыгуначную лінію на Чавусы».

Занядбаная хата ў Халмах
Занядбаная хата ў Халмах

Паводле суразмоўніцы, калі насып зрабілі, нямала ўкраінцаў перабраліся ў іншы гарадзкі раён — да станцыі Лупалава.

Гісторыя побыту ўкраінскай грамады ў Магілёве маладасьледаваная. У гарадзкіх музэях паведамілі, што чулі пра такое, аднак дакладных зьвестак у іх таксама няма. Музэйнікі параілі шукаць дакумэнты пра гэты гістарычны эпізод у вайсковых архівах, бо ход будаўніцтва чыгункі кантралявалі вайсковыя ведамствы.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG