Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская камісія 18 сьнежня ўхваліла выкананьне Ўкраінай патрабаваньняў пляну дзеяньняў у справе візавай лібэралізацыі.

«Беручы пад увагу вынікі маніторынгу і справаздачнасьці, якія праводзіліся пасьля пачатку бязьвізавага дыялёгу ў кастрычніку 2008 году, Камісія лічыць, што Украіна датрымалася усіх крытэраў, вызначаных па чатырох блёках другой фазы Пляну дзеяньняў па лібэралізацыі візавага рэжыму», — гаворыцца ў высновах «бязьвізавай справаздачы Эўракамісіі.

Падкрэсьліваецца, што прадстаўленьне Ўкраіне бязьвізавага рэжыму стала магчымым дзякуючы асаблівым палітычным адносінам Кіева і Брусэлю. Цяпер бакам застанецца вырашыць тэхнічныя моманты.

А вось дэклярацыі пра хуткае зьмякчэньне візавага рэжыму Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі па-ранейшаму на стадыі «абмеркаваньня».

Нагадаем, што 9 сьнежня дырэктар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд заявіў, што Беларусь і Эўразьвяз падрыхтавалі да падпісаньня тэкст пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму і пагадненьне па рэадмісіі. Адзінае пытаньне, якое ўсё яшчэ абмяркоўваецца, гэта тое, што дыпляматычныя пашпарты павінны адпавядаць патрабаваньням бясьпекі.

Аднак у МЗС Беларусі зазначаюць, што тэкст пакетнай дамоўленасьці ня так блізка да падпісаньня, як некаму падаецца. У прыватнасьці, застаецца шэраг пытаньняў у адносінах пагадненьня аб рэадмісіі, якое ідзе пакетам з аблягчэньнем візавага рэжыму. Так, не прадугледжаны пераходны пэрыяд для імплемэнтацыі палажэньняў пагадненьня, а ён неабходны, бо няма дастатковай інфраструктуры для ўтрыманьня грамадзянаў трэціх краін, якія падлягаюць рэадмісіі.

Пра намер Беларусі пачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам кіраўнік МЗС Уладзімір Макей заявіў яшчэ на саміце «Усходняга партнэрства» 2013 году ў Вільні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG