Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна хоча пазбавіць Лукашэнку статусу «міратворца»: шукаецца іншае месца для сустрэч Трохбаковай кантактнай групы


«Калі падчас сьнежаньскага галасаваньня на Генасамблеі ААН Беларусь зноў будзе спрабаваць дагадзіць Расеі, нам нічога не застанецца, як замест Менску шукаць іншую плятформу для перамоваў», — кажа народная дэпутатка Ўкраіны Ганна Гапко.

Народная дэпутатка Ўкраіны Ганна Гапкo

Народная дэпутатка Ўкраіны Ганна Гапкo

15 лістапада ў Трэцім камітэце Генэральнай асамблеі ААН разглядалася ініцыяваная Ўкраінай рэзалюцыя аб парушэньні правоў чалавека ў акупаваным Крыме. Дакумэнт падтрымалі 73 дзяржавы, 76 устрымаліся. Супраць прагаласавалі 23 краіны, якія самі ня могуць пахваліцца ўзорным забесьпячэньнем правоў і свабодаў для ўласных грамадзянаў — Ангола, Куба, КНДР, Іран, Расея, Нікарагуа, Судан, Сырыя, Узбэкістан, Вэнэсуэла, Эрытрэя ды іншыя.

У шэрагу гэтых 23 краін апынулася і Беларусь, якая застаецца галоўнай перамоўнай пляцоўкай у справе ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Беларуская дэлегацыя паспрабавала заблякаваць праект рэзалюцыі, заявіўшы пра «празьмерную палітызацыю пытаньня». Ініцыятыва не прайшла, супраць яе выступіла 101 краіна, 37 устрымаліся. Бок Беларусі занялі 32 аднадумцы.

«Менск пры сваім статусе мусіць трымацца нэўтральнасьці, а не станавіцца рупарам Крамля»

Канчаткова крымская рэзалюцыя будзе ўхвалена на пленарным паседжаньні Генэральнай Асамблеі ААН у сьнежні. Як правіла, дакумэнты там прымаюцца без істотных зьменаў і прыкладна з той жа прапорцыяй прыхільнікаў і праціўнікаў. Для Беларусі тое галасаваньне будзе мець важныя наступствы.

Ганна Гапко, кіраўніца камітэту замежных спраў Вярхоўнай Рады Ўкраіны, у нядаўнім актыўная ўдзельніца Майдану, на сустрэчы зь беларускімі журналістамі ў Кіеве сказала: калі Беларусь і надалей будзе падпарадкоўвацца волі Крамля, яе трэба пазбавіць міратворчага статусу:

«Для нас вельмі важна мець прагназаванага суседа, з боку якога мы не атрымаем авіяўдараў ці нейкіх іншых небясьпечных рэчаў. Разам з тым галасаваньне ў Нью-Ёрку прадэманстравала рэальны стан рэчаў: калі ў сьнежні Беларусь зноў будзе спрабаваць дагадзіць Расеі, нам нічога не застанецца, як замест Менску шукаць іншую плятформу для перамоваў. Таму што мы ня можам быць там, дзе дзяржава не займае нэўтральную пазыцыю. Каб Беларусь прынамсі ўстрымалася — гэта адна гісторыя. А калі яна ня толькі супраць, а яшчэ яе выкарысталі дзеля блякаваньня рашэньня, — ужо зусім іншы расклад. Прынамсі гэта тое, што ў нас цяпер абмяркоўваецца ў дыпляматычных колах, бо, яшчэ раз паўтаруся, Менск пры сваім статусе мусіць трымацца нэўтральнасьці да падзеяў, а не станавіцца рупарам Крамля».

Фотавыстава пра герояў вайны ў калідорах Вярхоўнай Рады

Фотавыстава пра герояў вайны ў калідорах Вярхоўнай Рады

У Нью-Ёрку прадстаўнік Расеі рэзка выступіў супраць праекту ўкраінскай рэзалюцыі, сьцьвярджаючы, што «Крым адвечна быў расейскай тэрыторыяй», а правы чалавека парушала якраз Украіна, навязваючы адзіную дзяржаўную мову. І калі Беларусь выступае ў адной зьвязцы з Расеяй, робіць выснову дэпутат Вярхоўнай Рады Ганна Гапко, значыць, аўтаматычна падзяляе антыўкраінскія заявы:

«Ну як пасьля гэтага можа зьмяніцца стаўленьне да Беларусі? Для нас галасаваньне 15 лістапада стала адназначна нэгатыўным сыгналам. Асабліва пасьля тых размоваў, якія адбыліся на вышэйшым узроўні паміж прэзыдэнтамі Лукашэнкам і Парашэнкам, пасьля таго як Беларусь падкрэсьлена пазыцыянавала сябе гарантам рэгіянальнай бясьпекі. Дарэчы, менавіта з гэтай прычыны ўсе зацікаўленыя бакі прынялі Менск у якасьці перамоўнай пляцоўкі, у якасьці тэрыторыі, зь якой ня будзе пагрозаў ні для суседзяў — чальцоў НАТО, ні для Ўкраіны. Але ўсе цяперашнія рухі, зьвязаныя з пашырэньнем вайсковых вучэньняў сумесна з Расеяй, набліжэньнем мэханізаваных брыгадаў да мяжы зь Беларусьсю, выклікаюць у нас пэўную трывогу і неразуменьне».

Як кажа суразмоўніца, дасягненьне рэзалюцыі — ужо тое, што ўпершыню ў дакумэнтах ААН Расея наўпрост называецца дзяржавай-акупантам, а Крым і Севастопаль — часова акупаванымі тэрыторыямі. Перадусім асуджаюцца абмежаваньні правоў чалавека, дыскрымінацыйныя захады ў дачыненьні да крымскіх татараў, украінцаў і асобаў, якія належаць да іншых этнічных і рэлігійных групаў, з боку расейскіх акупацыйных уладаў:

Сёньняшні антураж кіеўскай сталіцы

Сёньняшні антураж кіеўскай сталіцы

«Добра, што рэзалюцыя прайшла ў Трэцім камітэце, бо ў ёй Расея на ўзроўні ААН названая краінай-акупантам, а Крым — часова акупаванай тэрыторыяй. Ёсьць патрабаваньне дапусьціць на паўвостраў міжнародных назіральнікаў. Гэта могуць быць як камісар ААН па правах чалавека, так і камісар па правах чалавека Рады Эўропы. Плюс адмысловая маніторынгавая місія паводле мандату АБСЭ цяпер таксама мае на ўвазе і Крым. Таму для нас гэта прынцыпова новыя патрабаваньні. Апроч таго, рэзалюцыя ААН наўпрост называе Расею агрэсарам, а значыць, тая павінна несьці ў тым ліку эканамічныя страты. Усё гэта ўзмацняе нашу прававую базу для наступных судовых працэсаў у міжнародных судах, найперш у Гаазе. Што для Ўкраіны надзвычай важна».

На краіны, якія галасавалі за Расею, можна падаць у суд за тое, што падтрымалі дзяржаву-акупанта

Страта міжнароднага даверу ў статусе міратворчай пляцоўкі можа мець для вышэйшага кіраўніцтва Беларусі маштабныя наступствы — ад палітычных да эканамічных. Аднак, словамі ўкраінскай дэпутаткі Ганны Гапко, найбольш ганебна страціць дзяржаўны аўтарытэт — нельга адначасова рабіць добрую міну, запэўніваючы ўвесь сьвет у шчырасьці сваіх намераў, і пры гэтым весьці закулісныя перамовы з адным з зацікаўленых бакоў:

«Калі мы кажам, што Менск — сапраўды нэўтральная плятформа, куды зьяжджаюцца перамоўнікі, — пасьля такога галасаваньня мы ня можам разьлічваць на бесстароннасьць. Застаецца пачакаць, што будзе ў сьнежні: калі Беларусь зноў пацьвердзіць пазыцыю, прагаласаваўшы супраць, то ўсё стане на свае месцы. Дарэчы, са мной кансультаваўся адзін юрыст: з тымі краінамі, якія галасавалі супраць, можна весьці судовыя спрэчкі, што яны падтрымалі дзяржаву-акупанта. Я не кажу, што да гэтага дойдзе, але такую магчымасьць таксама важна акрэсьліць. Мы рознымі спосабамі намагаемся даслаць сыгналы беларускаму боку, што сьнежаньскае галасаваньне стане тэставым. У іншым выпадку Ўкраіна будзе разглядаць іншыя месцы для сустрэчаў Трохбаковай кантактнай групы. Што гэта будзе за дзяржава — казаць цяжка, бо неабходна, каб пагадзілася і Расея. Але нагода, каб уздымаць пытаньне, у тым ліку перад Нармандзкай чацьвёркай, ёсьць. Прынамсі, ужо зразумела, што Беларусь у прапанаванай ролі сябе не апраўдала».

На Майдане Незалежнасьці

На Майдане Незалежнасьці

Ганна Гапко зьвяртае ўвагу, што, нягледзячы на дэкляраваныя намеры зрабіць усё дзеля таго, каб «замірыць сваіх бліжэйшых суседзяў», Менск у рэальнасьці выконвае толькі тое, што загадвае Масква. Прынамсі два апошнія гады, як здарылася акупацыя Крыму, а неўзабаве расейскія вайскоўцы зьявіліся на Данбасе, усе рэзалюцыі ў структурах ААН беларуская дэлегацыя прымала ў рэчышчы расейскіх інтарэсаў:

«Менск цалкам рэальна можа страціць цяперашні статус, таму што рашэньне па рэзалюцыі відавочна не самастойнае. Пазыцыя і, сьледам за гэтым, вынікі галасаваньня навеяныя зьнешнім кіраваньнем, прадыктаваныя пазыцыяй іншай краіны. Я не магу сьцьвярджаць, што было насамрэч — таргі, запалохваньне і г.д. Але гэта зроблена яўна пад вонкавым уплывам, бо дагэтуль усе заявы сьведчылі зусім пра іншае. У Кіеве беларускі амбасадар казаў, што Беларусь паважае цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны, прызнае яе ў тых межах, якія былі дагэтуль. І раптам абсалютна нелягічныя паводзіны. Хоць як мінімум павінен захоўвацца нэўтралітэт. Зрэшты, можна згадаць, як Беларусь упершыню галасавала па Крыме ў 2014 годзе, калі адбылася агрэсія Расеі... Разумееце, была б прычына дзівіцца, каб тое было разавай зьявай. А так гэта ўжо тэндэнцыя».

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка, які пакуль яшчэ досыць камфортна пачувае сябе ў ролі «міратворца», ня так даўно прапанаваў бакам канфлікту новую «паслугу» — паспрыяць арганізацыі «выбараў» на ўсходзе Ўкраіны. Ганна Гапко на гэта рэагуе такім чынам:

«Тэма выбараў на ўсходзе будзе актуальная тады, калі спыняцца абстрэлы, калі расейцы прыбяруцца з нашай тэрыторыі. Там, ні многа ні мала, больш за 8 тысяч вайскоўцаў рэгулярнай арміі; зброя, якой Расея нашпігавала Данбас пад выглядам гуманітарных канвояў — 1250 артылерыйскіх установак, 750 танкаў. Для пачатку арсэнал мусіць перайсьці пад кантроль міжнародных назіральнікаў АБСЭ. Як місія будзе называцца — якраз ідуць абмеркаваньні ў Нармандзкай чацьвёрцы, у фармаце ўсёабдымнай „дарожнай карты“, дзе галоўны прыярытэт — менавіта арганізацыя і гарантаваньне бясьпекі. Таму бліжэйшыя задачы: спыненьне абстрэлаў, вывад расейскіх войскаў, легалізацыя зброі. Паралельна з дээскаляцыяй і дэмілітарызацыяй — разьмініраваньне, там усюды міны. Нарэшце, гуманітарны блёк. Вялікая ўвага аддаецца парушэньням правоў чалавека: факты катаваньняў на ўсходзе, абмен палоннымі і закладнікамі».

Мяжа па лініі Данбасу з Расеяй — больш за 400 кілямэтраў, АБСЭ кантралюе ўсяго 4 кілямэтры

Як кажа суразмоўніца, ніякія выбары на Данбасе немагчымыя без галоўнай умовы — вяртаньня рэгіёну пад юрысдыкцыю ўкраінскай дзяржавы. Па яе словах, пакуль Расея будзе сілком утрымліваць у закладніках некалькі мільёнаў чалавек, ніякай легалізацыі прарасейскага рэжыму міжнародная супольнасьць дапусьціць не павінна:

«Найважнейшая ўмова — вяртаньне межаў, Украіна павінна вярнуць кантроль на тэрыторыяй. У іншым выпадку ніякіх выбараў. Пакуль мяжа ня будзе пад кантролем нашых памежнікаў, украінскай арміі ці міжнародных назіральнікаў, ніхто ніякія выбары праводзіць ня будзе. Паводле ўсіх нормаў улады мусяць гарантаваць бясьпеку да выбараў, падчас іх і пасьля. Дык вось у цяперашнім стане гарантаваць бясьпеку ніхто ня можа. Мяжа па лініі Данбасу з Расеяй — больш за 400 кілямэтраў. АБСЭ нават не кантралюе, а збольшага назірае толькі за двума пунктамі, гэта ўсяго 4 кілямэтры. Усё астатняе, як кажуць, гуляйполе. То бок нават місія прапускае гуманітарны канвой, не заўсёды правяраючы, што там — прадукты харчаваньня, запчасткі для тэхнікі ці іншыя вайсковыя рэчы. Таму, пакуль мы ня ўбачым прагрэсу з расейскага боку што да выкананьня сваіх абавязаньняў, ніякіх выбараў ня будзе».

Пакуль рэальных зрухаў з боку Расеі ня бачаць ня толькі ў Кіеве, але і ў міжнародных структурах. Пры канцы мінулага тыдня на саміце «Ўкраіна — Эўразьвяз» у Брусэлі была пацьверджана палітычная воля працягнуць санкцыі супраць Масквы. 15 сьнежня адбудзецца паседжаньне Рады кіраўнікоў эўрапейскіх дзяржаваў, на якім ізаляцыя Расеі як дзяржавы-агрэсара будзе пацьверджаная дакумэнтальна.

Каб цалкам адвязацца ад расейскага ўплыву, Украіна канчаткова сыходзіць з інтэграцыйных структураў кшталту СНД. Паводле Ганны Гапко, неўзабаве будзе спыненая нават намінальная прысутнасьць дзяржавы ў арганізацыі, якая ёсьць нічым іншым, як ліхаманкавай спробай утрымаць савецкія тэрытарыяльныя аскепкі ў прыцэле бачнасьці Крамля:

«Украіна ня ёсьць чальцом СНД, мы там як назіральнікі, але не бяром актыўнага ўдзелу. Парлямэнтам прынята рашэньне не плаціць складкі, не аказваць іншую падтрымку. Адным словам, у гэтай структуры мы вельмі інэртныя. Ёсьць некалькі зарэгістраваных праектаў народных дэпутатаў, каб прыпыніць нават такую фіктыўную прысутнасьць у СНД. Цяпер МЗС праводзіць інвэнтарызацыю нарматыўна-прававой базы, зьвязанай зь дзяржавамі-чальцамі, схіляючыся да думкі, што важней і эфэктыўней разьвіваць двухбаковыя адносіны. Перакананая, што посьпехі Ўкраіны і ў эканамічным, і ў інстытуцыянальным аспэкце стануць прыкладам таго, што СНД — ня тая плятформа, якая ўзмацняе кожнага зь яе ўдзельнікаў. Выгада прысутнасьці там — збольшага для Расеі: яшчэ адзін інструмэнт уплыву на рэгіён, падтрымка гістарычнага міту пра незаменнасьць цэнтру. Для Ўкраіны ніякай мэтазгоднасьці ў гэтым мы ня бачым».

Выглядае, што цывілізацыйны шлях Украіны з Расеяй разыходзіцца незваротна. Чаго ня скажаш пра Беларусь, якая ўсё больш прывязваецца да ўсходняга суседа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG