Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле Ўказу Лукашэнкі № 460, у дзяцей-сіротаў будуць забіраць дзяржаўнае жыльлё


Распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі ад 16 лістапада ў дзяцей-сіротаў будуць забіраць бясплатнае дзяржаўнае жыльлё.

У адпаведнасьці з указам № 460 дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, жылыя памяшканьні сацыяльнага карыстаньня будуць выдзяляцца тэрмінам на пяць гадоў. Празь пяць гадоў рашэньнем мясцовых і распарадчых органаў гэтыя памяшканьні будуць залічацца ў памяшканьні камэрцыйнага выкарыстаньня. Узамен дзеці-сіроты атрымаюць права на льготны крэдыт. Дагэтуль гэтая катэгорыя грамадзян атрымлівала дзяржаўнае сацыяльнае жыльлё бестэрмінова.

У Натальлі Дземянцей тата памёр, калі ёй было 7 гадоў, а калі споўнілася 8 — памерла матуля. Да 15 гадоў расла ў сем’ях сваіх блізкіх сваякоў — братоў і сясьцёр. Але сірочы лёс зазнала спаўна:

Натальля Дземянцей

Натальля Дземянцей

«Жыла ў сям’і брата, пасьля ў сям’і сястры — па чарзе. Але гэта ўвесь час было цяжка псыхалягічна: у іх былі свае дзеці, свае клопаты, свае матэрыяльныя цяжкасьці, і ўвесь час так ці інакш я адчувала, што сваёй прысутнасьцю ствараю ім дадатковыя праблемы. Таму ў 15 гадоў пайшла навучацца ў тэхнічную вучэльню і як сірата атрымала месца ў інтэрнацкім пакоі. Адгэтуль пачалося маё самастойнае жыцьцё — было лягчэй маральна, хоць і цяжка матэрыяльна. Але яшчэ цяжэй стала, калі скончыла вучэльню і з інтэрната выселілі. Далей пайшлі блуканьні па найманых кватэрах, жыла ў бараках, аж пакуль пасьля высяленьня з аднаго з такіх не атрымала ўрэшце аднапакаёўку. Гэта стала зусім іншае жыцьцё: спакойнае, упэўненае хаця б у сёньняшнім дні. Толькі тады сапраўды стала пачувацца годна і стала гаспадыняй свайму жыцьцю. А збудаваць кватэру за нашы заробкі хіба зараз магчыма? Цяпер з маёй ужо дарослай дачкой мы паспрабавалі пабудаваць кватэру для яе сям’і. Але адмовіліся, бо зразумелі, што ня выцягнем гэтую будоўлю. Таму адсутнасьць жыльля для дзяцей-сіротаў — гэта ня толькі заўсёдная галеча, залежнасьць і прыгнечанасьць, але адсутнасьць будучыні».

Указ № 460 прадугледжвае таксама «аптымізацыю катэгорыяў грамадзян, якія маюць права на атрыманьне дзяржаўнай падтрымкі». Паводле ўказу дзяржаўныя органы і арганізацыі таксама атрымалі права зьмяняць прызначэньне будынка інтэрната на шматкватэрны жылы дом. Такія памяшканьні пры гэтым будуць таксама залічвацца ў жыльлё камэрцыйнага выкарыстаньня. На практыцы гэта азначае скарачэньне сьпісу тых, хто патрабуе дзяржаўнай падтрымкі, кажа эканаміст Міхась Залескі:

Міхась Залескі

Міхась Залескі

«Тыя грамадзяне, якія набліжаныя да вышэйшых эшалёнаў улады, яны ўжо страцілі патрэбу ў савецкіх формах падтрымкі. Яны маюць усё для сябе неабходнае па сваіх праўладных каналах. А ўсіх гэтых жабракоў трэба падразаць і люмпэнаваць.

Што тычыцца сіротаў, то ў нас у Беларусі ў прытулках выхоўваюцца каля 35 тысяч дзяцей. Сярод іх ня маюць бацькоў каля 600 дзяцей, а астатнія — так званыя сацыяльныя сіроты. Гэтая група грамадзян — вялікая сацыяльная праблема, бо яны не падрыхтаваныя да жыцьця ў сучасным грамадзтве — яны ізаляваныя ад гэтага грамадзтва. У выніку нізкай сацыялізацыі яны неэфэктыўна выкарыстоўваюць тое жытло, якое атрымоўваюць, і гэтаксама неэфэктыўна выкарыстоўваюць іншыя сацыяльныя ільготы і гарантыі, якія ім прапаноўваюцца.

Адначасна ёсьць такі пасёлак у Драздах, дзе жывуць сябры і памочнікі Лукашэнкі, якія маюць там дамкі ў мільёны даляраў кожны. То ўсіх гэтых сіротаў можна забясьпечыць адным ці двума такімі дамкамі. У кожным разе можна сказаць: Лукашэнкава балбатня пра савецкія сацыялістычныя прынцыпы супярэчыць ягонай практыцы. Пераконваючы свой электарат пэнсіянэраў пра захаваньне сацыяльнай скіраванасьці дзяржавы, ён паспрыяў разьвіцьцю стыхійнага і дзікага капіталізму.

Адбіраньне жытла ў сіротаў ня будзе ў маштабах краіны ні выніковым, ні праблемным. Гэта будзе праблема для банкаўскіх органаў, бо ўзьнікне глеба для злоўжываньняў, праблема для органаў апекі і аховы правапарадку. А перадусім — сацыяльная і маральна-этычная праблема. Сіроцтва можна выкараніць — у нас пасьля вайны было менш сіротаў. Але для гэтага неабходна адраджаць нацыянальную культуру».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG