Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асноўнай тэмай сёлетняй акцыі на Дзень Волі будзе абарона незалежнасьці, але сацыяльна-эканамічныя лёзунгі таксама будуць прысутнічаць.

Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Сёньня ў Менску прайшло чарговае пасяджэньне аргкамітэту па сьвяткаваньні 25 сакавіка Дня Волі.

Паводле слоў Янукевіча, удзельнікі аргкамітэту дамовіліся, што асновай ідэйнага напаўненьня акцыі будзе зварот прэзыдэнта Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды 25 сакавіка.

«Мы знаходзімся ў кантакце з Радай БНР, і цягам двух тыдняў чакаецца, што гэты зварот зьявіцца, і менавіта яго мы будзем у першую чаргу выкарыстоўваць. Падчас акцыі таксама будуць выкарыстоўвацца лёзунгі сацыяльна-эканамічныя, будуць лёзунгі ў падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў. Аднак асноўная тэма — гэта абарона незалежнасьці. Будуць лёзунгі супраць расейскіх вайсковых базаў, будуць лёзунгі за выхад з усіх утварэньняў, якія супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі і дзе дамінуе Расея», — паведаміў палітык.

У аўторак, 16 лютага, у Менгарвыканкам пададуць заяўку на правядзеньне мітынгу-шэсьця 25 сакавіка. Апазыцыя плянуе пачаць збор удзельнікаў акцыі а 18-й гадзіне, правесьці спачатку кароткі мітынг на пляцоўцы каля Акадэміі навук, а потым шэсьце да помніка Янку Купалу і мітынг.

«Таксама сёньня было прынята рашэньне, што 24 сакавіка а 18-й гадзіне ва Ўправе БНФ адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства, прысьвечанае 20-годьдзю вясны 1996 году — так званай „менскай вясны-96“ (шэраг палітычных акцыяў беларускай апазыцыі ў пэрыяд з сакавіка па чэрвень 1996 году. — РС), якая сталася годным момантам у абароне беларускай незалежнасьці і народным супраціве», — сказаў Янукевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG