Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уцекачы папрацавалі крыху ў калгасе, атрымалі заробак — і паўцякалі назад ва Украіну...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Як зьмянілася беларуская вёска за тыя больш як два дзесяцігодзьдзі, на працягу якіх краінай кіруе першы і пакуль што адзіны прэзыдэнт? Адказваючы на гэтае пытаньне, нехта згадае колішнія пампэзныя «Дажынкі», якія празь недахоп грошай урэшце былі адмененыя; нехта раскажа пра так званыя «прэзыдэнцкія» дамкі ў аграгарадках, пабудаваныя за бюджэтныя грошы. А вось наш слухач Лявон Брагінскі зь Менску, каб пераканацца ў зьменах на ўласныя вочы, праз шмат гадоў паехаў са сталіцы на сваю малую радзіму — на самы ўскраек Беларусі, у Кармянскі раён Гомельскай вобласьці. Пра ўбачанае ён піша так:

«Што найперш кідаецца ў вочы: паўсюль былыя вёскі ператвараюцца ў хутары. А ўсё таму, што нежылыя хаты зносяць, разбураюць. У выніку ўсё былое паселішча нагадвае бяззубы рот старога чалавека, у якога няма грошай на пратэзы.

Еду далей, у Карму. Вялікіх зьменаў да лепшага, якія б адбыліся за час незалежнага прэзыдэнцтва, тут ня бачна. Хіба толькі ў цэнтры, вакол возера, зрабілі зону адпачынку. Вось мясцовыя там і соўгаюцца. А што яшчэ рабіць, калі працы днём з агнём ня знойдзеш? Сьпіртзавод зачынілі, цагельню — таксама.

Неяк сюды прыбіліся ўцекачы з Украіны. Знайшлі ім працу ў недалёкім калгасе. Папрацавалі яны крыху, атрымалі заробак — і паўцякалі дахаты. Мабыць, гэтыя калгасныя грошы страшнейшыя за ўкраінскую страляніну.

А яшчэ вельмі ўразіў сьметнік на беразе Сажа — там, дзе ў Сож упадае рэчка Кармянка. Разьмясьціўся ён на месцы былых ачысных збудаваньняў, якія ніколі не працавалі. Вялізны сьметнік, які пыхціць, дыміць дзень і ноч. А ўсяго за 500 мэтраў ад яго — адселены з-за радыяцыі пасёлак Бурны; за 300 мэтраў — Сож; яшчэ бліжэй — Кармянка... Асабліва страшна ўсё гэта выглядае ў сьпякотнае лета. А калі здарыцца вялікі разьліў, дык усё гэта паплыве ў напрамку Гомеля.

...Вось такая невясёлая была мая вандроўка на радзіму продкаў».

Зьвярну ўвагу на той фрагмэнт ліста, у якім ідзе размова пра ўкраінскіх уцекачоў. Сапраўды, многія зь іх, нагледзеўшыся перадач спадарожнікавага канала Беларускага тэлебачаньня, імкнуліся ў краіну, якая падавалася ім чымсьці накшталт палепшанай вэрсіі Савецкага Саюзу. Там, маўляў, і стабільнасьць, і спакой, і парадак, і ўсеагульная працаўладкаванасьць, і танныя прадукты, і сацыяльныя гарантыі... Рэчаіснасьць, аднак, часам вельмі далёкая ад прапагандысцкіх карцінак. І ў беларускіх калгасах (куды найчасьцей накіроўваюць уцекачоў) гэта бачна асабліва выразна.

✉ ✉ ✉

Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў напісаў новы ліст, даведаўшыся пра тое, што ў Беларусі неўзабаве можа зьявіцца новая вайсковая авіябаза, на якой Масква зьбіраецца разьмясьціць самалёты-зьнішчальнікі. Радыё Свабода правяло апытаньне: ці патрэбен беларусам такі аб’ект? Меркаваньні апытаных падзяліліся прыблізна пароўну. Кастуся Сырэля гэта вельмі зьдзівіла і занепакоіла. У сваім лісьце ён піша:

«Па-першае, мы ня ведаем сапраўдных намераў ні расейскага, ні беларускага кіраўніцтва датычна гэтай авіябазы. А раптам расейцы захочуць зусім крышачку, усяго толькі на нейкіх пару кілямэтраў, падоўжыць узлётна-пасадачную паласу? Пад ужо існуючым покрывам сакрэтнасьці пры згодзе беларускага кіраўніцтва зрабіць гэта будзе прасьцей, чым з нуля. Навошта такая паласа? Ды так, на ўсялякі выпадак: раптам узьнікне патрэба пасадзіць які-небудзь ну зусім невялічкі расейскі бамбавічок з такімі зусім мале-е-енькімі ядзернымі бомбачкамі на борце, кожная мэгатоны па дзьве, ня болей.

Дый калі гэта будзе, як нас заспакойваюць, усяго толькі база зьнішчальнікаў, яна ўсё роўна трапіць пад прыцэл натаўскіх ядзерных боегаловак. Спадзяюся, для слухачоў Свабоды ня будзе навіной, што ўсе аб’екты такога кшталту ў сьвеце знаходзяцца пад чыім-небудзь прыцэлам, як і тое, што ў сьвеце ядзерных боегаловак налічваецца прынамсі дзесяць тысяч. І кожная, шаноўныя спадары, куды-небудзь нацэленая. Нам што, карціць, каб бомбы былі нацэленыя менавіта на нашы галовы? Яно нам трэба? Хай яны будуюць сваю базу дзе-небудзь пад Мажайскам або, яшчэ лепш, ля Барвіхі.

Я разумею, шаноўнае спадарства, што пры такой колькасьці ядзернай зброі бясьпечных месцаў на плянэце Зямля няма, што шанцу застацца жывымі ў сусьветнай ядзернай калатнечы няшмат ва ўсіх, і калі яна скончыцца, усім ужо будзе ўсё роўна, ад натаўскай ці расейскай бомбы яны загінулі. Дык ці варта нам яшчэ зьмяншаць гэты шанец? Можа, лепш заставацца нэўтральнай краінай і пасьлядоўна адстойваць свой нэўтралітэт, паказваючы прыклад іншым?».

Гэта сапраўды вельмі істотная праблема, якая непасрэдна закранае бясьпеку Беларусі. Але ці існуе ў беларускім грамадзтве ўсьведамленьне гэтай небясьпекі? Вось якраз цяпер паэт і колішні апазыцыйны кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў кліча людзей на акцыю супраць разьмяшчэньня расейскіх вайсковых базаў. Калі б на такі мітынг ці шэсьце выйшлі сотні тысяч людзей — верагодна, памкненьні крамлёўскіх стратэгаў можна было б спыніць.

А калі выйдуць толькі сотні ці нават дзясяткі?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG