Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША прайшлі акцыі пратэсту апанэнтаў Трампа


Пратэст на 5-й авэню ў Нью-Ёрку
Пратэст на 5-й авэню ў Нью-Ёрку

Увечары 9 лістапада, пасьля абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, у Злучаных Штатах прайшлі дэманстрацыі праціўнікаў Дональда Трампа, які, паводле папярэдніх вынікаў, мае стаць прэзыдэнтам ЗША.

Некалькі тысяч дэманстрантаў выйшлі на вуліцы Нью-Ёрку, Чыкага, Лос-Анджэлесу, Філядэльфіі і іншых гарадоў, каб выказаць сваё нэгатыўнае стаўленьне да грубых выказваньняў Трампа пра жанчын і яго нападаў на нелегальных мігрантаў. Падобна, заяў пра фальсыфікацыі вынікаў выбараў не гучала.

У Нью-Ёрку марш пратэсту, арганізаваны суполкай Socialist Advantage, прайшоў па 5-й авэню да хмарачоса Trump Tower, дзе знаходзіўся перадвыбарчы штаб Трампа. Людзі несьлі чырвоныя сьцягі. Заклікі «Трамп, прэч!» перамяжоўваліся з нецэнзурнымі выкрыкамі. У Вашынгтоне ўдзельнікі дэманстрацыі сабраліся ля Белага дома, а затым накіраваліся да гатэлю, адкрытага ў Вашынгтоне некалькі дзён таму кампаніяй Трампа. Многія ўдзельнікі выказвалі асьцярогу, што, прыйшоўшы ў Белы дом, новы прэзыдэнт неадкладна пачне дэпартацыю нелегальных мігрантаў.

У Сіетле падчас акцыі пратэсту гучалі стрэлы, параненыя пяцёра, але, як перадае Reuters заяву паліцыі, страляніна не была зьвязаная з акцыяй, а адбылася ў часе асабістай спрэчкі.

Дэманстрацыя ў Окландзе, Каліфорнія
Дэманстрацыя ў Окландзе, Каліфорнія

Гэтыя дэманстрацыі прайшлі, нягледзячы на заклікі кандыдаткі ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан і прэзыдэнта ЗША Барака Абамы да сваіх прыхільнікаў прызнаць перамогу Трампа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG