Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У закінутай вёсцы 82-гадовы майстра робіць музычныя інструмэнты і марыць пра свабоду


Аляксандар Харкевіч каля сваёй хаты

Аляксандар Харкевіч каля сваёй хаты

У Круглянскім раёне, што на Магілёўшчыне, у вёсцы Ваўканосава майструе музычныя інструмэнты Аляксандар Харкевіч. Яго вырабы выстаўляюцца ў музэях, яны ня раз адзначаліся на фэстывалях і конкурсах.

82-гадовы носьбіт старажытнага рамяства жыве ў абязьлюдзелым паселішчы і марыць, каб яно адрадзілася. Баліць душа ў старога і за навакольнае асяродзьдзе, якое, як ён кажа, забрудзілі. На ягоную думку, беларусам не хапае свабоды, і, калі яна ў іх зьявіцца, тады і заквітнее Беларусь.

Аляксандар Антонавіч сустрэў каля сваёй майстэрні. Доўга вадзіў па яе закутках, паказваючы вырабленае ды апавядаючы пра сябе, сваё захапленьне, а таксама мінулае і сучаснасьць роднага яму Ваўканосава.

Бубнач-самавук з маленства

Цягу да майстраваньня музычных інструмэнтаў ды граньня на іх Аляксандар Харкевіч адчуў яшчэ ў маленстве. Добрым музыкам быў адзін зь ягоных дзядоў. Яму ж самаму дужа падабаліся ўдарныя інструмэнты.

У руках майстра бубен не суняць

У руках майстра бубен не суняць

«У маці добра выходзіла барабаніць. Яна, як і мой дзед, была самавучкай», — прыгадаў стары.

«Малым я ўпадабаў бубны. Спрабаваў змайстраваць іх сабе. У клюбе тады зьбіраліся на вечарынкі, гарманісты мяне падзывалі і казалі: „Ну, падбарабань нам“. Ім лягчэй было іграць. Ды і сам я і пеў, і танцаваў».

«У маёй маладосьці без вечарынак вяскоўцы не абыходзіліся, — сказаў Аляксандар Антонавіч. — Вечарынкі тады ж былі вялікай радасьцю і забаваю. Кожны раз для іх выбіралі новую хату. Прыбіралі яе. Плацілі скрыпачу. А гульні мы ладзілі, якія на гумне — словамі не пераказаць. Цяпер такога ў вёсках няма».

Скарб музыкі Харкевіча

Скарб музыкі Харкевіча

«Я бачу, як ладзяць цяпер тыя ж Купальлі, і параўноўваю іх з нашым, вясковым Купальлем, дык гэта неба і зямля, — дадаў ён. — На цяперашнім Купальлі няма купальскага настрою. Тое, што ладзіцца — гэта імітацыя сьвята, ня болей за тое».

Забаранілі хадзіць у школу за валачобніцтва

Паказваючы свае вырабы. Аляксандар Антонавіч прыгадаў, як яму на два тыдні забаранілі былі наведваць школу, бо выправіўся з прыяцелямі па вёсках валачобнікам.

«Я ведаў шмат валачобных частушак. Хадзілі мы па вёсках. Сьпявалі, ігралі. Сабралі пірагоў, яек. Вось за гэта і адлучылі мяне ад школы. Нехта даклаў начальству. Быў жа я тады камсамольцам».

Беларускі маракас. На вечарынках пра яго ня ведалі, а Харкевіч робіць

Беларускі маракас. На вечарынках пра яго ня ведалі, а Харкевіч робіць

«У школе ўдзельнічаў у тэатральных пастаноўках, — дзеліцца гаспадар музычнай майстэрні. — Ролі мне давалі розных дзівакоў, бо быў хлопцам я дужа эмацыйным. Чытаў на конкурсах байкі. Нават перамог на абласным, але ў рэспубліканскім паўдзельнічаць не давялося — трэба было здаваць экзамэны ў інстытут».

У 1960-х гадах Аляксандар Харкевіч пачаў чытаць літаратуру пра беларускія народныя інструмэнты і масава іх вырабляць.

У майстэрні па скрынках раскладзеныя сьвістулькі, кляшчоткі, трашчоткі, драўляныя лыжкі. Тут жа і нетутэйшыя інструмэнты: маракасы з кастаньнетамі. Яны таксама вырабленыя рукамі Аляксандра Антонавіча. Іх майстар называе ласкава: маракасікі ды кастаньнецікі. На кожным прэзэнтаваным госьцю інструмэнце гаспадар іграў, каб засьведчыць, што яны «рабочыя».

І бяроста ўвосень пяе

І бяроста ўвосень пяе

Свайму рамяству ён спрабаваў навучыць сына ды ўнука, але яны не захацелі.

«Сын мне адказаў: „Ай, тату, у мяне цярпеньня ня хопіць на такую працу“», — з усьмешкай прыгадаў Аляксандар Антонавіч.

Працуючы ў школе, арганізаваў быў гурток, але, пабачыўшы, што дзеці могуць пашкодзіць сябе вострым рыштункам, ад сваёй задумы адмовіўся. «Ды і ў дзятвы не было цярпеньня. Ім хацелася, каб усё рабілася хутка і пажадана само», — адзначыў майстар.

Маслабойка ў беларусаў таксама інструмэнт

Маслабойка ў беларусаў таксама інструмэнт

«А ці ведаеце, якое дрэва лічаць Боскім? — нечакана запытаў журналіста Аляксандар Антонавіч. Убачыўшы зьбянтэжанасьць, гаспадар сам адказаў на сваё пытаньне:

Асіна — Боскае дрэва. Даўней купалы на цэрквах рабілі зь яе. Сам пераконваўся ў гаючых якасьцях гэтага дрэва. Як пойдзеш у лес па грыбы ці ягады з кепскім настроем, дык тады шукай асіну, абдымі яе, пастой ля яе — і сьвет стане іншым. Як будзе магчымасьць, то праверце мае словы. Я пачаў рабіць заколкі ў валасы з асіны. Калі баліць галава, дык трэба закалоць такой валасы і боль сунімецца».

Гаючыя заколкі з асіны

Гаючыя заколкі з асіны

Улюбёны матэрыял майстра — дуб. «Ён дужа добра апрацоўваецца, трывалы і доўга служыць. У мяне загатоўкі ўсякія зь яго. І белы дуб ёсьць, і цёмны», — тлумачыць ён.

Ня толькі музычныя інструмэнты, але і рамы, дзьверы

Вырабляе Аляксандар Антонавіч ня толькі інструмэнты. За сваё жыцьцё ён нямала парабіў аконных рамаў, дзьвярэй да іншых патрэбных у дварах рэчаў.

Майстэрня Аляксандра Харкевіча (справа)

Майстэрня Аляксандра Харкевіча (справа)

«Плачу падатак як рамесьнік, каб да мяне не прыдзіраліся. І як не дапамагчы бабцы, калі яна жыве тут адна? Дзе яна што замовіць? Я і сякеры вастру, косы. Усе ідуць да мяне, і ня толькі тутэйшыя. Мае вырабы па ўсёй Беларусі. Калі б я браў хаця б палову таго, што бярэ дзяржава, дык я сюды чыгунку праклаў бы з Талачына», — заўважае з усьмешкай стары.

Вёскі няма

Ваўканосава даўно без вечарынак ды ігрышчаў моладзі на гумне. Некалі вялікая вёска са школаю і фэрмамі цяпер памірае. Аляксандар Харкевіч адзін зь нямногіх, хто дажывае свой век у амаль абязьлюдзелым паселішчы.

«Людзі пачалі зьяжджаць зь вёскі, як дазволілі, — кажа ён. — Гэта была другая палова 1950-х гадоў. З Ваўканосава толькі ў адну Маскву выехала працэнтаў трыццаць тутэйшага насельніцтва. Неяк мы падлічвалі, дык толькі за адзін год выехалі 139 чалавек. Якое ж было тады ў вёсцы жыцьцё — коней не было, усё рукамі рабілі».

Ваўканосава. Характэрны пэйзаж вёскі

Ваўканосава. Характэрны пэйзаж вёскі

На пытаньне, ці ня сумна старым жыць сярод кінутых хатаў, адказвае:

«Вы ж бачыце, што вёскі ўжо няма. Цяпер трэба чалавеку даплочваць, што ён тут толькі жыве, а нас усяго пазбаўляюць. Была крама — закрылі, быў фэльчарскі пункт — закрылі. Школу разагналі. Дык да чаго ж мы тады ідзём? Такі таленавіты беларускі народ, дык яму трэба даць свабоду, і заквітнее тады Беларусь».

Цагляныя будынкі таксама нікому не патрэбныя

Цагляныя будынкі таксама нікому не патрэбныя

«Як успамінаю маладосьць, дык мне тады думалася, што наперадзе ўсё найлепшае, а цяпер жыць стала надта цяжка, — дадае суразмоўца. — І навакольнае асяродзьдзе забруджана. У нас няма, як раней, у калодзежах чыстай вады. Студні сталі. Лог зарос, а даўней на ім свойская жывёла лячылася — і вэтэрынараў ня трэба было. Ды і лесу цяпер няма, як і самой вёскі».

Раней ня ведалі, што гаворым па-беларуску

Усё жыцьцё Аляксандар Антонавіч пражыў у Ваўканосаве. У ягонай маладосьці гаварылі вяскоўцы па-беларуску, прыгадвае ён:

Кінутыя фэрмы

Кінутыя фэрмы

«Мы тады асабліва не задумваліся, на якой мове гаварылі. Гаворка для нас была зразумелай, а болей нічога і ня трэба было. І ў школах гэтак жа гаварылі. А тое, што яна беларуская, нам жа тады ніхто не казаў».

«Я хацеў бы, каб у Ваўканосаве было болей людзей, але ж вы бачыце, што няма нікога. Я і хату сваю пафарбаваў з сынам, каб весялей было, — на разьвітаньне сказаў стары майстар. — Хацеў бы, каб прырода ачуняла. Непадалёк адсюль быў вір, побач вір. Пойдзеш туды, натопчаш ракаў, рыбіну якую ўловіш. А цяпер у рэчцы рыбіны не пабачыш. Дзе яна цяпер, прыгажосьць беларуская?»

Дарожны ўказальнік з памылкай

Дарожны ўказальнік з памылкай

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG