Кандыдат у прэзыдэнты Францыі Франсуа Фіён заявіў, што эканамічныя санкцыі Эўразьвязу супраць Расеіі неэфэктыўныя, і заклікаў да дыялёгу з Масквой.
Выступаючы 23 студзеня, Фіён таксама выказаў занепакоенасьць тым, што новая адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа можа ўмацаваць сувязі з Расеяй, а Эўразьвяз пры гэтым будзе адсунуты ўбок.
«Я перакананы, што эканамічныя санкцыі зьяўляюцца цалкам неэфэктыўнымі, — заявіў журналістам Фіён пасьля сустрэчы з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель у Бэрліне. — Мы павінны знайсьці іншы спосаб, каб размаўляць».
«Я не хачу, каб Трамп вёў перамовы з Расеяй за наш кошт. Гэта было б згубна для Эўропы, калі б Трамп пайшоў праз нашы галовы, што зусім ня выключана», — сказаў Фіён.
Раней Трамп заявіў, што спадзяецца палепшыць адносіны з Расеяй, якія былі моцна сапсаваныя захопам Масквой Крыму і падтрымкай сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі ён заявіў, што разгледзіць пытаньне паслабленьня або скасаваньня санкцый, уведзеных Злучанымі Штатамі.
Фіён — лідэр на прэзыдэнцкіх выбарах, якія, як чакаецца, адбудуцца ў траўні — заявіў, што з боку Расеі спатрэбіцца нейкі жэст, перш чым санкцыі Эўразьвязу могуць быць адмененыя.
Ён таксама сказаў, што Кіеў робіць недастаткова, каб забясьпечыць спыненьне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, у выніку якога з красавіка 2014 года загінулі 9750 чалавек.