Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Варшаве пачынаецца саміт НАТО, галоўная тэма — папярэджаньне магчымай расейскай агрэсіі


8–9 чэрвеня ў Варшаве адбудзецца сустрэча кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў урадаў краін-удзельніц Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Дэлегацыі з 54 краін і 11 міжнародных арганізацыяў сустракаюцца ў Варшаве на саміце NATO. Сумарна – 18 прэзыдэнтаў, 21 старшыня ўраду, 41 міністар замежных справаў і 39 міністраў абароны. Лідэры краінаў-удзельніц будуць размаўляць ня толькі ў межах саміту: у Варшаве маюць адбыцца і двухбаковыя сустрэчы.

Сярод гасьцей саміту Барак Абама, Ангела Мэркель, Дэвід Кемэран, Франсуа Алянд, Ільхам Аліеў і Сэрж Саргсян, Пятро Парашэнка і кароль Іярданіі Абдала. Абама правядзе размовы зь лідэрамі Эўракамісіі і Эўрапейскай рады, а таксама прэзыдэнтам Польшчы.​

На саміце абмяркуюць шэраг важных тэмаў. У прыватнасьці тых, якія датычаць падзеяў ва Ўкраіне і ваеннай пагрозы з боку Расеі. На саміце ў Польшчы плянуецца абʼявіць пра апэратыўную гатоўнасьць сыстэмы супрацьракетнай абароны альянсу.

Абмяркоўваецца таксама магчымае пашырэньне альянсу. Гаворка вядзецца пра далучэньне чатырох краін-кандыдатаў: Босьніі і Герцагавіны, Македоніі, Чарнагорыі і Грузіі.

Іншымі тэмамі для абмеркаваньня будуць падзеі на Блізкім Усходзе, у прыватнасьці, барацьба зь міжнародным тэрарызмам. Мярукецца, што кіраўнікі Армэніі і Азэрбайджану могуць абмеркаваць канфлікт у Нагорным Карабаху.

Папярэдні саміт НАТО адбыўся ў 2014 годзе ва Ўэльсе.

Беларускія экспэрты: Пасьля саміту ўзмацніцца ціск Расеі на Беларусь наконт авіябазы

Старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў лічыць, што чаканае павялічэньне сілаў НАТО ў Польшчы і краінах Балтыі — гэта моцны палітычны крок.

Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

«Калі ўсё пойдзе з плянам, гэта будуць вельмі невялікія кантынгенты — гэта ўзровень батальёну ў кожнай краіне (то бок недзе 800-1000 жаўнераў) на ратацыйнай аснове. Гэта азначае, што НАТО, прынамсі на цяперашнім этапе, ня хоча ісьці на парушэньне ўмоў акту з Расеяй, падпісанага яшчэ ў 1997 годзе, які забараняе высоўваць натаўскую пастаянную інфраструктуру да расейскіх межаў. То бок пэўным чынам гэта нейкі кампрамісны варыянт, які асноў узаемаадносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй не падрывае. Але зь іншага боку гэта вельмі моцны палітычны крок, гэта моцны сыгнал аб тым, што НАТО хоча стрымліваць Расею», — кажа ён.

Мельянцоў мяркуе, што Расея нейкім чынам мусіць на гэта адказваць — і вайсковымі мэтадамі, і палітычнымі. Гэта небясьпечна і для Беларусі.

«Тут для Беларусі ёсьць такая небясьпека, што ўзмоцніцца ціск з боку Масквы наконт таго, каб разьмясьціць у Беларусі і авіябазу (хутчэй за ўсё будзе новы віток гэтага прэсінгу), і магчыма гаворка пойдзе пра наземныя сілы, каб прадэманстраваць што ў Расеі ёсьць саюзьнік і яна гатова таксама мілітарызаваць гэты рэгіён. Ну і хутчэй за ўсё зноў узьнікне пытаньне пра тое, што будуць разьмешчаны расейскія тактычныя ракеты ў Калінінградзкай вобласьці, але гэта ўжо Беларусі ня вельмі датычыць», — адзначае ён.

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

Кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў згодны з тым, што Расея пасьля саміту НАТО можа пачаць новы віток ціску на Беларусь наконт разьмяшчэньня яе ваенных баз.

«Для нас праблема ня ў тым, што НАТО нарошчвае сваю прысутнасьць, а ў тым, як на гэта рэагуе Расея. Як паказвае практыка апошніх двух гадоў, Расея імкнецца ўцягнуць у сваё супрацьстаяньне з Захадам таксама іншыя постсавецкія краіны. Яна спрабавала АДКБ уцягнуць, зрабіўшы яго такой своеасаблівай рэінкарнацыяй Варшаўскай дамовы, але пакуль у іх нічога не выходзіць. Паглядзім, як будзе далей».

Украінскі экспэрт: НАТО мае гаварыць з Расеяй з пазыцыі сілы

Дырэктар праграм зьнешняй палітыкі і міжнароднай бясьпекі Цэнтру Разумкова Аляксей Мельнік лічыць, што «сюрпрызаў і экспромтаў ад саміту НАТО ў Варшаве чакаць ня варта», а таму будуць гаварыць пра далейшае разьвіцьцё двух ключавых напрамкаў стратэгіі альянсу ў дачыненьні да Расеі, а менавіта «стрымліваньня» і «дыялёг».

Аляксей Мельнік

Аляксей Мельнік

«Палітыка стрымліваньня прыйшла на зьмену партнэрству. Пры гэтым будуць рабіцца далейшыя спробы падтрымкі каналаў дыялёгу як спосабу захаваньня магчымага ўзроўню ўзаемнага даверу бакоў, папярэджаньня нарастаньня канфрантацыі», — сьцьвярджае экспэрт.

Аляксей Мельнік заўважае, што ўкраінская тэрыторыя стала палігонам для вядзеньня апасродкаванай вайны паміж Расеяй і Захадам:

«На жаль, Украіна апынулася ў становішчы „буфэрнай зоны“ паміж Расеяй і НАТО, і адным з элемэнтаў расейскай агрэсіі стала проксі-вайна Расеі з НАТО і ЗША як асноўным супернікам. Адпаведна, захоўваецца пагроза выкарыстаньня Расеяй украінскай тэрыторыі як палігону для дэманстрацыі сілы і агрэсіўных намераў у дачыненьні да НАТО, ЗША, Эўропы, Захаду».

Экспэрт лічыць, што ад балянсу паміж дзеяньнямі НАТО па стрымліваньні і наладжваньні дыялёгу з Расіяй шмат у чым будуць залежаць жаданьне і магчымасьць рэалізацыі плянаў крамлёўскіх стратэгаў.

Ён падкрэсьліў, што дыялёг з расейскімі ўладамі сёньня магчымы толькі з пазыцыі сілы.

«Лягічна чакаць таго, што альянс і далей будзе нарошчваць намаганьні для аказаньня дапамогі Ўкраіне, асабліва ў сфэры абароннай рэформы. Магчыма, будуць нейкія новыя ініцыятывы аб наданьні Ўкраіне ня толькі кансультатыўнай, фінансавай і тэхнічнай дапамогі, але і абарончага ўзбраеньня асобнымі краінамі. У любым разе будучы саміт НАТО ў Варшаве павінен стаць неардынарнай падзеяй. Выніковыя рашэньні саміту будуць мець доўгатэрміновыя наступствы для рэгіянальнай і глябальнай бясьпекі. Задача Ўкраіны — зрабіць усё магчымае, каб у гэтых рашэньнях прама ці ўскосна адбіваліся нашы інтарэсы, а таксама максымальна эфэктыўна выкарыстоўваць іх пры далейшым супрацоўніцтве з альянсам, адстойваючы ўласныя інтарэсы з максымальна магчымым разуменьнем і ўлікам інтарэсаў партнэраў».

На саміце ў Варшаве будзе прысутнічаць прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Ён сустрэнецца зь лідэрамі ЗША і ключавых краін Эўразьвязу — Нямеччыны, Францыі, Вялікабрытаніі і Італіі.

Польскі экспэрт: Трэба ўпэўніцца, што НАТО будзе прысутнічаць у Польшчы і Балтыі

Kazimierz Woycicki

Kazimierz Woycicki

Самае істотнае для польскага боку ў саміце НАТО — пацьвердзіць гатоўнасьць Паўночна-атлянтычнага альянсу дапамагчы краінам Цэнтральнай Эўропы і Балтыі ў выпадку агрэсіі з боку Расеі. Пра гэта Свабодзе сказаў Казімеж Вуйціцкі, дырэктар Акадэміі Эўрапейскай-Кшыжовай.

«Для Польшчы важна ўпэўніцца, што НАТО будзе беспасярэдне прысутнічаць у Польшчы і ў краінах Балтыі», — сказаў Вуйніцкі.

Таксама, паводле словаў экспэрта, польская супольнасьць чакае на тое, што патэнцыйная расейская агрэсія будзе аднолькава трактавацца і ў Заходняй, і Цэнтральнай Эўропе.

Акрамя таго, для Польшчы важна, каб НАТО праводзіла ў дачыненьні да Расеі палітыку запалохваньня. Рэч у тым, што працяглыя перамовы, якія альянс вядзе з Расеяй, толькі заахвочваюць Пуціна да новых агрэсіўных крокаў, лічыць Вуйціцкі.

«Я ня маю падрабязных дасьледаваньняў на гэтую тэму, але што паводзіны Расеі ў Польшчы ўспрымаюць як небясьпеку — гэта відавочна, — сказаў экспэрт. — Такія настроі вынікаюць з актуальнага стану рэчаў на ўсходзе Ўкраіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG