Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць пра саміт НАТО ў Варшаве


Польскія дэсантнікі непадалёк ад Торуні падчас вучэньняў НАТО ў чэрвені 2016 году.
Польскія дэсантнікі непадалёк ад Торуні падчас вучэньняў НАТО ў чэрвені 2016 году.

Па словах афіцыйных прадстаўнікоў альянсу, наступствы рашэньняў, прынятых 8-9 ліпеня ў польскай сталіцы, будуць адчувацца на працягу будучых дзесяцігодзьдзяў.

Варшава шмат у чым стане працягам Валіі (Уэльсу). Два гады таму НАТО працавала ў рэжыме надзвычайнай сытуацыі. Цяпер альянс рыхтуецца да працяглага і напружаных канфлікту.

Два гады таму Атлянтычны саюз вярнуўся да сваіх вытокаў. Асноўным прызначэньнем арганізацыі зноў стала абарона сваіх сяброў. Цяпер НАТО мэтадычна робіць крокі, неабходныя для стрымліваньня рэваншысцкай Расеі.

Мінулым разам сустрэча кіраўнікоў краін-членаў НАТО адбылася ў Ньюпорце, у Валіі, у верасьні 2014 году. Усяго за некалькі месяцаў да саміту разгарэўся канфлікт на ўсходзе Ўкраіны, і быў анэксаваны Крым. Агрэсіўная пазыцыя Расеі ў дачыненьні да Захаду тады толькі фармавалася. Словазлучэньне «гібрыдная вайна» было новым і яшчэ не зусім зразумелым.

У той час як на саміце ў Валіі 2014 году прымаліся неадкладныя меры, абумоўленыя крызісам, задачай цяперашняга саміту ў Варшаве стане стварэньне трывалых і стабільных структур, прызначаных для доўгатэрміновага супрацьстаяньня з Масквой.

Па словах афіцыйных прадстаўнікоў альянсу, наступствы рашэньняў, прынятых 8-9 ліпеня ў польскай сталіцы, будуць адчувацца на працягу будучых дзесяцігодзьдзяў.

«Мы сталі сьведкамі цэлага мора зьмен, якія адбыліся ў сфэры бясьпекі, і для таго, каб прымаць належныя меры, мы пераарыентуем сыстэму бясьпекі Захаду. Гэта пакладзе пачатак новай эры», — заявіў у сваёй прамове ў траўні прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвэс.

Акрамя таго, саміт адкрываецца ў надзвычай эмацыйна насычанай атмасфэры, выкліканай Брэкзітам — галасаваньнем Вялікабрытаніі па выхадзе з Эўразьвязу.

Такім чынам, чаго варта чакаць ад варшаўскага саміту?

На Ўсходнім фронце

Несумненна, дамінуючай тэмай саміту стане стрымліваньне Расеі і гарантыя бясьпекі дзяржаў-членаў НАТО, якія мяжуюць з Расеяй.

«Сьвет, бясьпека і стабільнасьць дэмакратыі ў Эўропе перасталі быць дадзенасьцю, і лідэрам НАТО неабходна супрацьстаяць гэтай суровай рэчаіснасьці», — заявілі ў нядаўнім дакладзе для «Atlantic Council» былы паўнамоцны прадстаўнік ЗША ў НАТО Нікалас Бэрнс і былы галоўнакамандуючы войскаў НАТО ў Эўропе Джэймс Джонс.

Два гады таму ў Валіі было вырашана стварыць новыя ваенныя базы ў Эстоніі, Латвіі, Літве, Польшчы і Румыніі а таксама сфарміраваць сілы звышхуткага рэагаваньня, здольныя ў двухдзённы тэрмін прыйсьці на дапамогу краінам-сябрам НАТО, якія апынуліся ў небясьпецы.

Чакаецца, што для далейшага ўмацаваньня ўсходніх флянгаў, у Варшаве будзе прынята рашэньне разьмясьціць чатыры баявых батальёна па 1000 салдат у Эстоніі, Латвіі, Літве і Польшчы. ЗША, Вялікабрытанія і Нямеччына пагадзіліся ўзяць на сябе камандаваньне адным з батальёнаў. Хто возьме на сябе камандаваньне чацьвёртым батальёнам — пакуль ня вырашана, аднак, па словах прадстаўнікоў НАТО, найбольш верагодным кандыдатам на гэтую ролю бачыцца Канада.

Узначалены ЗША батальён будзе, верагодна, разьмяшчацца ў Польшчы, хутчэй за ўсё, у непасрэднай блізкасьці ад так званага «Сувальскага калідору» — стокілямэтровага ўчастку польскай і літоўскай межаў, заціснутага паміж Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю Расеі.

Вайсковыя стратэгі асьцерагаюцца, што ў выпадку канфлікту Расея захопіць калідор, адрэзаўшы такім чынам краіны Балтыі ад краін альянсу.

Батальён пад кіраўніцтвам Нямеччыны, як чакаецца, будзе разьмешчаны ў Літве, узначалены Вялікабрытаніяй батальён будзе дысьлякаваны ў Эстоніі, а чацьвёрты — у Латвіі.

Акрамя таго, Вашынгтон даў згоду на разьмяшчэньне цяжкай брыгады з 3500 байцоў для супрацоўніцтва як з Балтыйскім рэгіёнам, так і з Баўгарыяй і Румыніяй, дзе цяпер пашыраецца ключавая вайсковая база для выкарыстаньня ЗША ў якасьці навучальнага цэнтра.

У чэрвені генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс мае намер разгледзець прапанову Румыніі разьмясьціць на яе тэрыторыі шматнацыянальную брыгаду з 3000-5000 байцоў, якая зоймецца каардынацыяй вучэньняў і будзе адыгрываць стрымліваючую ролю.

«Гаворка ня йдзе пра ваенныя фарміраваньні, — тлумачыць старэйшы навуковы супрацоўнік чэскага Інстытуту міжнародных адносін Марк Галеоці. — У выпадку апакаліптычнай вайны з Расеяй, тысяча салдат тут і тысяча там будуць ня здольныя пераадолець напор, незалежна ад узроўню іх падрыхтоўкі і ўзбраеньня. Яны зьяўляюцца палітычнымі маркэрамі. Яны нібыта кажуць: „Калі вы ідзяце на гэтую краіну, вы будзеце забіваць ня толькі эстонцаў і латышоў, але і амэрыканцаў і немцаў“. Гэта вельмі важна».

Неабароненасьць з поўначы

Але што, калі палітыка стрымліваньня не спрацуе?

На думку вайсковых аналітыкаў, балтыйскія дзяржавы з-за свайго геаграфічнага становішча вельмі ўразьлівыя ў выпадку расейскага наступу, нягледзячы на значную прысутнасьць наземных сіл НАТО.

Грунтуючыся на выніках ваеннай гульні, амэрыканскі дасьледчы інстытут RAND Corporation прыйшоў да высновы, што для таго, «каб прадухіліць хуткі захоп краін Балтыі», НАТО неабходныя сем брыгад, у тым ліку тры брыгады цяжкай бронетэхнікі, «адпаведная падтрымка з боку авіяцыі і наземная падтрымка, а таксама гатоўнасьць уступіць у бой у момант пачатку ваенных дзеяньняў».

Але нават гэтага «недастаткова для таго, каб забясьпечыць пастаянную абарону рэгіёну або для аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці краін-членаў НАТО».

Менавіта таму, на думку аналітыкаў, НАТО ўсё больш разьлічвае на партнэрства і саюзьніцтва зь Фінляндыяй і Швэцыяй, якія не зьяўляюцца чальцамі альянсу.

«Бяз фінскай і швэдзкай дапамогі, НАТО давядзецца нялёгка ў абароне краін Балтыі ад рашучага нападу Расеі», — напісаў нядаўна аўтар кнігі «Новая халодная вайна» Эдвард Лукас. Калі Фінляндыя і Швэцыя зоймуць бок НАТО, расстаноўка сіл істотна зьменіцца.

Ніводная з гэтых гістарычна нэўтральных дзяржаў пакуль не гатовая далучыцца да альянсу, аднак падтрымка ў гэтым кірунку расьце, асабліва ў Швэцыі. Абедзьве дзяржавы сёлета ініцыявалі дасьледаваньне па ўступленьні ў НАТО. У траўні парлямэнт Швэцыі ратыфікаваў пагадненьне аб супрацоўніцтве з НАТО, якое адкрывае альянсу доступ да сваёй тэрыторыі для правядзеньня вучэньняў, а таксама ў выпадку вайны ці іншага крызісу. Гэтым летам міністры замежных спраў і абароны Швэцыі і Фінляндыі нароўні са сваімі калегамі з 28 краін-членаў НАТО прынялі ўдзел у саміце ў Брусэлі. Гэта першая сустрэча ў падобным фармаце. Згодна з афіцыйнымі прадстаўнікамі НАТО, супрацоўніцтва ў фармаце «28+2» працягнецца ў будучыні.

Дыскамфорт на поўдні

Анэксія Крыму Расеяй і далейшая мілітарызацыя паўвострава прымушаюць НАТО зьвярнуць увагу на поўдзень, асабліва на Чорнае мора, якое паводле выразу прэзыдэнта Турцыі Эрдагана, рызыкуе ператварыцца ў «рускае возера».

«Уварваньнем ва Ўкраіну і анэксіяй Крыму прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зьмяніў сытуацыю зь бясьпекай вакол Чорнага мора», — напісаў нядаўна старшы навуковы супрацоўнік Амэрыканскай рады па зьнешняй палітыцы Стывен Блянк.

У якасьці адпору Румынія мае намер прапанаваць у Варшаве стварэньне пастаяннага шматнацыянальнага марскога патруля на Чорным моры. У чэрвені, выступаючы на прэс-канфэрэнцыі, Столтэнбэрг заявіў, што гэтае пытаньне будзе разглядацца на саміце ў сувязі са «значным ростам расейскай вайсковай прысутнасьці ў Крыме».

Аднак намер стварыць чарнаморскі флёт НАТО выклікае рознагалосьсі.

Прэм’ер-міністар Баўгарыі Бойка Барысаў адназначна даў зразумець, што яго краіна супраць падобнай ініцыятывы і адмаўляецца браць у ёй удзел. На прэс-канфэрэнцыі ў чэрвені Барысаў заявіў, што падобныя дзеяньні «ператвораць Чорнае мора ў ваенную тэрыторыю», і што ён «аддае перавагу круізным яхтам перад ваеннымі караблямі».

З-за нязгоды Баўгарыі гэтая праблема, хутчэй за ўсё, будзе найбольш горача абмяркоўвацца ў Варшаве.

У кібэрпрасторы

Працягваючы пачатае ў Валіі, НАТО, па словах прадстаўніка альянсу, мае намер зьвярнуць асаблівую ўвагу на бітвы, якія разгортваюцца ў кібэрпрасторы.

«На нашым папярэднім саміце мы адназначна заявілі, што кібэрабарона зьяўляецца адной з асноўных задач калектыўнай бясьпекі НАТО, што міжнароднае права распаўсюджваецца і на кібэрпрастору, — заявіў высокапастаўлены чыноўнік НАТО. — У Варшаве мы пойдзем далей і прызнаем кібэрпрастору такой жа рабочай прасторай, як паветра, мора і зямля».

Дадзеная клясыфікацыя, па словах чыноўніка, дасьць НАТО магчымасьць больш эфэктыўна выкарыстоўваць свае рэсурсы. Кібэрабарона будзе інтэграваная ў ваенныя вучэньні а таксама будзе прымяняцца ва ўмовах крызісу.

У нядаўнія гады цэлямі расейскіх кібэратак былі француская тэлекампанія, нямецкі вытворца сталі, польская фондавая біржа, Белы дом, Палата прадстаўнікоў ЗША, Дзярждэпартамэнт ЗША і газэта The New York Times.

Акрамя таго, у Варшаве чакаецца афіцыйнае зацьвярджэньне комплекснага пакету дапамогі Ўкраіне, узгодненага ў чэрвені.

Аднак у агляднай будучыні пашырэньня блёку не прадбачыцца. Выключэньне складае Чарнагорыя, якая падпісала ў траўні пратакол аб уступленьні ў НАТО. Чарнагорыя прыме ўдзел у варшаўскім саміце ў якасьці назіральніка. Чакаецца, што краіна далучыцца да альянсу ў наступным годзе.

«Афіцыйная „палітыка адчыненых дзьвярэй“ па пашырэньні альянсу застаецца ў сіле, аднак цяжка ўявіць якім чынам у НАТО ўступяць такія патэнцыйныя кандыдаты як Грузія, Малдова ці Ўкраіна», — напісаў нядаўна былы намесьнік вярхоўнага галоўнакамандуючага сіл НАТО ў Эўропе Джон Макол.

Браян Уітмар

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG